Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
lekc2.doc
Скачиваний:
46
Добавлен:
10.11.2019
Размер:
1.89 Mб
Скачать

Статут Вялiкага княства Лiтоўскага 1588 г. – выдатны помнiк прававой думкi

Статуты 1529 i 1566 гг. дзейнiчалi параўнальна нядоўга. Яны сталi своеасаблiвым апрабаваннем найбольш выдатнага зводу законаў – Статута 1588 г. Гэта – зусiм не перавыданне I i II Статутаў, як можа здавацца. Новая кадыфiкацыя, нарадзiўшыся ў вострай дыпламатычнай барацьбе з больш моцным заходнiм суседам, каштавала вялiзных намаганняў лепшых людзей краiны.

Ужо на Люблiнскiм сойме 1569 г. было пастаноўлена стварыць спецыяльную камiсiю, якая б занялася перапрацоўкай Статута 1566 г. адпаведна з пактамі Люблiнскай унii i новым становiшчам ВКЛ. У склад камiсii ўвайшлi выбраныя на тым сойме асобы: ад Рады – Валерыян Пратасевiч, вiленскi бiскуп, жамойцкi кашталян Мэльхiор Шэмет, "доктар абодвух правоў", вiленскi войт Аўгусцін Ратундус; ад шляхты ў камiсiю ўвайшлi па аднаму прадстаўнiку ад кожнага ваяводства ВКЛ і два земскiя пiсары.

Камiсiя працавала ў Вiльнi. На ўтрыманне дэпутатаў быў вызначаны асобы падатак, якi плацiлi падданыя ВКЛ. Склад камiсii не быў увесь час пастаянны: некаторыя яе члены памiралi, iншыя звальнялiся. Паводле рашэння Люблiнскага сойма, камiсiя павiнна была не толькi змянiць або зусiм выкраслiць супярэчныя з пактамi Люблiнскай унii артыкулы, але i ўзгаднiць правы ВКЛ i Польшчы. Апрацаваны такiм чынам Статут павiнен быў зацвярджацца супольным соймам.

Работа камiсii ішла вельмi павольна. Падрыхтаваны ёю праект абмяркоўвалi на пасяджэннях Рады, на павятовых соймiках, на агульных з'ездах у 1582 i 1584 гг., склiканых Баторыем. Канчатковае рэдагаванне тэксту праводзiлася А. Валовiчам i Л. Сапегам у вялікакняжацкай кан­цылярыi. Менавiта яны – высокаадукаваныя людзi еўрапейскага светапогляду, выдатныя знаўцы права і старабеларускай мовы – цi не найбольш паўплывалi на гу­ма­нiстычную накiраванасць Статута, па-майстэрску дакладна пе­ра­далi ўсе прававыя паняццi.

У 1584 г. Статут быў гатовы, але паколькі ён ігнараваў акт Люблінскай уніі, Польшча не згаджалася зацвердзіць яго на агульным сойме Рэчы Паспалітай.

Зацвярджэнне Статута адбылося пры незвычайных абставiнах. Скарыстаўшы барацьбу за прастол у Рэчы Паспалiтай памiж Жыгiмонтам ІІІ i Максiмiлiянам i першымi даведаўшыся пра перамогу прыхiльнiкаў Жыгiмонта, прадстаўнiкi ВКЛ пра­па­на­валi яму падтрымку, калi ён зацвердзiць Статут. Той згадзiўся. 28 студзеня 1588 г. сваёй граматай ён зацвердзiў Статут без згоды супольнага сойма, як таго вымагала унiя, i абавязаўся "права, вольности и свободы их не только цело и непорушно держати, але што бы наболей примножати, справедливость и оборону чынити. Статут Великого князьства Литовского новоправленый сим привильем нашим ствержаем и всим станом Великого князьства Литовского ко уживанью на вси потомные часы выдаем. Водле которого вже якосмы сами, господар, так и вси станы, обыватели Великого князьства Литовского, заховатися маем". Летам гэтага ж года падканцлер Сапега выдаў у Вiльнi гэты заканадаўчы звод уласным коштам i разаслаў у мясцовыя суды ўсiх ваяводстваў дзяржавы.

