Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
lekc2.doc
Скачиваний:
46
Добавлен:
10.11.2019
Размер:
1.89 Mб
Скачать

Царква і рэлігія на беларусі

Прывілеяванае становішча каталіцкай царквы ў ВКЛ. Паступовы крызіс праваслаў'я. Рэфармацыйны рух. Пачатак Рэфармацыі на Беларусі. Лютэранства і кальвінізм. Антытрынітарызм і сацыніянства. Дзеячы Рэфармацыі (Мікалай Радзівіл Чорны, Сымон Будны, Васіль Цяпінскі). Контррэфармацыя. Езуіты і іх дзейнасць на Беларусі. Ідэя царкоўнай уніі. Каляндарная рэформа і яе сутнасць. Прыхільнікі і праціўнікі уніі. Берасцейскі царкоўны сабор, прыняцце уніяцтва і яго сутнасць. Барацьба вакол уніяцкага пытання ў канцы XVI – першай палове ХVІІ ст.

Лекцыя 24. Рэлiгiя I царква на Беларусi ў XIII–XVI стст.

  • Праваслаўе ў палiтыцы вялiкiх князёў

  • Распаўсюджванне і прывілеі каталiцызму ў Вялікім княстве Літоўскім

  • Рэфармацыя

  • Контррэфармацыя. Дзейнасць езуiтаў на Беларусi

Праваслаўе ў палiтыцы вялiкiх князёў

Да канца XII ст. у Еўропе склалiся дзве вялiкiя, выразна размежаваныя рэлiгiйныя зоны: усходняя, праваслаўна-вiзантыйская, i заходняя, рымска-каталiцкая, кожная са сваёй iдэалогiяй i культурай. Мяжа памiж iмi праходзiла па Заходняму Бугу. Беларусь з прычыны свайго геапалiтычнага становiшча апынулася на памежжы двух хрысцiянскiх веравызнанняў, двух светаў – усходне- i заходнеславянскага – i стала месцам сустрэчы, сутыкнення i ўзаемадзеяння гэтых цывiлiзацый. Гэта вызначыла яе шмат у чым унiкальнае гiстарычнае становiшча ў Еўропе, абумовiла iндывi­дуальнасць яе духоўнай культуры i канфесiйную свое­асаблiвасць, наклала асаблiвы адбiтак на менталiтэт нашага народа. Вагаючыся памiж Захадам i Усходам i не з'яўляючыся прыхiльнай нi да таго, нi да другога, яна займала "цэнтрысцкую" пазiцыю, незвычайную i для Захаду i для Усходу, i стварыла свае арыгiнальныя нацыянальныя каштоўнасцi.

Суадносiны розных хрысцiянскiх плыняў на Беларусi ў розныя гiстарычныя перыяды мянялiся. У XI–XII стст. краіна стала амаль цалкам праваслаўнай, яе нацыянальна-культурнае развiццё прахо­дзiла пад дабратворным уплывам культуры Вiзантыi, якая зна­ходзiлася тады на больш высокiм узроўнi ў параўнаннi з Заходняй Еўропай. З другой паловы XIII ст. за духоўны ўплыў на бела­рускiх землях пачаў змагацца каталiцкi касцёл. У другой палове XVI ст. Вялікае княства Літоўскае апынулася перад выбарам – працяг старажытнай вiзантыйска-ўсходнеславянскай традыцыi цi зварот да Захаду.

Крэўская унiя парушыла манаполiю праваслаўнай царквы ў духоўным жыццi Беларусi. Зблiжэнне з каталiцкай Польшчай, гiбель Вiзантыйскай iмперыi ў 1453 г. i аслабленне ўплыву Канстан­цiнопальскага патрыярхату, канфрантацыя княства з Масквой пры­вялi да ўзмацнення сувязяў беларускiх зямель з заходнiм каталiцкiм светам, да больш актыўнага ўключэння iх у агульнаеўрапейскi палiтычны i культурны працэс. У канцы XIV – сярэдзiне XVI ст., нягледзячы на пашырэнне сферы ўплыву каталiцызму, тон у гра­мадскiм жыццi, iдэалогii, культуры задавала праваслаўная царква, а ўсходне- i заходнехрысцiянскiя ўплывы ўраўнаважвалi адзiн аднаго. Пасля Люблiнскай унii iх супрацьстаянне дасягае апагею, а раўнавага сiл схiляецца на карысць каталiцкага Захаду.

