Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
lekc2.doc
Скачиваний:
46
Добавлен:
10.11.2019
Размер:
1.89 Mб
Скачать

Падзеі 1650 – 1651 гг. Вынікі вайны

Адносна спакойная другая палова 1649 г. і ўвесь 1650 год былі, па сутнасці, перыядам падрыхтоўкі абодвух бакоў да працягу вайны. Выконваючы ўмовы дагавора, Хмяльніцкі спыніў дзейнасць казацкіх "загонаў" на тэрыторыі Беларусі. Зацішша іграла на руку Радзівілу, які змог на працягу 1650 і зімы 1651 г. закончыць фарміраванне буйнога наёмнага войска і шляхецкага апалчэння ў лагеры пад Бабруйскам. Па задумках урада, армія гетмана павінна была выступіць у напрамку Кіева для нанясення ўдару казацкаму войску ў тыл. Пасля смерці Е. Асалінскага ў Варшаве набыла ўплыў “ваенная” партыя на чале з новым канцлерам М. Патоцкім.

У лютым 1651 г. кароннае войска аднавіла ваенныя дзеянні на тэрыторыі Украіны. Таксама армія Я. Радзівіла была гатова да новых ваенных дзеянняў. У мэтах папярэджання наступлення гэтага войска на Чарнігаўскае і Кіеўскае ваяводствы Хмяльніцкі накіраваў у межы ВКЛ казацкія атрады пад кіраўніцтвам Нябабы і свайго сына Юрыя. Зноў казацкія атрады рассыпаліся па аколіцах, зноў яны правакавалі бунты праваслаўнага насельніцтва. Загон Забелы рушыў на Гомель, загон Шохава – на Крычаў. Але штурмы гэтых гарадоў завяршыліся безвынікова.

Януш Радзівіл спешна выступіў з Рэчыцы да Лоеўскіх перапраў, каб адсекчы магчымае адступленне казакаў ва Украіну. Сілы казакаў, умацаваныя крымскімі татарамі, складалі каля 50 тыс. чалавек і значна перавышалі шляхецкае войска. Таму Радзівіл сустрэўся з пасламі Б. Хмяльніцкага і заключыў кампраміснае пагадненне: украінскі гетман выводзіць казацкія загоны з тэрыторыі ВКЛ, а вялікі гетман адмаўляецца ад паходу на Кіеў. Ахоўваць “браму” засталося толькі 3 тыс. казакаў (Чарнігаўскі і Нежынскі палкі). Але Р. Мірскі тайна каля Гомеля пераправіўся праз Сож і ударыў у тыл казакам, а 6 ліпеня Я. Радзівіл раптоўна напаў на пераправу праз Днепр. У выніку 1-гадзіннага бою “лоеўская брама” была занята шляхеца-наёмным войскам. Радзівіл праз Татарскі брод перайшоў на левы бераг Дняпра. Марцін Нябаба каля м. Рэпкі атакаваў Мірскага, але сам папаў пад удар Радзівіла і пацярпеў паражэнне. Параненага ў руку Нябабу засеклі шаблямі. Рэшткі казацкага войска адышлі да Чарнігава. Цяпер ужо войскі ВКЛ перайшлі мяжу з Украінай. Першы раз у гісторыі Рэчы Паспалітай шляхта Княства ўмяшалася ў ваенна-палітычны канфлікт на тэрыторыі Кароны.

Януш Радзівіл рашучымі дзеяннямі разбіў казацкія атрады на поўначы Украіны і толькі ў канцы ліпеня 1651 г. рушыў на Кіеў. 3 жніўня ён стаў пад сценамі старажытнага горада, а ўжо на наступны дзень увайшоў у Кіеў без бітвы. Кіяўляне папрасілі сваіх палкоўнікаў адразу вывесці войска, каб не быў зруйнаваны горад.

Перад гэтым Хмяльніцкі ў трохдзённай бітве (28–30 чэрвеня) пацярпеў паражэнне ад польскіх войск пад Берасцечкам. Трагічны яе вынік тлумачыцца найперш тым, што 50-тысячны загон Іслам-Гірэя ІІІ быў няздольны ваяваць у дні свята курбан-байрам.

