Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
lekc2.doc
Скачиваний:
46
Добавлен:
10.11.2019
Размер:
1.89 Mб
Скачать

Рашэнні сойма 1764 г. Выбранне каралём Станіслава Панятоўскага

Канвакацыйны сойм распачаў сваю працу 7 мая 1764 г. Маршалкам быў выбраны Адам Чартарыйскі. Лідэры «рэспублікі» на другі дзень са сваімі прыхільнікам пакінулі сойм. Цяпер «фамілія» магла амаль без перашкод праводзіць рэформы. Сойм прыняў больш чым 180 пастаноў.

Праграму рэформ прадставіў каронны канцлер Анджэй Замойскі. Ён выказаўся на карысць рэформы падаткаў і гаспадаркі дзяржавы, пра неабходнасць змяніць становішча мяшчан і сялян, за аддзяленне царкоўных судоў у Рэчы Паспалітай ад Рыма.

Паколькі Прусія і Расія выступалі супраць ліквідацыі «ліберум вета» і ўвядзення спадчыннага трона, то Чартарыйскія пачалі рэформы паступова.

Найперш была ўпарадкавана работа сойма. У прыватнасці, пашырылі працягласць дзённых пасяджэнняў: цяпер дазвалялася весці абмеркаванне пастаноў «пры свечках». Для вырашэння эканамічных пытанняў ужо не патрабавалася ўсеагульнае ухваленне – дастаткова было прагаласаваць большасці паслоў. Яшчэ адна пастанова дазваляла паслам не падпарадкоўвацца наказам павятовай шляхты. Яны атрымалі права самастойна прымаць рашэнні пры разглядзе пытанняў унутранай і знешняй палітыкі дзяржавы.

Каб павысіць эфектыўнасць выканаўчай улады, былі створаны дзве Скарбавыя (фінансавыя) камісіі для ВКЛ і Польшчы на чале з падскарбіямі. У іх склад уваходзілі 2 сенатары і 7 шляхціцаў. Камісіі павінны былі збіраць падаткі, сачыць за размеркаваннем бюджэту, праводзіць рэгуліроўку руслаў рэк, заключаць гандлёвыя пагадненні.

Сойм для Польшчы ўтварыў вайсковую камісію, ліквідаваўшы гетманства. У ВКЛ пасада вялікага гетмана захавалася, таму што гетман Міхал Масальскі падтрымліваў на той час «фамілію».

Канвакацыйны сойм ліквідаваў прыватныя пошліны і ўстанавіў «галоўную пошліну», абавязковую для ўсіх жыхароў дзяржавы, у тым ліку шляхты, святарства і караля. Аднак ужо ў 1765 г. намаганнямі Прусіі яна была адменена.

Адбыліся і пэўныя змены ў адносінах да гарадоў: на іх карысць стала абкладацца падаткамі не толькі мяшчанства, але і шляхта, маючая тут нерухомасць. Сойм ліквідаваў абавязак мяшчан выдзяляць бясплатна кватэры паслам на сойм і ўдзельнікам шляхецкіх з'ездаў.

Таксама Чартарыйскія правялі пастанову, у адпаведнасці з якой каралём Рэчы Паспалітай павінен быў быць толькі польскі шляхціц, католік. Месцам каранацыі ўпершыню прызначалася Варшава.

Пасля заканчэння сойма Кароль Станіслаў Радзівіл паспрабаваў на чале сваёй надворнай міліцыі ў чэрвені 1764 г. здзейсніў рэйд на Падляшшы, спусташаючы маёнткі прыхільнікаў «фаміліі». Але пад Слонімам быў разбіты расійскім войскам і эмігрыраваў у Малдову, а потым у Венгрыю і Саксонію.

27 жніўня 1764 г. у Варшаве пачаў дзейнасць элекцыйны сойм. Сталіца была напоўнена расійскімі вайскоўцамі і надворнай міліцыі Чартарыйскіх. У выніку пяць тысяч шляхціцаў аднагалосна абвясцілі каралём 32-гадовага Станіслава Панятоўскага. Каранацыя адбылася 25 лістапада таго ж года ў дзень св. Кацярыны. Новы кароль з’явіўся не ў шляхецкім строі, а ў старажытным нямецкім касцюме. «Віншую вас з каралём, якога мы зрабілі», — напісала задаволеная Кацярына II канцлеру Расійскай імперыі графу Мікіце Паніну.