Балансаванне Беларусi памiж Усходам i Захадам вызначыла неабходнасць пошуку кампрамiсаў i зрабiла жывучай iдэю царкоўна-рэлiгiйнай унii. Менавiта тут была рэалiзавана iдэя скасавання падзелу i ўзмацнення хрысцiянства праз аб'яднанне, якая выношвалася не адно стагоддзе кiраўнiкамi праваслаўнай i каталiцкай цэркваў. З'явi­лася унiяцтва – неадназначны па сваiх вынiках феномен беларускай гiсторыi.

Вялiкаму княству Лiтоўскаму з моманту яго ўтварэння быў уласцiвы нацыянальна-рэлiгiйны дуалiзм. Жамойты i Лiтва спа­вядалi язычнiцтва. Асноўным веравызнаннем усходнеславянскага насель­нiцтва было праваслаўе. Язычнiцкая Лiтва i праваслаўная Русь мiрна суiснавалi пад уладай вялiкiх князёў. Стваральнiкi новай дзяржавы, застаючыся "паганцамi" ў душы, па палiтычных меркаваннях з лёгкасцю мянялi старых багоў на новага, балансуючы памiж усходнiм i заходнiм хрысцiянствам i язычнiцтвам. У 1246 г. прыняў "веру хрысцiянскую з Усходу з многiмi сваiмi баярамi" Мiндоўг. Перамена веры, вiдаць, была ўмовай абрання яго князем у праваслаўнай Навагародскай зямлi. Вывучаў "навукi рускiя" на Ва­лынi, у 1254 г. хрысцiўся ў праваслаўе i нават стаў манахам Войшалк – сын Міндоўга. Ён заснаваў каля Навагародка Лаўрышаўскi манастыр, якi павiнен быў стаць аплотам праваслаўнай хрысцiянiзацыi Лiтвы. Аднак бурлiвае жыццё, што прымушала мяняць расу на зброю, i раптоўная гiбель не далi здзейснiць гэтую задуму i пераадолець нацыяльна-рэлiгiйны дуалiзм дзяржавы. Праваслаўнымi былi большасць баяр пры Гедымiнавым двары, а сам князь сiмпатызаваў хрысцiянству. Альгерд яшчэ ў маладосцi прадпрыняў першы крок да праваслаўя, а незадоўга да смерцi прыняў гэту веру. Нейкi час яе спавядаў i Вiтаўт. Праект саюза княства з Масквой прадугледжваў пераход у праваслаўе Ягайлы. Цесна зрошчаная з усходне­сла­вянскiмi "рускiмi" этнiчнымi асаблiвасцямi вера, называючыся "рускай", садзейнiчала славянiзацыi правячай дынастыi. Надзённыя iнтарэсы ўсё больш падштурхоўвалi да хрысцiянскага свету i лiтоўскiх баяр. У 80-я гады XIV ст., да Крэўскай унii, было даволi рэальным хрышчэнне Лiтвы ў праваслаўе i завяршэнне распачатага стагоддзем раней працэсу яе славянiзацыi. Гэта магло зусiм iнакш павярнуць лёс усходняга славянства. Аднак перспектыва пераўтварэння княства ў выключна славянскую дзяржаву з дзяржаўнай праваслаўнай царквой не была рэалi­завана. Наступствы выбару, зробленага Ягайлам на карысць каталiцтва ў 1385 г., у поўнай меры адчулi яго пераемнiкi ў XV ст., калi канфлiкт памiж Вялiкiм княствам Лiтоўскiм i Вялiкiм княствам Мас­коўскiм стаў набываць не толькi палiтычную, але i рэлiгiйную афарбоўку.

