Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
lekc2.doc
Скачиваний:
46
Добавлен:
10.11.2019
Размер:
1.89 Mб
Скачать

Рэфармацыйнае кнiгадрукаванне

Калыскай усходнеславянскага i беларускага кнiгадрукавання стала Прага, а потым і Вiльня. Станаўленне кнiгадрукавання на бе­ларускiх землях у iх сучасных межах адбываецца з сярэдзiны XVI ст. i звязана з уздымам рэфармацыйнага руху ў Вялiкiм княстве Лi­тоўскiм.

У другой палове XVI – першай палове XVII ст. на тэрыторыi заходняй Беларусi, дзе дзейнiчалi найбольш буйныя пратэстанцкiя абшчыны, узнiкла шэсць рэфармацыйных друкарняў. Iх тэхнiчная аснашчанасць адпавядала еўрапейскiм стандартам. Большасць iх выдаўцоў i друкароў з'яўлялiся дзеячамi польскага рэфармацыйнага руху, якiя часова цi назаўсёды аселi на Беларусi i ў Лiтве (М. Кавячынскi, Л. Крышкоўскi, Ланчыцкi, Карцан, Пётр Бластус, Кмiта i iнш.).

Першая на тэрыторыi сучаснай Беларусi друкарня была створана ў Бярэсцi. Яна дзейнiчала ў 1550–1570-я гады пад апекай канцлера Вялiкага княства Лiтоўскага, вiленскага ваяводы i берасцейскага старасты Мiкалая Радзiвiла Чорнага i выпусцiла больш за 40 выданняў на польскай i лацiнскай мовах рознага зместу. Яе ўзнiкненню садзейнiчаў значны ўздым у культурным развiццi Бе­ларусi, пашырэнне мiжнародных культурных сувязяў i ўплыў Рэ­фармацыi. У ёй, паслядоўна змяняючы адзiн аднаго, працавалi друкары i кнiгавыдаўцы Б. Ваявудка, С. Мурмэлiус, Ц. Базылiк. Першыя выданнi Бернарда Ваявудкі адпавядалi патрэбам рэфармацыйнага руху. У 1563 г. на сродкi М. Радзiвiла на польскай мове была выдадзена "Брэсцкая", або "Радзiвiлаўская Бiблiя", якая з'яўляецца шэдэўрам кнiгадрукарскага мастацтва XVI–XVIII стст. Гэта вялiкi фалiянт, апраўлены ў скураную вокладку, з малюнкамi, выкананымi на высокiм мастацкiм i палiграфiчным узроўнi. Найбольшага роск­вiту Берасцейская друкарня дасягнула пад кiраўнiцтвам выдатнага прад­стаў­нiка культуры Адраджэння, паэта, перакладчыка, кампазiтара, выдаўца Цыпрыяна Базылiка. У гэты час выйшлi розныя палiтычныя, гiстарычныя, белетрыстычныя выданнi.

У пачатку 1560-х гадоў нясвiжскiм старастам Мацеем Кавя­чынскiм i мясцовым кальвiнiсцкiм прапаведнiкам Лаўрэнцiем Кры­ш­коўскiм у Нясвiжы была заснавана першая на Беларусi друкарня, якая карысталася кiрылаўскім шрыфтам. Iдэйным кiраў­нiком яе спачатку быў Сымон Будны. Нясвiжская друкарня ў 1562 г. выпусціла "Ка­тэхiзiс" Буднага – першы беларускамоўны твор, выдадзены ў межах сучаснай Беларусi, яго працу "Пра апраўданне грэшнага чалавека перад Богам", а, магчыма, i iншыя кнiгi Буднага, але яны да нас не дайшлi. У 1572 г. абсталяванне Няс­вiжскай друкарнi купiў магнат Ян Кiшка i тады ж у невялiкiм пры­ват­наўласнiцкiм мястэчку Лоску Ашмянскага павета Вi­лен­скага ваяводства (цяпер вёска Валожынскага раёна Мiнскай воб­ласцi) заснаваў новую друкарню, якая стала адным з цэнтраў рэфармацыйнага кнiгадрукавання. Мяркуюць, што яна працавала да 1592 г. Для працы сюды былi запрошаны з Нясвiжа Сымон Будны, Данiэль Лянчыцкi, Ян Карцан.

У сваiм радавым маёнтку Цяпiне (цяпер Чашнiцкi раён) заснаваў друкарню беларускi пiсьменнiк-гуманiст, адзiн з паслядоўнiкаў Ф. Скарыны Васiль Цяпiнскi (1530–1603) i ў 1580 г. выдаў там перакладзенае на беларускую мову "Евангелле" з уласнай прадмовай, якая стала адным з лепшых узораў беларускай патрыятычнай публiцыстыкi.

Буйная рэфармацыйная друкарня на Беларусi працавала і ў мястэчку Любча (Навагрудскi раён) у 1612–1656 гг. Яна была вельмi прадукцыйнай – выдадзена каля 100 выданняў на польскай i лацiнскай мовах, галоўным чынам свецкага зместу: творы антычных i рэфармацыйных пiсьменнiкаў, гiстарычныя i навуковыя дапа­можнiкi, школьныя падручнiкi, а таксама лiтургiчныя творы для пратэстанцкiх абшчын.

Залежнасць большасцi рэфармацыйных друкарняў ад уплывовых феадалаў-патронаў пратэстанцкiх абшчын (Радзiвiлаў, Вало­вiчаў, Глябовiчаў, Кiшак i iнш.) у значнай меры вызначыла знешнiя формы, мову, iдэалагiчную накiраванасць выданняў. Большасць з iх выйшла на польскай i лацiнскай мовах. Спарадычныя спробы выдання лiтаратуры на беларускай мове (вядомыя тры выданнi: "Катэ­хiзiс", "Пра апраўданне грэшнага чалавека перад Богам" С. Буднага i "Евангелле" В. Цяпiнскага) рабiлiся дэмакратычнымi дзеячамi рэфармацыйнага руху на Беларусi, якiя востра адчувалi ўзросшую патрэбу беларускага насельнiцтва ў друкаванай кнiзе на роднай мове, у асвеце, пiсьменнасцi.

Крызiс рэфармацыйнага руху ў Вялiкiм княстве Лiтоўскiм у канцы XVI – першай палове XVII ст. прывёў да аслаблення рэфармацыйнага кнiгадрукавання на Беларусi. У сярэдзiне XVII ст. тут працягвае дзейнiчаць толькi адна рэфармацыйная друкарня ў Любчы.

Соседние файлы в предмете [НЕСОРТИРОВАННОЕ]