Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
lekc2.doc
Скачиваний:
46
Добавлен:
10.11.2019
Размер:
1.89 Mб
Скачать

Выступленні супраць гарадской адміністрацыі ў Магілёве і Мазыры

З пачатку ХVІІ ст. народныя хваляванні на Беларусі пачасціліся. У канцы ХVІ – першай палове ХVІІ ст. ішла напружаная барацьба сярэдніх і ніжэйшых слаёў Магілёва супраць гарадской вярхушкі. Прычынай незадавальнення быў падатковы і павіннасны цяжар, беззаконне і свавольства магістрата пры раскладцы і зборы падаткаў, злоўжыванне ўладай. "Нізы" дамагаліся пашырэння сваіх правоў, справядлівага падаткаабкладання, кантролю над дзейнасцю Рады, справаздачнасці магістрата аб грашовых выдатках. Гараджане даносілі каралю аб злоўжываннях, стварылі свой кантрольна-дарадчы орган з 12 чалавек "паспалітых", які наглядаў за дзейнасцю магістрата, і летам 1606 г. узняліся супраць купцоў і ліхвяроў, якія захапілі ў свае рукі гарадское самакіраванне, чынілі "великое обтяжение и кривду" насельніцтву. Гараджане скардзіліся ўладам, што члены Рады "сами с повинными приятели своими, на врады се обирают, пожитками мескими (гарадскімі даходамі) водлуг воли своее без ведомости нас справуют, себе и повинных своих вспомогают, личбы не чинят, меты албо податки частые, без ведомости нашое, на нас вкладывают, и выбирати часом кгвалтовне кажуть… нас, постолитого человека, внешто оборочаючи".

Кіраўніцтва паўстаннем здзяйсняла група рамеснікаў ("Микита-шабелник", Герасим-колачник", "Пётр Кузминич-коваль", "Харапон-кравец" і інш.) на чале са Стахорам Мітковічам, цэхмістрам цэха саладоўнікаў. 19 чэрвеня 1601 г. Мітковіч выступіў на гарадскім рынку "при собраню людей" з аблічэннем магілёўскага бурмістра Васіля Якімовіча, яго словамі "неучтивыми лаял, соромотил и пофалки (пагрозы) на здоровье его чинил".

20 чэрвеня С. Мітковіч узбунтаваў "нямала людей так знаемых, яко і незнаемых до колко сот человека". Паўстанцы ўварваліся ў памяшканне ратушы і запатрабавалі, каб яна спыніла фінансавыя злоўжыванні. Спроба членаў магістрата арыштаваць Мітковіча і тым самым пазбавіць паўстанне кіраўніка не ўдалася – "бунтаўшчыкі не дапусцілі гэтага".

Не дабіўшыся патрабаванняў паўстанцаў, 25 чэрвеня велізарны натоўп людзей заняў ратушу і разагнаў старую Раду, якая складалася з ліхвяроў, купцоў, кіраўнікоў цэхаў. У яе адабралі "печать мескую і справы вси". У ліпені гараджане выбралі новую Раду. У склад яе ўвайшлі Стахор Мітковіч, збройнік Мікіта, ганчар Міхалка, шавец Фёдар, каваль Пётра і іншыя "люди легкие, права и писма не умеетныя". Больш за два гады новая Рада кіравала горадам.

Летам 1606 г. у Магілёве вырашаўся канфлікт паміж вярхамі і асноўнай масай гарадскога насельніцтва, якая настойвала на захоўванні яе саслоўных правоў і інтарэсаў, узурпіраваных багатай вярхушкай, што захапіла ўладу ў горадзе. Гарадскія нізы, г. зн. плебейская частка жыхароў, заставаліся ў баку ад барацьбы. Вынікам такога характару руху стала прымірэнне старой і новай Рады. Пасля доўгіх перагавораў паміж імі ў 1608 г. быў заключаны "угодный лист", паводле якога новая Рада пасля заканчэння тэрміну сваіх паўнамоцтваў павінна была здаць уладу старой Радзе. У новую Раду ўводзіўся стаўленік гарадской вярхушкі – пісар старой Рады Нікодым Тапічэўскі.

