Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
lekc2.doc
Скачиваний:
46
Добавлен:
10.11.2019
Размер:
1.89 Mб
Скачать

Першы падзел Рэчы Паспалітай

Яшчэ ў 1769 і 1770 гг., скарыстаўшы слабасць Рэчы Паспалітай, Аўстрыя захапіла частку Паўднёвай Польшчы (Спішскае стараства і частку Кракаўскага ваяводства). Прусія ў 1770 г. пад відам стварэння кардона ад «паморка» заняла частку Паўночнай Польшчы. Брат прускага караля Генрых прапанаваў Расіі праект падзелу Рэчы Паспалітай, але Кацярына II адмовілася, бо прэтэндавала на ўсю тэрыторыю гэтай краіны.

Перагаворы паміж Аўстрыяй, Прусіяй і Расіяй, якія ішлі на працягу 1771 г., завяршыліся канвенцыяй, заключанай у лютым 1772 года. Падпісанне афіцыйнага дакумента аб падзеле Рэчы Паспалітай стала настолькі фармальнай справай, што 25 мая 1772 г. Кацярына II выдае "Наказ" губернатарам Пскоўскай і Магілёўскай губерняў, якія павінны былі быць утвораны на далучаных тэрыторыях. У "Наказе" імператрыца прызначыла кіраўнікоў мясцовай адміністрацыі, дала распараджэнні аб першапачатковых мерапрыемствах, якія павінны быць выкананы на "землях, ад Польшчы вернутых". 5 жніўня 1772 г. у Пецярбургу была падпісана трохбаковая канвенцыя, згодна з якой акрэсліваліся ўмовы і межы падзелу.

Прусія анексіравала паўночна-заходнюю частку Польшчы, Аўстрыя – поўдзень Польшчы і Галіцыю. Расія атрымала землі на ўсход ад Дзвіны і Дняпра – Інфлянцкае ваяводства, вялікую частку Полацкага і Віцебскага ваяводстваў, Мсціслаўскае ваяводства і Рагачоўскі павет Мінскага ваяводства – усяго 92 тыс. кв. км і 1 млн 300 тыс. жыхароў. Згодна з тагачаснымі звычаямі "асветленыя" манархі тлумачылі свае дзеянні неабходнасцю ўзяць пад апеку землі Рэчы Паспалітай, якія з-за анархіі і магнацкіх спрэчак прыходзяць да заняпаду. Гэтыя сентэнцыі былі падмацаваны пералікам "гістарычных правоў" Расіі, Аўстрыі і Прусіі на анексіраваныя землі. На самой справе галоўнай прычынай падзелу было жаданне магутных суседзяў Рэчы Паспалітай перапыніць палітыку рэформаў і, карыстаючыся прыдатнай хвілінай, далучыць да сваёй тэрыторыі добры кавалак чужой зямлі. У дадзеным выпадку падзел менш цікавіў Расію, якая амаль цалкам кантралявала сітуацыю ў Рэчы Паспалітай. Але націск аўстрыйскага і асабліва прускага манархаў прымусіў Кацярыну II падпісаць Пецярбургскую канвенцыю.

Для зацвярджэння падзелу краіны Расія, Прусія і Аўстрыя настаялі на скліканні надзвычайнага сойма ў Варшаве. Кароль безвынікова звярнуўся да некаторых еўрапейскіх манархаў і папы рымскага з просьбай выступіць у абарону Рэчы Паспалітай.

Выбары паслоў на надзвычайны сойм у Княстве адбыліся 22 сакавіка 1773 года. Шляхта большасці паветаў ВКЛ наказала ім не пагаджацца на перадачу зямель Рэчы Паспалітай суседнім краінам. Але многія паслы на гэты сойм былі абраны ў выніку подкупу і шантажу з боку Расіі, Прусіі і Аўстрыі. Таме перад пачаткам работы сойма 16 красавіка была ўтворана канфедэрацыя з ліку лаяльных да падзелу паслоў і сенатараў на чале з каронным кухмістрам А. Панінскім. Гэта дазваляла правесці сойм без пагрозы ўжывання «ліберум вета».

Замежныя паслы (Штакельберг, Бенуа, Рэвітцкі) былі ўпэўнены ў поспеху. Але ў дзень адкрыцця сойма з пратэстам супраць абрання маршалкам сойма А. Панінскага як адкрытага прыхільніка Расіі выступіла невялікая група паслоў. Яе ўзначальвалі Тадэвуш Рэйтан, Самуэль Корсак, Станіслаў Багушэвіч. Яны пратэставалі супраць канфедэрацкага характару сойма, супраць правядзення яго ў Варшаве, паколькі кожны трэці сойм павінен быў праводзіцца ў Гародні. Апазіцыя 38 гадзін не пакідалі залу пасяджэнняў, каб не дапусціць абрання А. Панінскага, не паддаючыся ні на пагрозы, ні на подкуп. Але 21 красавіка кароль, а разам з ім і астатнія паслы далучыліся да канфедэрацыі. Т. Рэйтан і яго прыхільнікі былі вымушаны спыніць пратэст.