Станіслаў Аўгуст Панятоўскі, каб супрацьстаяць магнатам, падтрымліваў курс на рэформы. Пры гэтым ён арыентаваўся на Расійскую імперыю, якая павінна была ўраўнаважыць агрэсіўныя памкненні Прусіі. Але на самай справе, ні Расія, ні Прусія не жадалі падтрымліваць якія-небудзь змены ў Рэчы Паспалітай.

Чартарыйскія імкнуліся кіраваць краінай праз свайго пляменніка – караля. Але манарх імкнуўся да самастойнай унутранай і знешняй палітыкі. Такім чынам сапсаваліся адносіны паміж «фаміліяй» і Панятоўскім. Гэта вырашыў выкарыстаць новы расійскі пасол Мікалай Рэпнін, які замяніў памерлага Кайзерлінга. Па заданню канцлера Рэпнін пачаў праводзіць палітыку, накіраваную на адасабленне Станіслава Аўгуста ад Чартарыйскіх. Расійскаму паслу для рэалізацыі сваіх намераў патрэбна была адпаведная палітычная групоўка.

Дысідэнцкае пытанне”. Надзвычайны сойм 1767 – 1768 гг.

Пытаннем, якое зрабіла магчымым для Расіі і Прусіі ўмешвацца ва ўнутраныя справы Рэчы Паспалітай, была праблема дысідэнтаў – праваслаўных і пратэстантаў, абаронцамі якіх дзве вышэйназваныя дзяржавы выступалі згодна з ранейшымі пагадненнямі. У Рэчы Паспалітай правы дысідэнтаў былі значна абмежаваныя.

Наступленне на правы праваслаўных і пратэстантаў пачалося ў Рэчы Паспалітай яшчэ ў XVI ст. у часы Контррэфармацыі. У другой палове XVII –XVIII ст. на Беларусі больш за палову ўсіх праваслаўных цэркваў і пяць манастыроў былі аддадзены уніятам. Правы дысідэнтаў скарачаліся пастановамі соймаў і канфедэрацый. У 1668 г. была прынята пастанова, адпаведна якой асобы, якія перайшлі з каталіцызму ў праваслаўе або уніяцтва, павінны былі карацца выгнаннем. У канцы XVII ст. шэраг пастаноў забараніў праваслаўным выязджаць за мяжу, займаць пасады ў магістраце. Дысідэнты з 1661 г. не маглі выбірацца пасламі на соймы, а з 1733 г. – дэпутатамі ў Галоўны Трыбунал, іх правы былі суаднесены з правамі найбольш бяспраўнай меншасці – яўрэяў. Так, дысідэнтам дазвалялася хаваць сваіх нябожчыкаў толькі ноччу; шлюб, хрышчэнне, пахаванне яны маглі праводзіць па свайму абраду толькі з дазволу каталіцкіх святароў. Былі і іншыя забароны і спагнанні.

Пасля абрання на трон Рэчы Паспалітай Станіслава Панятоўскага палітыка ўлад у дачыненні да іншаверцаў не змянілася. На сойме 1764 г. была прынята пастанова аб пакаранні смерцю кожнага, хто зменіць каталіцтва на іншае веравызнанне. У 1766 г. кракаўскі епіскап Солтык прапанаваў сойму аб'явіць ворагам кожнага, хто асмеліцца сказаць на сойме слова на карысць іншаверцаў. Прапанова была прынята і атрымала сілу закона. Спагнанні на дысідэнтаў з боку ўлад у гэты час можна растлумачыць не толькі ціскам з боку фанатычных католікаў, якіх шмат было сярод магнатаў і шляхты, але таксама агульным накірункам унутранай палітыкі на уніфікацыю, кансалідацыю розных частак Рэчы Паспалітай, што павінна было ўзмацніць дзяржаву. З другога боку, ліквідаванне розніцы ў веравызнанні паміж рознымі часткамі Рэчы Паспалітай пагражала асіміляцыяй беларускаму, украінскаму і іншым народам.

Сам кароль не быў рэлігійным фанатыкам, таму схіляўся да ўраўнавання ў правах католікаў і дысідэнтаў. Але пры ўмове папярэдняй адмены права «ліберум вета». Чартарыйскія наадварот вырашылі не дапускаць рэформаў у дысідэнцкім пытанні, бо хацелі быць папулярнымі сярод шляхты. Гэта стала прычынай пагаршэння іх адносін з Расіяй.

Перад соймам 1766 г. Мікіта Панін падрыхтаваў праект, які прадугледжваў пашырэнне расійскіх гарантый і на пратэстантаў. Адначасова Прусія, Англія, Данія і Швецыя выступілі ў абарону сваіх адзінаверцаў у Рэчы Паспалітай. Усе разам яны дабіваліся доступу іншаверцаў у сойм і іншыя дзяржаўныя ўстановы.

