Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
lekc2.doc
Скачиваний:
46
Добавлен:
10.11.2019
Размер:
1.89 Mб
Скачать

Сiмяон Полацкi

Вядомым паэтам, мыслiцелем, асветнiкам застаўся ў гісторыі Сiмяон Полацкi (Самуiл Емяльянавiч Пятроўскiiтнiяновiч) (1629–1680). Ён паходзiў з сям'i заможных палачан. Атрымаў адукацыю ў Кiева-Магiлянскай калегii і Віленскай езуіцкай акадэміі. Вiдаць, не выпадкова Сiмяон, якi атрымаў праваслаўную i ка­талiцкую адукацыю, схiлiўся да кампрамiснага памiж iмi унiяцтва. Яно, верагодна, здавалася яму адзiна магчымай на той час формай зблi­жэння заходне- i ўсходне­еў­ра­пей­скiх традыцый i культур.

Вайна 1654–1667 гг. крута змяніла не толькi намеры, але i ўсё жыццё i далейшы лёс 25-гадовага Сiмяона. Захоп маскоўскай ар­мiяй на працягу 1654–1655 гг. амаль усёй Беларусi, сталiцы ВКЛ Вiльнi зрабiла на яго вялiкае ўражанне, прывяло ў шокавы стан. Малады чалавек паказаў сябе ў гэтай сiтуацыi прагматыкам. У 1656 г. ён прымае манаскi сан, становiцца дыдаскалам (нас­таў­нiкам) невялiкай брацкай школы пры манастыры i ўжо праз месяц разам са сваiмi выхаванцамi вiтае цара Аляксея Мiхайлавiча як вызвалiцеля беларускага народа.

У 1660 г. ездзiў у Маскву прасiць дапамогi для полацкага манастыра, некаторы час жыў там, прадставiў цару хвалебную "Дэкламацыю", у якой назваў яго "царом-Сонцам". Вясной 1664 г., баючыся ганенняў з боку ўлад Рэчы Паспалiтай, ён як прыхiльнiк маскоўскай арыентацыi пакiнуў родны горад i паехаў у Расiю на пастаяннае жыхарства. Там ён стаў прыдворным лiтаратарам.

Сiмяон становіцца прыхiльнiкам, а потым і iдэолагам праваслаўя i расiйскага самадзяржаўя. Яго выбар быў хутчэй добраахвотным, чым вымушаным. У драматычнай дылеме, якую яму прапанавала жыццё, – патрыятызм або кар'ера – ён выбраў апошняе. У Маскве С. Полацкі вымушаны быў адрачыся ад роднай мовы. Ён паклаў пачатак згубнаму для нашай культуры працэсу культурнай эмiграцыi, якi ў XVIII–XIX стст. набыў масавы характар. Інтэлектуальныя і творчыя сiлы беларускага народа часта вымушаны былі "эмiг­ры­раваць" у польскую або ў рускую культуру.

Лекцыя 29. Мастацтва XVI – першай паловы XVII ст.

  • Жывапiс, скульптура

  • Дойлiдства

  • Музыка i тэатр

Жывапiс, скульптура

Жывапiс Беларусi XVI – першай паловы XVII ст. – складаная, супярэчлiвая i ў той жа час самабытная i арыгiнальная з'ява ў гiсторыi сусветнага мастацтва. Развiваючыся на сутыкненні цывілізацый, ён узбагачаўся, з аднаго боку, рысамi заходнееўрапейскай культуры, з другога – захоўваў рысы ўсходнеславянскія. Адначасова ў iм прыкметна праяўлялася i тая плынь, якая зы­ходзiла з народнага мастацтва. Вялiкi ўплыў на развiццё жывапiсу мелі тагачасныя гiстарычныя падзеi, якiя адбывалiся на тэ­ры­торыi Беларусi.