Праваслаўе ўмацоўвала пазiцыi вялiкiх лiтоўскiх князёў на беларуска-ўкраiнскiх землях, з'яўлялася крынiцай сiлы iх дзяржавы, уздымала iх аўтарытэт у Паўночна-Усходняй Русi. Таму першыя князi падтрымлiвалi i апекавалi праваслаўную царкву. За кошт iх падараванняў яна павялiчвала свае багаццi – землi, залежных сялян, умацоўвала свае пазiцыi, узводзiла новыя цэрквы i манастыры i да канца XIV ст. не толькi манапольна панавала ў духоўным жыццi Беларусi, але i пашырала ўплыў у Летуве.

Тэрыторыя Беларусi ўваходзiла ў склад епархiй, што склалiся яшчэ ў старажытныя часы: Полацкай, Тураўскай i часткова Смаленскай i Уладзімiра-Брэсцкай. Яны кiравалiся епiскапамi i аб'яд­ноўвалiся ў Кiеўскую мiтраполiю, падпарадкаваную Канстанцi­нопальскаму патрыярхату. У канцы XIII – сярэдзiне XV ст. яна фармальна заставалася адзiнай для княства i Паўночна-Усходняй Русi. Пасля пераезду мiтрапалiта спачатку ва Уладзiмiр, а потым у Маскву i падтрымкi iм аб'яднальных пачынанняў маскоўскiх князёў вялiкiя лiтоўскiя князi дамагаюцца ад Кан­станцiнопаля прызначэння асобнага мiтрапалiта для сваёй дзяржавы. Пачынаючы з Вiценя, яны імкнуцца зрабiць праваслаўную царкву княства самастойнай. У 1317 г. з дазволу патрыярха была заснавана Лiтоўская мiтраполiя з рэзiдэнцыяй у Навагародку. Ёй падпарадкоўвалiся Полацкая i Тураўская епархii. Гэта спрыяла нейтралiзацыi царкоўна-палiтычнага ўплыву Маскоўскай дзяржавы на ўсходнеславянскiх землях княства i ўзмацняла пазiцыi Гедымiна i яго наступнiкаў ва Усходняй Еўропе. У 1415 г. Вiтаўт дамогся ад епiскапаў выбару мiтрапалiта без згоды патрыярха.

Мiтрапалiты i епiскапы прызначалiся вялiкiм князем. Вярхi праваслаўнага духавенства ў асноўным паходзiлi з мяшчан, зрэдку з дробнай i сярэдняй шляхты. Акрамя царкоўных, у iх не было iншых уладанняў, таму яны не мелi такой вялiкай ролi, як каталiцкiя бiскупы, большасць якiх паходзiла з магнацкiх сем'яў. Толькi з другой чвэрцi XVI ст. праваслаўныя епiскапы i мiтрапалiты пачалi абiрацца з лiтвінскай знацi. У XIV–XV стст. сярод царкоўных iерархаў значную частку складалi грэкi i балгары, прысланыя з Канстанцiнопаля. У XV ст. ім былi ўласцiвыя моцныя унiяцкiя тэндэнцыi, накiраваныя на пераадоленне расколу ў хрысцiянстве.

На пачатку XVI ст. большая частка насельнiцтва Беларусi спавядала праваслаўе. Шэсць праваслаўных храмаў было тады ў Гароднi, сем – у Полацку, дзесяць – у Навагародку, дванаццаць – у Пiнску. У Вiльнi i вакол яе было каля 20 цэркваў, палову насельнiцтва сталiцы складалi праваслаўныя лiтвiны. Праваслаўная царква Беларусi ўяўляла вялiкую сiлу.

Соседние файлы в предмете [НЕСОРТИРОВАННОЕ]