Вырашэнне дысідэнцкага пытання канцлер звязваў з устанаўленнем расійскіх гарантый над дзяржаўным ладам Рэчы Паспалітай. Расія, абараняючы «ліберум вета», патрабавала ліквідацыі генеральнай канфедэрацыі, створанай на канвакацыйным сойме. Тым самым быў зроблены крок насустрач «рэспубліцы», якая выступала супраць караля і «фаміліі».

Сойм 1766 г. пачаў сваю работу яшчэ як канфедэрацкі, рашэнні на якім прымаліся большасцю галасоў. Ён пачаў сваю дзейнасць з пагроз з боку М. Рэпніна выкарыстаць 40-тысячнае войска ў выпадку ігнаравання патрабаванняў Расіі. Пасол сядзеў у крэсле з пакрытай галавой, а расійскую пазіцыю агучыў на рускай мове. Чартарыйскія пагадзіліся захаваць «ліберум вета», але выступілі супраць ураўнання католікаў і дысідэнтаў. Кароль настойваў на ліквідацыі ці далейшага абмежавання «ліберум вета». А ў дысідэнцкай праблеме быў гатовы пайсці насустрач замежным краінам.

У выніку сойм прыняў пастанову прадстаўніка «рэспублікі» М. Вяльгорскага. Яна замацавала існаванне «ліберум вета» на далейшыя 20 гадоў на несканфедэраваных соймах. Супраць гэтага рашэння выступілі толькі К. Панятоўскі і падскарбій ВКЛ А. Тызенгаўз. Таксама была распушчана генеральная канфедэрацыя.

Сойм 1766 г. правёў нязначныя рэформы выканаўчай улады. У прыватнасці, на павятовых сойміках пры абранні паслоў, дэпутатаў у Галоўны Трыбунал, земскіх ураднікаў і маршалка, а таксама пры ўхваленні інструкцый і пастаноў рашэнні павінны былі прымацца большасцю галасоў. Соймікам было забаронена ўстанаўліваць асобныя падаткі. Войска было пазбаўлена права самастойнага збору падаткаў на грашовае забеспячэнне.

Паколькі дысідэнцкае пытанне не было вырашана, то М. Рэпнін атрымаў указанне арганізаваць у Рэчы Паспалітай канфедэрацыю, каб прымусіць караля і «фамілію» да пакорнасці. Пад відам абароны інтарэсаў дысідэнтаў у канцы лютага 1767 г. былі ўведзены расійскія войскі.

Мікалай Рэпнін пры вайсковым і фінансавым забеспячэнні Расіі 20 сакавіка 1767 г. арганізаваў дзве дысідэнцкія канфедэрацыі: Слуцкую з праваслаўнай і пратэстанцкай шляхты (кіраўнік – пратэстант Ян Грабоўскі) і Торуньскую з пратэстантаў (кіраўнік – пратэстант Вільгельм Гольтц). Акты канфедэрацыі былі распрацаваны ў Пецярбургу. Кіраўнікі канфедэрацыі атрымалі па 335 тыс. злотых на іх падрыхтоўку. Пад актам Слуцкай канфедэрацыі падпісалася ўсяго 250 асоб. Праціўнікі потым папракалі іх тым, што ў акт былі ўпісаны нават малалетнія дзеці, і называлі гэту канфедэрацыю «цыганскай».

Слуцкая канфедэрацыя фактычна была пратэстанцкай. Праваслаўныя ў ёй, акрамя магілёўскага архіепіскапа Георгія Каніскага, не адыгрывалі вядучай ролі. Між тым у акце Слуцкай канфедэрацыі звярталася ўвага на бяспраўнае становішча ў Рэчы Паспалітай праваслаўнага насельніцтва. I слуцкія, і торуньскія канфедэраты патрабавалі вяртання ім правоў, засведчаных актам Варшаўскай канфедэрацыі 1573 года.

Але арганаваныя канфедэрацыі не мелі папулярнасці ў Рэчы Паспалітай. Нават кароль прыняў іх як прадстаўнікоў праваслаўнага і пратэстанцкага насельніцтва, а не лідэраў шляхецкіх саюзаў. Тады Кацярына ІІ загадала наладзіць кантакты з «рэспублікай», паабяцаўшы яе кіарўнікам дэтранізацыю караля ўзамен на станоўчае вырашэнне дысідэнцкай праблемы. Былі ўтвораны дзве новыя канфедэрацыі: Віленская (3 чэрвеня 1767 г.) на чале з Міхалам Бжастоўскім і Радамская (23 чэрвеня) на чале з Каролем Станіславам Радзівілам.