Соймавыя дэлегацыі падрыхтавалі праекты дагавароў з Аўстрыяй, Расіяй і Прусіяй, якія былі падпісаны адпаведна 21 жніўня, 1 верасня і 18 верасня. Згодна з іх умовамі Рэч Паспалітая навечна адракалася ад забраных зямель. Галоўная задача, дзеля якой і склікаўся сойм, была выканана. Заставалася вырашыць пытанне рэфармавання Рэчы Паспалітай, таму сойм некалькі разоў працягваў сваю работу і атрымаў назву «Трохгадовага» (1773 – 1775 гг.).

«Трохгадовы» сойм асудзіў Барскую канфедэрацыю, вызначыў умовы знаходжання расійскіх войскаў у Рэчы Паспалітай. Былі пацверджаны і дапоўнены «кардынальныя правы» 1768 года. Аднак правы дысідэнтаў былі абмежаваны. Яны зноў былі пазбаўлены права атрымліваць сенатарскія і міністэрскія пасады. На соймах у якасці паслоў дазвалялася быць толькі тром дысідэнтам: двум ад Польшчы і аднаму ад ВКЛ.

Па прапанове падканцлера ВКЛ Іахіма Храптовіча 14 кастрычніка 1773 г. была ўтворана Адукацыйная камісія. Яна дзейнічала аўтаномна і падпарадкоўвалася толькі каралю. Адукацыйная камісія стала першым міністэрствам асветы ў Еўропе. Пад яе кіраўніцтвам у далейшым адбылася рэформа сярэдняй і вышэйшай адукацыі.

Для кантролю за дзейнасцю караля частка магнатаў і расійскі пасол патрабавалі ўтварыць Пастаянную Раду, якая б выконвала функцыі цэнтральнай выканаўчай улады. У сакавіку 1775 г. яна была сфарміравана з 36 чалавек – 18 дэпутатаў сойма і 18 сенатараў. Гэтая Рада цалкам знаходзілася пад кантролем невялікай групы магнатаў, а таксама рускага пасла і не магла вырашыць надзённыя праблемы развіцця краіны. Толькі ў 1789 г. «пастаянная здрада», як яе называлі сучаснікі, была ліквідавана.

Таксама ў верасні 1775 г. сойм абмеркаваў эканамічныя рэформы. У прыватнасці, духавенства было пераведзена на дзяржаўнае ўтрыманне, адмяняліся ўнутраныя пошліны, уводзіліся аднолькавае мыта і пошліна на гандаль тытунем. У Рэчы Паспалітай стала дзейнічаць новае вексальнае права. Урад правёў праверку правоў шляхты на арэнду дзяржаўных маёнткаў з адпаведнай іх люстрацыяй.

Асноўная літаратура

1. Гісторыя Беларусі: У 6 т. Т.3. Беларусь у часы Рэчы Паспалітай (XVIIXVIII стст.) / Ю.Бохан, В.Голубеў, У.Емельянчык і інш.; Рэдкал.: М.Касцюк (гал. рэд.) і інш. – Мн., 2004.

2. Гісторыя Беларусі: У 2 ч. Ч. 1/ Пад рэд. Я.К.Новіка, Г.С.Марцуля. – Мн., 1998.

3. Нарысы гісторыі Беларусі: У 2 ч. Ч. 1. – Мн., 1994.

4. Анішчанка, Я.К. Беларусь у часы Кацярыны ІІ (1772 – 1796 гг.) / Я.К.Анішчанка. – Мн., 1998.

5. Анішчанка, Я.К. Інкарпарацыя: Літоўская правінцыя ў падзелах Рэчы Паспалітай / Я.К.Анішчанка. – Мн., 2003.

6. Грабеньский, Вл. История польского народа / Вл.Грабеньский. – Мн., 2006.

7. Грицкевич, А.П. Социальная борьба горожан Белоруссии (XVIXVIII вв.) / А.П.Грицкевич. – Мн., 1979.

8. Грыцкевіч, А. Апошні кароль / А.Грыцкевіч // Культура. – 1994. – 20 ліп.

9. Носов, Б.В. Установление российского господства в Речи Посполитой, 1756 – 1768 / Б.В.Носов. – М., 2004.

10. Сагановіч, Г. Нарыс гісторыі Беларусі са старажытнасці да канца XVIII стагоддзя / Г.Сагановіч. – Мн., 2001.

11. Соловьев, С.М. История падения Польши. Восточный вопрос / С.М.Соловьев. – М., 2003.

12. Швед, В.В. Паміж Польшчай і Расіяй: грамадска-палітычнае жыццё на землях Беларусі (1772 – 1863 гг.) / В.В.Швед. – Гродна, 2001.

13. Юхо, Я.А. Кароткі нарыс гісторыі дзяржавы і права Беларусі: Вучэб. дапам. / Я.А.Юхо. – Мн., 1992.

Соседние файлы в предмете [НЕСОРТИРОВАННОЕ]