Па ступенi дасканаласцi гэты звод не меў роўнага ва ўсёй еўрапейскай юрыдычнай думцы таго часу. З'яўляючыся адным з першых прававых кодэксаў у Еўропе, ён быў настолькi дасканалым, што больш за два з паловай стагоддзі вызначаў усе бакi жыцця ВКЛ i захоўваў сiлу закону нават у XIX ст. – дзейнiчаў пасля далучэння Беларусi да Расii ў Вiцебскай i Магiлёўскай губернях да 1831 г., а ў Мінскай, Вiленскай i Гарадзенскай – да 1840 г.

ІІІ Статут 1588 г. аказаў значны ўплыў на развіццё права Расіі, Польшчы, Украіны, Латвіі і Эстоніі. Вядомы палітычны дзеяч Рэчы Паспалітай Г. Калантай на сойме 1791 г. так ахарактарызаваў яго: "Я кажу пра тую кнігу, аб якой нельга ўспомніць без вялікага захаплення… Статут робіць павагу чалавечаму розуму…, складзены так разумна, асабліва ў адносінах відаў пакарання, што яго можна лічыць самай дасканалай кнігай законаў ва ўсёй Еўропе".

Гэта рэдакцыя Статута атрымала прызнанне i вялiкую папулярнасць ва ўсiм свеце, бо на тыя часы нiчога падобнага нi ў адной краiне яшчэ не было. Неўзабаве яго перакладаюць на многiя мовы i карыстаюцца ў розных краiнах як сваiм. Польскiя шляхецкiя суды карысталiся III Статутам як дапаможным правам, а рэдакцыйная камiсiя расiйскага кодэкса, вядомага пад назваю Укладання 1649 г., брала беларуска-лiтоўскi законнiк як крынiцу для вып­рацоўкi сваiх пастаноў. На палях арыгiнала Укладання Аляксея Мiхайлавiча насупраць 56 артыкулаў былi знойдзены надпiсы "з Лiтоўскага". Iншыя даследчыкi налiчвалi 172 такiя артыкулы, зна­ходзiлi цэлыя раздзелы расiйскага кодэкса, што ўяўлялi лiтаральны пераклад або пераказ III Статута.

Статут складаўся з 14 раздзелаў i 487 артыкулаў, якiя ўключалi нормы дзяржаўнага, адмiнiстрацыйнага, ваеннага, судова-працэсуальнага, грамадзянскага, сямейнага i апякунскага, спадчыннага i зямельнага, крымiнальнага права. У аснову сістэматызацыі норм Статута пакладзены новыя, характэрныя для пераходнага перыяду ад сярэднявечча да новага часу прынцыпы: абмежаванне ўлады гасудара; падзел улады на заканадаўчую, выканаўчую і судовую; абвяшчэнне насуперак сярэднявечнаму царкоўнаму касмапалітызму захавання дзяржаўнага суверэнітэту; усе нормы Статута прасякнуты ідэяй усталявання прававой дзяржавы.

Гэта своеасаблiвая канстытуцыя, што з'явiлася ў феадальную эпоху, не страцiла сваёй каштоўнасцi i сёння. Статут – не толькi крыніца для вывучэння прававой культуры i юрыдычнай думкi еўрапейскага феадальнага грамадства, але i выдатны помнiк беларускага пiсьмовага слова. У iм было заканадаўча зафiксавана, што дзяржаўнай мовай на ўсёй тэрыторыi ВКЛ з'яўляецца беларуская, якая ў Рэчы Паспалiтай называлася рускай мовай. "А писар земский, гаварылася ў Статуце, – мает по-руску литерами и словыми рускими вси листы, выписы... писати, а не иным языком и словы".

Гэта феадальная канстытуцыя i сёння даволi дасканалая, напрыклад, у адносiнах да аховы прыроды i нават абароны правоў чалавека. Так, ужо тады забаранялася ўзворваць землi па берагах рэк i азёр, паляваць у мiжсезонне на звяроў i птушак, разбураць пчалiныя борцi. Адным з першых у Еўропе III Статут браў пад дзяржаўную ахову прыроду, рэгламентаваў карыстанне зямлёй i лесам, рэкамi i азёрамi.