Адметная рыса твораў жывапiсу пачатку XVI ст. – цесная сувязь з вiзантыйскiм i старажытнарускiм мастацтвам, захаванне ладу мыслення i пачуццяў, уласцiвых сярэднявеччу. У параўнаннi з творамi гэтага часу жывапiс другой паловы XVI – пачатку XVII ст. вызначаецца iмкненнем да канкрэтызацыi выявы. Хаця i iншасказальна, але досыць поўна адбiлiся ў iм уяўленнi народа аб справядлiвасцi i прыгажосцi, яго клопаты i спадзяваннi ў складаных умовах сацыяльна-гiстарычнага жыцця.

Цяпер вядома, што ў XVI ст. у Беларусi працавала 26 жывапiсцаў, 44 скульптары, 105 майстроў залатых спраў; вядомы таксама 19 мастакоў, працаваўшых у першай палове XVII ст. Яны стварылi шмат арыгiнальных манументальных фрэскавых i iканапiсных твораў.

Фрэскавыя роспiсы XVI – першай паловы XVII ст. дайшлi да нас у вельмi абмежаванай колькасцi. Гэта не дазваляе даць разгорнутую характарыстыку манументальнага мастацтва таго перыяду. Вялiкую гiстарычную i мастацкую каштоўнасць мае фрэскавы роспiс з Благавешчанскай царквы Супрасльскага манастыра, створаны ў 1557 г. Да нашых дзён роспiс захаваўся толькi ў фрагментах. Ён наблiжаецца да мастацтва Вiзантыi канца XIV – пачатку XV ст. Аднак у жывапiсе Супрасля выразна праявiлiся i элементы заходнеславянскага мастацтва. Цiкавымi помнiкамi манументальнага жывапiсу першай паловы XVII ст. з'яўляюцца роспiсы Куцеiнскага манастыра каля Оршы, Багаяўленскага сабора ў Ма­гiлёве, царквы Св. Духа з Тапiчэўскага манастыра ў г. Мсцiславе.

Найбольш папулярным i распаўсюджаным вiдам жывапiсу ў XVI – першай палове XVII ст. быў абраз. На пачатку XVI ст. пад уплывам iдэй Адраджэння пачынае фарміравацца і набываць ўласныя рысы беларуская iканапiсная школа. Характэрная наогул для ўсяго мастацтва эпохi Адраджэння ўвага да зямной прыгажосцi звычайнага чалавека, да яго пачуццяў i клопатаў была ўласцiва i беларускаму выяўленчаму мастацтву. Найбольш яскрава гэта праявiлася ў кнiжнай гравюры, алтарным жывапiсе, крыху менш – у iка­напiсе, дзе сказалася трываласць традыцый. Іканапiс, развiццё якога вызначалася царкоўнымi кано­намi, новыя павевы ўспрымаў асцярожна i з адборам. Але тым не менш i ў абразах усё часцей персанажы надзяляюцца iндывiдуальнымi рысамi, у сюжэтнай канве з'яўляюцца элементы бытавога, этнаграфiчнага характару. Абуджаецца павышаная цiкавасць да навакольнай рэчаiснасцi i жаданне перадаць узнёслыя пачуццi i ўяўленнi праз звыклыя формы, блiз­кiя да рэальных. Абраз убiрае ў сябе прыкметы рэальнага жыцця i адлюстроўвае густы i традыцыi народнага мастацтва. Гэта i надае яму мясцовы каларыт, здольны выклікаць ужо не этнаграфічную, а агульнамастацкую зацікаўленасць.

Да лепшых узораў беларускага iканапiсу XVI ст. належаць абразы "Маці Божая Iерусалiмская" са Здзiтава i "Нараджэнне Бага­родзiцы" з Ляхаўцаў на Берасцейшчыне, "Маці Божая Адзi­гiтрыя" з Дубiнца, "Пакланенне вешчуноў" з Дрысвят на Вiцеб­шчыне, "Параскева Пятнiца" са Случчыны.

