Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
lekc2.doc
Скачиваний:
46
Добавлен:
10.11.2019
Размер:
1.89 Mб
Скачать

Асаблівасці паўстання на тэрыторыі Літвы і Беларусі

У канцы сакавіка да паўстання далучыліся землі Вялікага княства Літоўскага. Першыя сутычкі з царскімі войскамі адбыліся ў Шаўлях (цяпер – Шаўляй) 16 красавіка. У ноч з 22 на 23 красавіка паўстанцы захапілі Вільню. З дапамогай гараджан невялікі атрад літвінскага войска (каля 500 чалавек) разбіў значна пераўзыходзячы гарнізон царскіх войскаў (3 тыс.). Паўстанцам удалося захапіць арсенал, узяць у палон начальніка гарнізона генерала Арсеньева і каля 1000 расійскіх салдат. Частка гарнізона на чале з маёрам М. Тучковым здолела прабіцца з Вільні. У сталіцы Вялікага княства была створана Вышэйшая рада на чале з якабінцам палкоўнікам Ясінскім.

Якуб Ясінскі, таксама як і Касцюшка, закончыў Варшаўскі кадэцкі корпус. У час Чатырохгадовага сойма быў накіраваны для арганізацыі корпуса інжынераў Вялікага княства Літоўскага, хутка стаў камендантам і палкоўнікам гэтага корпуса. У час ваенных дзеянняў 1792 г. ён у якасці палкоўніка прымаў удзел у баях. Ясінскі вядомы і як паэт, ім напісана больш за 40 твораў на польскай і беларускай мовах. Ён быў прыхільнікам рашучых ваенных дзеянняў, імкнуўся прыцягнуць да паўстання беларускіх сялян. Па сваіх палітычных поглядах Ясінскі знаходзіўся ў шэрагах радыкалаў.

Акрамя Я. Ясінскага, у Вышэйшую раду ўваходзілі наваградскі ваявода Восіп Весялоўскі, менскі кашталян Міхал Абуховіч, аршанскі маршалак Мікалай Храпавіцкі, менскі стараста Міхал Бжастоўскі, рэчыцкі падкаморы Станіслаў Валовіч, стражнік Вялікага княства Літоўскага Ігнат Гелгуд і інш. Неабходна адзначыць, што стварэнне асобнай Вышэйшай рады ў Вільні мела дваістае значэнне. З аднаго боку, такім чынам абвяшчаліся аўтаномія Вялікага княства Літоўскага і яго права на ўтварэнне свайго паўстанцкага ўрада, нягледзячы на прынятыя ў Канстытуцыі 3 мая ўсталяванні аб адзіных органах кіравання. З другога боку, цесныя стасункі паміж Касцюшкам і кіраўнікамі паўстання ў ВКЛ, каардынацыя ваенных дзеянняў абедзвюх частак унітарнай дзяржавы сведчылі аб па-ранейшаму трывалым саюзе. Больш таго, яшчэ да стварэння ў Вільні Вышэйшай рады, Берасцейскае ваяводства разам з Кобрынскім паветам абвясцілі аб далучэнні да Акта аўстання Кракаўскага ваяводства, а потым, калі становішча стала ўскладняцца, звярнуліся да Касцюшкі з просьбай, каб ён узяў кіраванне ваеннымі дзеяннямі на Брэстчыне ў свае рукі. Падобным чынам зрабілі і гарадзенцы.

24 красавіка ў Вільні быў створаны рэвалюцыйны Крымінальны суд, які разгледзеў справу "таргавічаніна" гетмана Шымана Касакоўскага. Згодна з рашэннем суда Касакоўскі быў пакараны смерцю. Радыкальныя дзеянні Вышэйшай рады на чале з Ясінскім напалохалі правае крыло кіраўніцтва паўстаннем. Пад націскам кансерватараў Касцюшка вымушаны быў звольніць Ясінскага з пасады кіраўніка Вышэйшай рады. Але паўстанне на Беларусі пашыралася. Сярод яго актыўных удзельнікаў быў Міхал Клеафас Агінскі, які за свае грошы сфарміраваў батальён з 480 егераў і сам яго ўзначаліў. Гэтае фарміраванне ваявала пад Смаргонню, Івянцом, каля Ашмян і пад Валожынам.

На пачатку мая Касцюшка, які так і не здолеў прабіцца ў бок Варшавы, адышоў у лагер пад Паланцом, каб забяспечыць сабе свабоду манеўру. 7 мая 1794 г. ён выпусціў Паланецкі універсал, які ўсталёўваў новыя заканадаўчыя нормы. Згодна з ім абвяшчалася апека ўрада над сялянамі, якія аб'яўляліся асабіста вольнымі. Зямля, як і раней, пакідалася ў валоданні памешчыкаў. Пайсці ад пана селянін мог толькі пры ўмове выплаты пазык і дзяржаўных падаткаў, а таксама паведаміўшы ў камісію кіравання аб месцы перасялення. Памешчык не меў права перасяляць сялян з зямлі, якой яны карысталіся. Скарочана была паншчына: на два дні там, дзе яна была больш за чатыры дні на тыдзень, на адзін дзень там, дзе паншчына складала ад двух да чатырох дзён, і на палову дня пры аднадзённай паншчыне. Сяляне заклікаліся старанна выконваць свае абавязкі адносна памешчыкаў, клапаціцца аб гаспадарцы, не адмаўляць памешчыку ў выпадку яго жадання наняць іх на працу. Спецыяльныя камісіі павінны былі сачыць за выкананнем усталяванняў універсала.