Законы таго часу – простыя i зразумелыя, напоўненыя глыбокім сэнсам i ўжо нiяк не дапускаюць множнасцi тлумачэнняў: "Не можа быць асуджаны невiнаваты", "Бацька не адказвае за вiну сына, а сын не адказвае за вiну бацькi". Характэрны i такi зварот аўтараў Статута: "... народу сорамна права свайго не ведаць, асаблiва нам, якiя не чужой якой мовай, але сваёй уласнай правы пiсаныя маем i ў кожны час, што нам неабходна для адбiцця ўсякай крыўды, можам ведаць".

Ужо ва ўступе да Статута Л. Сапега сфармуляваў галоўную iдэю прававой дзяржавы, да якой i сёння iмкнецца наша рэспублiка: вяршэнства закону над любой уладай. Нават каралю тут прыгадваецца, што ўлада яго выбарная, добраахвотна прынятая i зацверджаная воляй ВКЛ, i ён абавязаны строга прытрымлiвацца законаў, не выходзячы за рамкi дапушчальнага.

Статут заканадаўча замацаваў суверэнiтэт ВКЛ насуперак акту Люблiнскай унii, гарантаваў эканамiчную, палiтычную i культурную незалежнасць дзяржавы. Паказальна і тое, што нiводным словам новы закон наогул не прыгадваў Люблiнскай унii, як маўчаў i пра тое, што вярхоўным уладаром княства павiнен быць польскi кароль, што вышэйшым органам заканадаўчай улады ў федэрацыi лiчыўся агульны сойм у Кароне. Наадварот, III Статут адназначна сцвярджаў, што важнейшыя знешнепалiтычныя пытаннi (абвяшчэнне вайны, склi­канне паспалiтага рушэння i iнш.) меў права вырашаць толькi вальны сойм княства. Нават дзеля таго, каб правесцi польскiя ўзброеныя сiлы праз тэрыторыю ВКЛ, патрабаваўся дазвол Рады i вялiкага князя. Палякi, дарма што сябры i суседзi, у тэксце фiгуравалi як чужаземцы. Каб забяспечыць незалежнасць свайго войска i канцы­лярыi ад Польшчы, Статут пакiдаў права на гетманскiя, ваяводскiя i iншыя камандзiрскiя чыны найбольш значным феадалам мясцовага паходжання. Дэклараванае актам Люблiнскай унii раўнапраўе палякаў i грамадзян ВКЛ на тэрыторыi ўсёй федэрацыi такiм чынам касавалася. Статут адмяняў прынцыповы для польскага боку пункт пастановы Люблiнскага сойма аб набыццi зямельнай уласнасцi ў межах княства. Пасля ўвядзення ў дзеянне Статута польская шляхта не мела юрыдычнага права набываць землi i займаць дзяржаўныя пасады ў ВКЛ: усё гэта можна было даваць "толькi Лiтве, Русi, Жмудзi, родзiчам старажытным i ўраджэнцам Вялiкага княства Лiтоўскага i тых зямель, таму Вялiкаму княству прыналежачых". Гэты артыкул Статута, а таксама другi, які заканадаўча пацвярджаў дзяржаўнасць беларускай мовы, стрымлiвалi працэс апалячвання беларусаў, які распачаўся ўжо ў другой палове XVI ст.

Новы кодэкс не прызнаваў i ранейшых тэрытарыяльных страт на карысць польскай цi якой iншай дзяржавы, а, наадварот, абавязваў гасудара захоўваць недатыкальнасць тэрыторыi ВКЛ, а раней страчаныя землi – вяртаць. Ніводным артыкулам ён не абмяжоўваў суверэнітэт дзяржавы.

Хоць Статут і не касаваў пастаноў Люблiнскага сойма адкрыта, ён быў складзены так, быццам акта 1569 г. не iснавала. Нездарма ў Польшчы шмат якiя павятовыя соймiкi запатрабавалi скасаваць гэты кодэкс як накiраваны супраць унii.