У першай палове XVII ст. працягвала развiвацца нацыянальная школа iканапiсу. У канцы XVI – першай палове XVII ст. на змену рэнесансу прыйшоў новы стылiстычны напрамак – барока. Адступленне ад традыцый старажытнарускага iканапiсу i з'яўленне новых элементаў праяўляецца ў больш жывапiснай прапрацоўцы складак адзення, смелым спалучэннi колеру, скрупулёзным падыходзе да прапiскi лiкаў, у iмкненнi да ўзорыстасцi, арнаментыкi. Цiкавымi помнiкамi першай паловы XVII ст. са сталымi стылявымi прык­метамi беларускай школы iканапiсу з'яўляюцца абразы "Тройца новазапаветная" з Дастоева, "Успенне" з Панiквы на Берасцейшчыне, "Маці Божая Адзiгiтрыя Неўвядальны цвет" з сяла Басценавiчы на Магiлёўшчыне, пяць работ маларыцкага майстра, выкананых у 1648–1650 гг. ("Праабражэнне", "Пакроў", "Успенне", "Нараджэнне Маці Божай", "Цалаванне Iаакiма i Ганны. Благавесце Ганне").

Сярод твораў XVII ст. адзiным уласнаручна падпiсаным пом­нiкам з'яўляецца работа Пятра Яўсеевiча з Галынца (Магi­лёў­шчына) "Нараджэнне Маці Божай" (1649). Гэты твор – яркi прыклад беларускай iканапiснай школы, у якой ужо добра прасочваецца станаўленне нацыянальнага варыянта барока. Работа Пятра Яўсеевiча адзначае важны этап у гiсторыi станковага жывапiсу першай паловы XVII ст., якi дэманстраваў яго дасягненнi i паказваў, што ў развiццi рэалiстычных тэндэнцый беларускi iканапiс таго часу крыху нават апярэджваў старажытнарускае мастацтва, уздым у якiм адбыўся крыху пазней, у другой палове XVII ст.

Беларускi станкoвы партрэт, стыль якога пачаў фармiравацца ў XV ст., ужо ў канцы XVI ст. дае высокiя ўзоры. Асаблiвага росквiту гэты жанр дасягнуў у XVII – пачатку XVIII ст.

Партрэт XVI–XVIII стст. з'яўляецца не толькi творам мастацтва, а яшчэ (можа, i ў першую чаргу) генеалагiчным дакументам, якi ўвекавечвае прадстаўнiка таго цi iншага роду i з'яўляецца яго свое­асаблiвым "пашпартам". Такая функцыянальная накiраванасць парт­рэта нараджала своеасаблiвыя стылiстычныя прыкметы, якiя не змянялiся на працягу многiх дзесяцiгоддзяў, аж да пачатку XIX ст. Складваецца тып партрэта, якi ў польскiм мастацтвазнаўстве называецца "сармацкiм", у Расii вядомы з другой паловы XVII ст. як "парсуна". Для партрэтаў такога роду характэрны строгiя каноны: фiгуры падаюцца ў поўны рост, радзей пагрудна або пакаленна, у парадным адзеннi, з атрыбутамi ўлады (булава, жэзл, ключ i г. д.). На фоне звычайна малявалiся падвязаныя драпiроўкi i элементы архi­тэктуры – гэта рабiла ўражанне i надавала партрэту ўрачыстасць i параднасць. Выява дапаўнялася доўгiм надпiсам, у якiм паведамлялася пра ўзнагароды, тытул, пасады партрэтаванага, а таксама некаторыя бiяграфiчныя звесткi. Нярэдка ў кутку партрэта можна было ўбачыць i герб заказчыка. Мастак iмкнуўся праўдзiва перадаць натуру. Ён аб'ёмна пiсаў толькi твар мадэлi, фiгура ж трактавалася плоскасна, поза была застылай, скаванай. Мужчыны, як правiла, падавалiся як асобы ваяўнiчыя, касцюму не надавалася вялiкай увагi. На жаночых партрэтах бачна iншы раз празмернае жаданне паказаць прыгажосць жанчыны. Лепшыя творы – партрэты бiскупа Гейдройца, княгiнi Кацярыны Слуцкай, слуцкiх князёў Алелькавiчаў, партрэт жонкi заможнага магната Кацярыны Астрожскай, канцлера Льва Сапегi, польскай каралевы Барбары Радзi­вiл, Юрыя Радзiвiла, Мiкалая Юр'евiча Радзiвiла, князя Ежы Радзi­вiла, Мiхаiла Барысавiча, Януша Радзiвiла, Альбрэхта Станiслава Радзiвiла, партрэт Катажыны i Марыi Радзiвiл – вызначалiся рэа­лiстычнасцю, глыбiнёй псiхалагiчнай характарыстыкi i падкрэсленым пачуццём чалавечай годнасцi. Унiкальнымi з'яўляюцца знойдзеныя ў 1966 г. у склепе касцёла Брыгiцкага манастыра ў Гароднi партрэты сям'i Весялоўскiх, напiсаныя невядомым гарадзенскiм мастаком у 30–40-я гады XVII ст. Яны захоўваюцца ў Нацыянальным мастацкiм музеi Беларусi.

