Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
lekc2.doc
Скачиваний:
46
Добавлен:
10.11.2019
Размер:
1.89 Mб
Скачать

Лекцыя 22. Афармленне прыгоннага права ў беларусі (XV– XVI стст.)

  • Формы феадальнага землеўладання і феадальных адносін у ВКЛ

  • Аграрная рэформа Жыгімонта ІІ Аўгуста "Валочная памера". "Устава на валокі" 1557 г.

  • Асноўныя этапы юрыдычнага афармлення прыгоннага права

Формы феадальнага землеўладання і феадальных адносін у вкл

Асноўнай вытворчай ячэйкай феадальнага грамадства з'яўляецца гаспадарка непасрэднага вытворцы матэрыяльных каштоўнасцей – селяніна. Таму пры вывучэнні гісторыі феадалізму мы асноўную ўвагу павінны надаваць высвятленню пытанняў, што характарызуюць яго становішча, якое ў любым грамадстве залежыць ад формы ўласнасці на сродкі вытворчасці.

Пры феадалізме асноўным сродкам вытворчасці з'яўлялася зямля. Яна знаходзілася ў руках феадалаў. Але феадальная ўласнасць на зямлю – гэта не адносіны феадалаў да зямлі, а іх адносіны да тых, хто быў пазбаўлены свабоднага валодання ёю, г. зн. адносіны феадалаў, манапалізаваўшых зямлю, да сялян-земляробаў, якія яе апрацоўвалі. Тут выступаюць, з аднаго боку, феадал – уласнік зямлі, асноўнага сродку вытворчасці, а з другога боку, селянін – уласнік рабочых рук. Злучэнне рабочых рук з зямлёй (працэс вытворчасці) і вызначала адносіны паміж феадалам і селянінам. Селянін, пазбаўлены зямлі, вымушаны быў трымліваць яе з рук феадала – толькі не ва ўласнасць, а ў карыстанне. За карыстанне зямлёй ён заўсёды, пры любых умовах павінен быў несці на карысць уласніка розныя павіннасці.

У гістарычнай літаратуры вядомы чатыры формы феадальных павіннасцей: даніна, прадуктовы чынш, грашовы чынш і паншчына.

Самай першай формай феадальнай эксплуатацыі была даніна. Яна спаганялася, як правіла, прадуктамі неземляробчага характару. Гэта было выклікана тым, што ў перыяд станаўлення феадальных адносін узровень вытворчасці працы ў сялянскай гаспадарцы быў яшчэ невысокім. Яна яшчэ не вырабляла лішкаў прадуктаў, якія феадал мог забіраць у селяніна, не наносячы шкоды яго гаспадарцы. У перыяд феадалізму, акрамя прынцыпу "няма зямлі без пана", дзейнічаў і другі прынцып – "карыстацца селянінам так, каб яго хапіла на заўтра", г. зн. даваць магчымасць сялянскай гаспадарцы ўзнаўляцца. Калі феадалы парушалі гэты прынцып, бралі ў селяніна больш за тое, што ён мог даць, то гэтым "падсякалі сук", на якім самі ж сядзелі. Селянін тады непазбежна разараўся і не мог у далейшым выконваць павіннасці на карысць феадала. А дабрабыт феадала цалкам залежаў ад таго, у якім стане знаходзілася сялянская гаспадарка, і ці здольная яна была выконваць ускладзеныя на яе павіннасці.

Вось чаму ў IX–XI стст., калі ўзровень прадукцыйнасці працы ў сялянскай гаспадарцы быў яшчэ вельмі нізкім, асноўнай формай феадальнай эксплуатацыі была даніна. Але, як вядома з "Рускай праўды", у перыяд існавання Кіеўскай Русі мелі месца і прадуктовы, і грашовы чыншы, і нават паншчына.

Усе чатыры формы феадальнай эксплуатацыі суіснавалі адначасова, але адна з іх, у сувязі з тымі ці іншымі умовамі, была асноўнай, дамінуючай. У IX–XI стст. асноўнай павіннасцю была даніна, у XII–XIV стст. – прадуктовы чынш, у XV – першай палове XVI ст. – грашовы чынш, з сярэдзіны XVI ст. – паншчына.

Пры феадалізме існавалі дзве формы феадальнай уласнасці на зямлю – умоўная і безумоўная, або абмежаваная і неабмежаваная.