Хмяльніцкі мусіў пагадзіцца на чарговае замірэнне. Белацаркоўскі мірны дагавор, падпісаны 18 верасня 1651 г., пацвярджаў прывілеі толькі рэестравага казацтва. Іх колькасць скарацілася да 20 тыс. чалавек. Пад кантролем Хмяльніцкага засталося толькі Кіеўскае ваяводства. Ён страціў права весці знешнюю палітыку. Да сваіх маёнткаў вярталася шляхта і яўрэі. Дагавор патрабаваў наогул вывесці казацкія фарміраванні з беларускіх зямель.

Ваенныя няўдачы прымусілі украінскага гетмана звярнуцца па дапамогу да рускага цара Аляксея Міхайлавіча. Земскі сабор 11 кастрычніка 1653 г. прыняў рашэнне пра ўключэнне Украіны ў склад Расіі.

Жорсткая вайна завяршылася паражэннем не толькі казакаў, але і сялянства, і гарадскіх нізоў. Паўднёвая частка Беларусі ўяўляла сабой зруйнаваныя гарады і спаленыя вёскі. Дзесяткі тысяч людзей загінулі або ад рук паўстанцаў, або ад шляхецкага войска. Казацка-сялянская вайна стала пачаткам “разбуральнага стагоддзя” у беларускай гісторыі, якое суправаджалася новымі ваеннымі выпрабаваннямі.

Антыфеадальная па сваёй сутнасці казацка-сялянская вайна 1648 - 1651 гг. у Беларусі была часткай вялікай вайны ва Украіне. Але тут яна не мела такой цэльнасці, як ва Украіне, і з’яўлялася серыяй лакальных паўстанняў. У Беларусі не было мясцовага казацтва – арганізаванай ваеннай сілы як галоўнага суб'екта гэтай вайны. Беларускія паказачаныя сяляне не мелі ні каардынацыі дзеянняў, ні свайго арганізацыйнага цэнтра. Таму нельга разглядаць гэту вайну як самастойную з'яву беларускай гісторыі. Аднак па маштабах яна была самай масавай у гісторыі Беларусі адкрытай узброенай барацьбой ніжэйшых слаёў грамадства супраць сацыяльна-рэлігійнага прыгнёту.

Асноўная літаратура

1. Гісторыя Беларусі: У 6 т. Т.3. Беларусь у часы Рэчы Паспалітай (XVIIXVIII ст.) / Ю.Бохан, В.Голубеў, У.Емельянчык і інш. – Мн., 2004.

2. Гісторыя Беларусі: У 2 ч.Ч. 1/ Пад рэд. Я.К.Новіка, Г.С.Марцуля. – Мн., 1998.

3. Нарысы гісторыі Беларусі: У 2 ч. Ч.1. – Мн., 1994.

4. Абецедарский, Л.С. Белоруссия и Россия: Очерки русско-белорусских связей второй половины ХVI – XVII в. / Л.С.Абецедарский. – Мн., 1978.

5. Вялікае княства Літоўскае : Энцыклапедыя. У 2 т. – Мн., 2005-2006.

6. Голобуцкий, В.А. Освободительная война украинского народа под руководством Хмельницкого (1648 – 1654 гг.) / В.А.Голобуцкий. – М., 1954.

7. Грабеньский, Вл. История польского народа / Вл. Грабеньский. – Мн., 2006.

8. Похилевич, Д.Л. Крестьяне Белоруссии и Литвы в XVI – XVIII вв. / Д.Л.Похилевич. – Львов, 1957.

9. Сагановіч, Г. Нарыс гісторыі Беларусі са старажытнасці да канца XVIII стагоддзя / Г.Сагановіч. – Мн., 2001.

10. Семененко, В.І. Історія Украïны з прадавніх часів до сьогодення / В.І.Семененко, Л.О.Радченко. – Харків, 2000.

11. Смолій, В.А. Богдан Хмельницький: Соціально-політич. портрет / В.А.Смолій, В.С.Степанков. – Киïв, 1993.

12. Снапкоўскі, У.Е. Гісторыя знешняй палітыкі Беларусі: Вучэб. дапам. У 2 ч. Ч. 1. – Мн., 2003.

13. Соловьев, С.М. История России с древнейших времен: В 15 кн. / С.М. Соловьев. – М., 1961. – Кн. 5 (т. 9 – 10).

Соседние файлы в предмете [НЕСОРТИРОВАННОЕ]