Вялiкiм дасягненнем беларускага выяўленчага мастацтва XVI ст. з'яўлялася паступовае авалоданне законамi перспектывы, iмкненне паказаць фiгуры i рэчы ў прасторы. Характэрным у гэтым сэнсе з'яўляецца гравюрны партрэт Ф. Скарыны, змешчаны ў пражскай Бiблii. Гэта была першая ў Еўропе падпiсаная выява друкара Бiблii. На ёй упершыню паказаны чалавек у час працы, сярод розных рэчаў, многiя з каторых маюць сiмвалiчнае значэнне. Партрэт Ф. Скарыны належыць да выдатнейшых твораў беларускага мастацтва.

Вядучым вiдам графiкi была кнiжная гравюра. Яе развiццё звязана з дзейнасцю беларускiх друкарняў. Паводле крынiц, з 1601 па 1654 гг. у Беларусi надрукавана каля 100 кiрылаўскіх кнiг, даволi разнастайных па тэматыцы. Асобныя беларускiя выданнi першай паловы XVII ст. з'яўляюцца непераўзыдзенымi шэдэўрамi кніжнага мастацтва, узорамi творчасцi друкароў, мастакоў-графікаў, гравёраў. Характэрнай рысай мастацкага афармлення кнiг было iмкненне да сiнтэзу, да ўзаемадзеяння ўсiх кампанентаў: тытула, заставак, канцовак, iнiцыялаў, фiгурных выяў, наборнай арнаментыкi. На Беларусi паступова складваецца свой уласны, арыгінальны стыль афармлення кнiгi. Нацыянальныя асаблiвасцi беларускай графiкi ярчэй за ўсё выявiлiся ў кнiгах брацкiх друкарняў: вiленскай Троiцкай (потым Святадухаўскай), куцеiнскай, пазней магiлёўскай.

У XVI – першай палове XVII ст. значнага развiцця дасягае скульптура, што праяўляецца i ў разнастайнасцi яе вiдаў i жанраў, i ў майстэрстве выканання пластычных твораў. У гэты перыяд атрымлiваюць развiццё ўсе разнавiднасцi скульптуры – ад манументальных i мемарыяльных надмагільных помнікаў да дробнай пластыкі. Скульптура выраблялася з металу, косцi, каменю, дрэва. Яна мела палiхромную расфарбоўку, змяшчалася ў iнтэр'ерах храмаў i была цесна ўзаемазвязана з архiтэктурай, яе мастацкiмi стылямi.