Аднак пагадненне не зняло супярэчнасцей, не ўтаймавала беззаконня дзеянняў Рады, у якой па-ранейшаму галоўную ролю адыгрывалі багатае купецтва, цэхмістры. Глеба для барацьбы заставалася, "бунты и распри в Могилеве разрослись", – пісаў гарадскі войт Яраш Валовіч.

У 1610 г. барацьба занялася з новай сілай, прыняўшы характар адкрытага паўстання. Гараджане Іван Харкевіч, Мікіта Мільковіч, Гаўрыла Івановіч, Міхаіл Чабатар, Лазар Міхайлавіч, Максім Тальбыш і Ісай Шчэнсны "адгаворвалі просты народ ад падпарадкавання ўладам, забаранялі даваць магістрату ўстаноўленыя падаткі і зборы, пагражалі магістрату, простых людзей заклікалі не падпарадкавацца ўладам, нападалі на ратушу і ўзламалі браму, ударылі ў набат і заклікалі да выступлення супраць рады".

Аднак спроба ўзняць паўстанне ў 1610 г. пацярпела няўдачу. Для падаўлення паўстання былі выкарыстаны войскі. Карнікі жорстка расправіліся з паўстаўшымі. Пяць найбольш актыўных кіраўнікоў паўстання былі абезгалоўлены. Многія яго ўдзельнікі кінуты ў турму з наступным выгнаннем з горада, іх маёмасць канфіскавана. Лёс С. Мітковіча нам невядомы.

Повад для абурэння жыхароў Мазыра даў мясцовы стараста, які падпарадкаваў сваёй уладзе частку мяшчан, аб'явіў іх сваімі падданымі і пазбавіў магдэбургскага права. У адказ на гэта ў кастрычніку 1615 г. гарадскі плебс, ці, як гаворыцца ў дакуменце, "людзі свавольныя, люзныя" ўзняліся на паўстанне. Гэта з самага пачатку надало руху востры наступальны характар. Паўстанцы ўтварылі атрад з некалькіх сот чалавек. Узброіўшыся мушкетамі і іншай зброяй, яны напалі на замак, дзе знаходзіліся стараста, замкавая адміністрацыя, шляхта. У час сутычкі былі забіты некалькі чыноў адміністрацыі. Паўстанцы заявілі аб сваёй адмове ад уплаты падаткаў і пабораў у казну, арыштавалі гарадскую вярхушку.

Гнеў паўстанцаў абрушыўся таксама на арандатараў, шляхту, якая жыла ў горадзе. Навакольнай шляхце было забаронена заязджаць у горад пад страхам смяротнай кары. Блакіраваўшы замак, паўстанцы захапілі ў горадзе ўладу, выбралі войта, і ўсе належныя казне паборы былі перададзены ў даход горада.

Паўстанне гараджан Мазыра, распачатае як барацьба за захаванне саслоўных гарантый, у хуткім часе разгарнулася ў сацыяльна-палітычны рух гарадскіх нізоў супраць пануючага класа і гарадской вярхушкі. Вартая ўвагі такая мера, ужытая паўстанцамі, як забарона шляхце з'яўляцца ў горадзе. Гэта адзіны выпадак сярод захаваўшыхся звестак пра барацьбу гараджан, але ён ярка адлюстроўвае ўсю вастрыню сацыяльнага супрацьстаяння ў горадзе.

Як закончылася паўстанне, крыніцы не паведамляюць. З судовага разбору ў вялікакняжацкім судзе можна меркаваць, што яно цягнулася некалькі месяцаў. Суд вымушаны быў пайсці на ўступкі паўстанцам. У 1622 г. ён прыняў рашэнне, паводле якога мяшчане, якія знаходзіліся пад уладай замка, атрымалі магдэбургскае права і перадаваліся пад юрысдыкцыю гарадскога самакіравання, у даход горада быў адданы шэраг пабораў з гандлю і рамяства.

Соседние файлы в предмете [НЕСОРТИРОВАННОЕ]