Што да ўнутранага жыцця краiны, то i тут Статут у параўнаннi з ранейшымi кадыфiкацыямi быў вялiкiм крокам наперад. Сабраныя ў iм нормы права адпавядалi iдэям еўрапейскага Адраджэння, вызначалiся гуманiзмам. Так, новы кодэкс упершыню прызначаў смяротнае пакаранне за забойства простага чалавека, незалежна ад сацыяльнай прыналежнасцi ахвяры i забойцы; абвяшчаў прынцып iндывiдуальнай адказнасцi за злачынства; уводзiў прэзумпцыю невiнаватасцi; вызваляў ад крымiнальнай адказнасцi непаў­налетнiх да 16 гадоў; рашуча абмяжоўваў нявольнiцтва i патрабаваў адмены самога слова "нявольнiк" як ганебнага для чалавека. Статут узмацняў прынцып абавязковасцi выпрацаванай сiстэмы права для ўсяго насельнiцтва краiны i нават для чужаземцаў, калi тыя траплялi на тэрыторыю княства.

Выключна важным было абвяшчэнне рэлiгiйнай талерантнасцi, што мела на мэце паслабiць нарастаючыя канфесiйныя супя­рэчнасцi. Ва ўводзiнах да збору законаў гаварылася, што правы i прывiлеi ў дзяржаве даюцца ўсiм феадалам незалежна ад iх веравызнання, а ў адным з артыкулаў вялiкi князь абяцаў "покой посполитый межы розорваными и розными людьми в вере и набоженстве заховывать". Статут браў пад ахову некаталiцкiя храмы, касаваў абвiнавачванне ў ерасi як падставу дзеля пазбаўлення спадчыны.

У Статуце прапаведавалiся паважлiвыя адносiны да жанчын. Напрыклад, устанаўлiвалася двайное пакаранне за злачынства, якое здзейснена ў адносiнах да жанчыны.

Статутавыя нормы замацоўвалi феадальны грамадскi лад жыцця. У iм выразна выявiлiся сацыяльныя адносiны памiж феадаламi i залежнымi сялянамi, адносiны залежнасцi дробнай шляхты ад буйных землеўласнiкаў.

Так, у Статуце абвяшчаецца фармальная роўнасць усiх перад законам, усе павiнны судзiцца "тым одным правом писаным", хоць сам закон не быў роўным для ўсiх. У iм гаворыцца аб праве простых людзей нароўнi з феадаламi ўдзельнiчаць у выбраннi вялiкага князя, хоць на справе ўдзел сялян у палiтычным жыццi абмяжоўваўся валаснымi справамi. Сялянам адмаўлялi ў праве ўласнасцi на зямлю, iм забаранялася набываць ва ўласнасць маёнткi i землi. Уласнiкам усiх сялянскiх зямель прызнаваўся толькi феадал або феадальная дзяржава. Феадальна залежны чалавек не мог без дазволу свайго гаспадара змянiць месцажыхарства або пайсцi да другога феадала. Самай бяспраўнай часткай насельнiцтва была чэлядзь i палонныя, якiя знаходзiлiся на становiшчы рабоў. Статут завяршыў юрыдычнае афармленне прыгоннага права на Беларусi.

У феадальнай дзяржаве ўсе гэтыя прагрэсiўныя для свайго часу iдэi i прынцыпы фактычна толькi дэкларавалiся i рэальна нiчым не замацоўвалiся. Але ўжо тое, што яны былi ўведзены ў асноўны закон дзяржавы, мела выключна прагрэсiўнае значэнне. Нават ацэньваючы Статут з сучасных пазiцый, мы адзначаем яго сапраўдную гiста­рычную каштоўнасць. Такія яго галоўныя прынцыпы, як прэзумпцыя невiнаватасцi, дзяржаўны i нацыянальна-культурны суверэнiтэт, рэлi­гiйная талерантнасць i iншыя, былi прагрэсiўнымi не толькі для свайго часу. Яны і сёння выступаюць як прынцыпова выжныя пытанні грамадзянскіх кодэксаў усіх дэмакратычных краін свету.

ГАРАДСКОЕ ЖЫЦЦЁ НА БЕЛАРУСКІХ ЗЕМЛЯХ

Колькасны рост гарадоў і гарадскога насельніцтва. Знешні воблік і функцыі гарадоў. Унутраная арганізацыя гарадскога жыцця. Супярэчнасці паміж гарадамі і буйнымі землеўладальнікамі. Сацыяльныя ўнутрыгарадскія канфлікты. Цэхавая арганізацыя працы гарадскіх рамеснікаў. Унутраны і знешні гандаль беларускіх гарадоў.

Соседние файлы в предмете [НЕСОРТИРОВАННОЕ]