Фармiруецца мясцовая школы разьбы. Пластычнае мастацтва XV–XVI стст. мела непарыўную сувязь са старажытнарускiмi мастацкiмi традыцыямi, працягвала i развiвала iх. У той жа час беларуская скульптура канца XV – пачатку XVI ст. адчувае ўплыў гатычнага мастацтва. У другой палове XVI ст. гатычная стылістыка арганiчна спалучаецца з рэнесанснай, утвараючы своеасаблiвы сплаў. На мяжы позняй готыкi i рэнесансу полацкiмi майстрамi створана скульптура "Св. Гжэгаж" (захоўваецца ў музеi г. Кiнешмы), скульптурныя выявы святых Ганны i Iаакiма з в. Здзiтава на Брэстчыне. Рысы гатычнага стылю адчуваюцца ў крыху выцягнутых фiгурах, ломкiх, жорсткiх складках адзення, дробнай прапрацоўцы завiткоў валасоў. Галоўную ўвагу майстар надае характэрным нацыянальным рысам твару, вялiкiм спрацаваным рукам i ў ад­паведнасцi з рэнесанснымi канцэпцыямi iмкнецца выявiць унутраную велiчнасць, духоўную сiлу вобразаў. Гатычныя формы доўга трымалiся ў скульптуры Беларусi i знiклi толькi ў пачатку XVII ст. пад магутным нацiскам барока.

Значны ўплыў на развiццё беларускай пластыкi аказвалi тра­дыцыi Адраджэння. У скульптуры перададзена цiкавасць да навакольнай рэчаiснасцi, рэальнага чалавека, што выяўляецца ў выбары тыпажу, перадачы форм чалавечай постаці, у пiльнай увазе да бытавых абставiн. Вобразы надзяляюцца рысамі iндывiдуальнасцi, спакойнай упэўненасцi, уласнай годнасцi, у выявах дапускаецца больш свабоды. Пластыка становiцца аб'ёмнай, рэльеф шматпланавым. Традыцыi Адраджэння назiраюцца ў такіх скульптурах, як "Кацярына Александрыйская", "Лiзавета Венгерская", "Святы ў ры­цар­скiх даспехах", "Казiмiр" з пасёлка Шарашова на Берасцейшчыне, у кампазiцыi "Марыя з дзiцём" (Нясвiж), царскай браме з царквы вёскi Варанiлавiчы Пружанскага раёна.

Традыцыi Адраджэння робяць значны ўплыў i на развiццё над­магiльнай скульптуры, даволi папулярнай у Беларусi ўжо ў XVI ст. Гэты жанр прынеслi сюды iтальянскiя майстры, што пра­цавалi ў Вялiкiм княстве Лiтоўскiм. Iмкненне захаваць свой вобраз для будучых пакаленняў, зацвердзiць прэстыж свайго роду, ушанаваць памяць нябожчыкаў адпавядала духу новага гуманiстычнага светаўспрымання, духу новага часу (надмагiллі канцлера Вялiкага княства Лiтоўскага Альбрэхта Гаштольда i вiленскага бiскупа Паўла Гальшанскага ў вiленскiм Кафедральным саборы, Мiкалая Крыш­тафа Радзiвiла з Нясвiжа).

У нешматлiкiх помнiках першай паловы XVII ст. яскрава выступаюць прыкметы стыляў рэнесансу i ранняга барока. У параўнаннi з папярэднiм перыядам скульптура ў значнай ступенi вызвалiлася ад франтальнасцi, стала больш дынамiчнай i экспрэсiўнай. Развiццё скульптуры гэтага перыяду звязана з дзейнасцю як мясцовых, так i прыезджых майстроў з краiн Сярэдняй i Паўночнай Еўропы. Яны стваралi надмагiллi, упрыгожвалi iнтэр'еры i экстэр'еры храмаў. Значнага росквiту ў гэты перыяд дасягае каменная мемарыяльная скульптура. Сярод захаваных помнiкаў трэба адзначыць надмагiлле Мiкалая VIII Крыштафа Радзiвiла (Сiроткi) i яго сына (Нясвiж), надмагiлле вiцебскага кашталяна Мiколы Вольскага i яго жонкi Барбары (касцёл у в. Крамянiца Гродзенскай вобласцi), над­магiллi Паўла Сапегi i яго трох жонак (францысканскi касцёл у в. Гальшаны на Гродзеншчыне), надмагiлле гетмана Вялiкага княства Лiтоўскага Льва Сапегi i яго жонак (касцёл св. Мiхаiла ў г. Вiльнi).