У Вялікім княстве Літоўскім, як і ў іншых раннефеадальных дзяржавах, вярхоўным уласнікам зямлі, яе распарадчыкам быў вялікі князь. Зямельная маёмасць феадалаў, у першую чаргу сярэдніх і дробных, знаходзілася ў залежнасці ад вялікага князя. Ён рэгуляваў іх уладанні ў сваіх ваенна-палітычных і фінансавых мэтах.

Сярэднія і дробныя феадалы складалі шляхецкае саслоўе, пачатак якому паклаў прывілей Ягайлы 1387 г. Пазней ён быў пацверджаны Гарадзельскім прывілеем 1413 г. Гэтыя прывілеі надавалі літоўскім "баронам" і знатным баярам каталіцкага веравызнання правы, якімі карысталася польская шляхта. Такія ж маёмасныя правы атрымалі ў 1432 і 1434 гг. (прывілеі Ягайлы і Сігізмунда Кейстутавіча) і беларускія праваслаўныя феадалы. У асноўным гэта былі былыя дружыннікі князёў.

Мелі месца выпадкі ўзвядзення ў шляхецтва і цяглых сялян, якія спраўна выконвалі земскую службу. Але часцей за ўсё ўзводзіліся ў шляхецтва не прама з цяглай, а з панцырнай ці якой-небудзь іншай службы. Ступенню дасягнення шляхецтва была таксама канцылярская ці прыдворная служба. Вялікі князь узводзіў у шляхецкае званне не толькі сваіх падданых, якія вызначыліся на ратным полі, але і сваіх заслужаных дваровых прыслужнікаў – адверных (швейцараў), машталёраў (конюхаў), каморнікаў (лакеяў), а таксама канцылярскіх служачых (пісараў) і г. д.

На амаль аднолькавым становішчы з баярамі-шляхтаю і зямянамі, якія атрымлівалі шляхецтва не за ваенную, а за цывільную службу і выйшлі з сялян і слуг, не карыстаючыся іх палітычнымі правамі, знаходзіліся ў Вялікім княстве Літоўскім татары. Пасля паходаў на Дон у 1397–1398 гг. Вітаўт пасяліў мноства палонных татар у заходніх землях Вялікага княства Літоўскага. У Беларусі яны жылі на тэрыторыі сучаснага Лідскага, Навагародскага і Іўеўскага раёнаў. Татары ў асноўным неслі ваенную службу, за што атрымлівалі зямельныя надзелы.

Баяры-шляхта, зямяне і татары трымалі зямельныя надзелы пад гаспадаром, вялікім князем на розных умовах. Самым старажытным тыпам феадальнага землеўладання было фактычнае ўладанне зямлёй як падарункам, узнагародай вялікага князя. Гэтыя ўладанні, як правіла, былі спадчынныміі перадаваліся жонцы, дзецям ці нават далёкім родзічам. Толькі пры адсутнасці спадкаемцаў іх надзелы вярталіся назад вярхоўнаму ўласніку зямлі – вялікаму князю.

Побач з выслугамі "на вечнасць" вялікі князь са складу свайго дамену раздаваў зямельныя надзелы і да "волі і ласкі сваёй гаспадарскай", не вызначаючы дакладна тэрмінаў валодання і карыбтання. Але гэты парадак не вельмі задавальняў іх уладальнікаў, паколькі трымаў іх у няпэўнасці і невядомасці. Таму вялікі князь хутка стаў акрэсліваць тэрмін валодання зямлёй. З'явіўся новы тып "часовага" землеўладання: "да жывата" – пажыццёва, "да двух жыватоў" – з правам перадаць дзецям, "да трох жыватоў" – з правам перадаць дзецям і ўнукам.

У інтарэсах дзяржаўнай службы ўзнік асобны тып землеўладання на ленным праве, г. зн. з правам пераходу зямлі да спадкаемцаў толькі мужчынскага полу.

Але пры ўсім тым сваімі памесцямі баяры-шляхта, зямяне і татары валодалі толькі пры ўмове службы вярхоўнаму ўласніку зямлі – вялікаму князю. Памесце, да якога б тыпу з вышэй пералічаных не належала, ўсё роўна адбіралася ад уладальніка, калі ён не з'яўляўся на службу або выконваў службу недобрасумленна.