Адзін з артыкулаў гэтага дакумента папярэджваў, што ў выпадку невыканання памешчыкамі пунктаў новага заканадаўства яны будуць прыцягвацца да суда і разглядацца як ворагі паўстання. Паланецкі універсал меў ярка выражаны кампрамісны характар. Касцюшка, імкнучыся прыцягнуць на свой бок сялян, адначасова не хацеў страціць саюзнікаў сярод шляхты. Паланецкі універсал пайшоў значна далей за ўсе папярэднія рэформы ўрада Рэчы Паспалітай. На жаль, нават гэтыя палавінныя меры не падтрымліваліся шляхтай. Супраць палажэнняў універсала выступілі вярхі каталіцкага духавенства. Нягледзячы на гэта, палітыка Касцюшкі ў дачыненні да сялянства дала свой плён. Па няпоўных падліках, у час паўстання на тэрыторыі Рэчы Паспалітай дзейнічала каля 800 сялянскіх атрадаў, у некаторых бітвах прымала ўдзел да 6 тысяч сялян-касінераў.

Паўстанне ў ВКЛ дасягнула ў маі 1794 г. найвышэйшага ўздыму. Былі вызвалены ад царскіх войскаў Ашмяны, Браслаў, Навагародак, Ліда, Гародня, Ваўкавыск, Слонім, Бярэсце, Кобрын і іншыя гарады. Паўстанцкія атрады прабіліся нават на тэрыторыю, якая была далучана да Расійскай імперыі паводле другога падзелу. У канцы мая інсургенты ўзялі Пінск, а атрад пад кіраўніцтвам генерала Грабоўскага дайшоў да Бабруйска. Аднак у пачатку чэрвеня палітычная і ваенная сітуацыя пачала складвацца не на карысць паўстанцаў. Рускія і прускія войскі аб'ядналі свае сілы. Намаганні Касцюшкі перашкодзіць гэтаму аб'яднанню былі беспаспяховымі. Нягледзячы на колькасную перавагу аб'яднаных руска-прускіх сіл, 6 чэрвеня ён прыняў бой ля мястэчка Шчакаціны. Бітва скончылася цяжкім паражэннем паўстанцаў. Касцюшка вымушаны быў адвесці свае войскі, якія панеслі значныя страты. У выніку паражэння пад Шчакацінамі паўстанцы вымушаны былі пакінуць Кракаў.

Новае паражэнне пацярпела паўстанцкая армія 8 чэрвеня пад Хелмам. У выніку быў адкрыты шлях да Варшавы расійскаму корпусу, які наступаў з тэрыторыі Валыні. Нягледзячы на паражэнні, паўстанне пашыралася. У канцы чэрвеня пачаліся выступленні ў Курляндыі, паўстанцы захапілі Лібаву. Але ў пачатку ліпеня аб'яднаныя руска-прускія войскі аблажылі Варшаву, якую разам з часцямі рэгулярнай арміі Рэчы Паспалітай абараняла апалчэнне з гараджан. 20 ліпеня ўспыхнула паўстанне на землях, якія адышлі да Прусіі паводле другога падзелу. Гэта прымусіла Фрыдрыха II адцягнуць частку сваіх войскаў. За імі адышла і руская армія.

У сярэдзіне лета рускія войскі пачалі паступова выціскаць інсургенцкія атрады з тэрыторыі Беларусі. У жніўні пачаліся ваенныя дзеянні на подступах да Вільні. 12 жніўня сталіца ВКЛ была ўзята. Паўстанцы адышлі ў бок Нёмана. У гэты час на Беларусь прыехаў Касцюшка, каб дапамагчы ў арганізацыі новых атрадаў і паправіць становішча. Але сітуацыя яшчэ больш ускладнілася. 8 верасня царскі пасол у Стамбуле атрымаў абяцанне Турцыі захаваць мір з Расіяй, што дазволіла Кацярыне II перакінуць з турэцкай мяжы ў раён ваенных дзеянняў вайсковыя часці на чале з А. Суворавым. Корпус Суворава хуткім маршам рушыў з Украіны на тэрыторыю Беларусі, і яго нечаканае з'яўленне ў раёне Палесся паставіла ў цяжкае становішча дывізію інсургентаў пад кіраўніцтвам генерала Серакоўскага, пры якой у той час знаходзіўся Касцюшка. Адначасова на злучэнне з Суворавым з паўднёвага захаду рухаўся корпус генерала Ферзена. На дапамогу Серакоўскаму, які павінен быў затрымаць Ферзена, Касцюшка вырашыў прыцягнуць часці пад камандаваннем генерала Панінскага. Але гэта дывізія стаяла даволі далёка ад корпуса Серакоўскага, і загад Касцюшкі, дасланы ім з месца бітвы, не паспеў своечасова.

Соседние файлы в предмете [НЕСОРТИРОВАННОЕ]