Да нашага часу захавалiся i асобныя помнiкi драўлянай скульптуры, якiя калiсьцi ўваходзiлi ў склад алтарных кампазiцый. Але i пазбаўленыя свайго асяроддзя, яны не згубiлi выразнасцi i пры­вабнасцi. Скульптурныя вобразы адзначаны рысамi рэнесансных уплываў i ўражваюць характэрным аблiччам, выдатным адчуваннем прапорцый, спакойнай устойлiвасцю. Прыклады такiх скульптур – вобраз Кацярыны з в. Сурвiлiшкi на Гарадзеншчыне, прадстаячых ля крыжа з магiлёўскай Спаскай царквы, выявы Марыi i Iаана Багаслова з касцёла Архангела Мiхаiла ў Навагародку, скульптуры прарока Захарыя i бiскупа рымскага з касцёла Брыгiцкага манастыра ў Гароднi.

У першай палове XVII ст. у Беларусi быў створаны цэлы шэраг алтарных комплексаў. Менавiта на iх змяшчалася асноўная частка жывапiсных і скульптурных твораў. Багата аздаблялiся яны i дэкаратыўнай разьбой. Таму алтарныя комплексы з'яўляюцца прыкладам сiнтэзу мастацтваў, гарманiчна спалучаных агульнасцю iдэйнай задумы, што стварала ўражанне багацця, пышнасцi i хараства. Яскравы прыклад таму – галоўны алтар касцёла Iаана Хрысцiцеля (в. Волпа на Гродзеншчыне), алтар Успенскага касцёла вёскi Будслаў на Меншчыне, дзе змешчана 20 скульптур, алтар былой унiяцкай царквы ў в. Порплiшча на Вiцебшчыне.

Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва XVI – першай паловы XVII ст. развiвалася ў непасрэднай сувязi з народным мастацтвам, старажытнарускiмi i заходнееўрапейскiмi традыцыямi. Развiвалася размалёўка па дрэву, чаканка па металу, таракотавая i палiваная керамiка i кафля. Рамеснiкi выраблялi палiхромную рэльефную кафлю з рознымi кампазiцыямi, ужывалi глазур i эмаль. Шмат мастацкiх рэчаў выраблялася з металу, развiвалiся коўка, лiццё, разьба. Збройнiкi ўжывалi каштоўныя металы ў аздобе зброi. Дзейнiчалi цэхi ювелiраў. Разьбяры па косцi, выкарыстоўваючы рогi ласёў, аленяў, клыкi дзiкоў, косцi розных жывёл, птушак выраблялi гронкi нажоў, накладкi калчанаў, дэталi арбалетаў, грабянi, гузiкi, фiгуркi шахмат, шашак, абклады кнiг i абразоў, невялiкiя абразкi. Спецыялiсты па апрацоўцы каменю выраблялi гарматныя ядры розных памераў, тачыльныя брускi, праслiцы, надмагiльныя крыжы, надмагiллi ў выглядзе бюстаў, статуй, рэльефаў, стэл, калон, абелiскаў, архiтэктурна-дэкаратыўныя дэталi (калоны, парталы i г.д.). Гутнiкi XVI–XVII стст. унеслi значны ўклад у развiццё шкларобства, вырабляючы посуд: кiлiшкi, кубкi, бакалы, чаркi, бутэлькi, якiя ўпрыгожвалiся шклянымi каляровымi нiцямi, жгутамi, стужкамi, пячаткамi з выявамi гербаў, роспiсам фарбамi i золатам.

Соседние файлы в предмете [НЕСОРТИРОВАННОЕ]