Побач з вялікакняжацкім даменам (у канцы XIV ст. ён займаў прыкладна 70 % тэрыторыі ВКЛ) існавала і вялікая колькасць незалежных маёнткаў, уладальнікі якіх распараджаліся імі "з поўным правам і панствам". На гэтых маёнтках не ляжалі тыя абмежаванні, якія былі на памесцях "пад гаспадаром". Вялікі князь захоўваў у адносінах да іх толькі права вярхоўнага правіцеля дзяржавы. Іх уладальнікі распараджаліся сваімі землямі самастойна, раздавалі іх сваім слугам. Гэта былі ў асноўным уладанні былых заходнерускіх і літоўскіх князёў – Рурыкавічаў і Гедымінавічаў. Яны не былі пазбаўлены сваіх правоў пры ўсталяванні ў Літве адзінадзяржаўя. За імі было прызнана права вотчыннага землеўладання. Многія з іх потым папоўнілі свае валоданні за кошт "падарункаў" вялікіх князёў.

Аднолькавымі правамі з уладаннямі былых удзельных князёў карысталіся землі, якія належалі епіскапскім кафедрам, саборным цэрквам і манастырам.

Такім чынам, феадальная ўласнасць на зямлю ў Вялікім княстве Літоўскім была саслоўнай і насіла іерархічны характар. Феадальнае землеўладанне, асабліва дробных і сярэдніх феадалаў, было першапачаткова ўмоўным і абмежаваным.

Але такое становішча не задавальняла феадалаў. Яны вялі барацьбу за перадачу ім зямлі ў безумоўнае валоданне. Першымі дамагліся гэтага права літоўскія феадалы ў 1387 г. У 1413 г. яго атрымалі беларускія феадалы, якія прынялі каталіцтва, а праваслаўныя беларускія феадалы – толькі ў 1432 г. Пазней яно было пацверджана прывілеямі Сігізмунда Кейстутавіча ў 1434 г. і Казіміра Ягелончыка ў 1447 г.

Але феадал, валодаючы зямлёй (вотчынай або памесцем на любой з умоў), не мог абысціся без сялян: зямлю трэба было апрацоўваць, каб атрымаць ад яе карысны прадукт. Апрацоўвалі яе сяляне. А паколькі яны былі пазбаўлены права ўласнасці на зямлю, то атрымлівалі яе з рук феадала. Гэта і вызначыла розныя формы залежнасці сялянства. Яны складваліся ў працэсе эвалюцыі памешчыцкай гаспадаркі.

Сяляне ў Беларусі да сярэдзіны XVI ст. у пераважнай большасці сядзелі на ўчастках самых розных памераў і гаспадарчага складу. Ніякага землеўпарадкавання сялянскіх гаспадарак не праводзілася. Таму і памеры павіннасцей, якімі абкладвалі феадалы сялян, устанавіць немагчыма. Гэтыя памеры вызначаліся велічынёй зямельнага надзела і якасцю зямлі непасрэдна кожнай сялянскай гаспадаркі. Ды і сама сялянская гаспадарка ў той час мела складаны характар.

Сялянскія надзелы і ўгоддзі ў большасці выпадкаў знаходзіліся ў карыстанні не асобных сялянскіх сем'яў, а складаных таварыстваў, якія ўтвараліся з разросшыхся сем'яў. У гэтых таварыствах разам з бацькамі жылі дарослыя сыны са сваімі сем'ямі, зяці і нават стрыечныя браты і сёстры. Такія эканамічныя ўзаемаадносіны выклікаліся неабходнасцю карчавання лесу, адначасовай эксплуатацыяй іншых сельскагаспадарчых угоддзяў. Малымі сіламі ў той час немагчыма было весці гаспадарку і спраўляцца з ускладзенымі на яе павіннасцямі. Таму малалікія гаспадаркі вымушаны былі прымаць для падмогі і пабочных людзей (не родзічаў) – "патужнікаў" на розных умовах (на долі, палавіне і г. д.). Калі такія гаспадаркі не спраўляліся з ускладзенымі на іх павіннасцямі, самі феадалы "падсаджвалі" пабочных людзей – "сяброў". (Адсюль, напэўна, паходзіць слова "прысябраваўся".)

Такая арганізацыя сялянскай гаспадаркі праіснавала да другой паловы XVI ст., да вядомай рэформы Жыгімонта ІІ Аўгуста "Валочная памера".

Соседние файлы в предмете [НЕСОРТИРОВАННОЕ]