Мікалай Рапнін угаварыў «пане Каханку» узначаліць каронных канфедэратаў за абяцанне вярнуцца на радзіму з эміграцыі, атрымаць канфіскаваныя маёнткі і пасаду ваяводы. Таму ў пачатку ліпеня 1767 г. дзве канфедэрацыі аб'ядналіся ў генеральную (Радамскую), а гэта – каля 80 тысяч шляхты.

Паміж канфедэрацыямі (Слуцкай, Торуньскай і Радамскай) адбыліся перамовы. Было вырашана разглядзець дысідэнцкую праблему на будучым надзвычайным сойме. Пад час выбараў паслоў расійскі пасол аддаліўся ад «рэспублікі» і тым самым забяспечыў немалую частку месцаў для «фаміліі» і караля. Лідэры Радамскай канфедэрацыі (кракаўскі біскуп Каэтан Солтык і інш.) апынуліся ў складанай сітуацыі. Яны ўзначальвалі пракаталіцкі рух, а павінны былі садзейнічаць зацвярджэнню палітычных правоў дысідэнтаў.

Надзвычайны сойм пачаў працу 5 кастрычніка 1767 г. як канфедэрацыйны. Маршалкам быў выбраны Кароль Радзівіл. Спецыяльная камісія пасля перамоў з М. Рапніным прапанавала праект пастановы, які выклікаў адпор з боку часткі паслоў і сенатараў на чале з біскупам К. Солтыкам. Гэта пагражала зрывам сойма, таму ў ноч з 13 на 14 кастрычніка па загаду Рапніна былі арыштаваны і вывезены ў Калугу біскупы К. Солтык і А. Залускі, польны гетман Вацлаў Ржэвускі з сынам Севярынам.

19 кастрычніка сойм вылучыў са свайго складу «дэлегацыю» ў колькасці 68 чалавек для выпрацоўкі пастановы. У яе ўвайшлі прадстаўнікі апазіцыі, Станіслава Аўгуста, «рэспублікі» і «фаміліі». Узначальваў працу «дэлегацыі» прымас саксонец Габрыэль Падоскі. Ён быў платным агентам Рапніна і ворагам Чартарыйскіх.

5 сакавіка 1768 г. праекты пастаноў, распрацаваныя «дэлегацыяй», былі ўхвалены соймам. Дысідэнты атрымалі права доступу да ўсіх дзяржаўных пасад. Ім была гарантавана свабода культу, права будовы і рамонту храмаў, адкрыцця пры іх школ. Дысідэнты былі вызвалены з-пад каталіцкай царкоўнай юрысдыкцыі. Для вырашэння рэлігійных канфліктаў павінен быў утварыцца «змешаны суд». Таксама дазваляліся змешаныя шлюбы. Адпаведна сыны павінны былі спавядаць веру бацькі, а дочкі – веру маці. За каталіцкай верай было пакінута пануючае становішча ў дзяржаве, а пераход з каталіцтва ў іншыя веравызнанні забараняўся і караўся выгнаннем з краіны.

Дзяржаўны лад Рэчы Паспалітай вызначаўся «кардынальнымі правамі». Яны прадугледжвалі: 1) «ліберум вета»; 2) свабодны выбар манарха; 3) права на канфедэрацыі; 4) права шляхты займаць дзяржаўныя пасады, валодаць і распараджацца зямлёй і сялянамі; 5) вечнасць уніі ВКЛ і Польшчы.

Спецыяльная пастанова сойма дазваляла сяліць вольных людзей на пустых землях. Імігранты пасля трохгадовага пражывання ў Рэчы Паспалітай маглі атрымаць правы мяшчан або сялян. Была ўведзена адказнасць шляхціца за забойства селяніна.

Пастанова аб дысідэнтах і «кардынальныя правы» былі прыкладзены да «вечнага трактата» з Расіяй 1768 года. Такім чынам Расійскія імперыя стала выступаць гарантам нязменнасці дзяржаўнага ладу Рэчы Паспалітай.

«Дзяржаўныя справы» (увядзенне падаткаў і колькасці войска, абвяшчэнне вайны і падпісанне міру, скліканне паспалітага рушэння, гандлёвыя пагадненні і саюзы, парадак соймаў і соймікаў, курс манеты, прызнанне іншаземнага шляхецтва ў Рэчы Паспалітай, увядзенне ў шляхецтва і інш.) падлягалі кампетэнцыі «вальных» соймаў і маглі быць на іх зменены шляхам адзінагалоснага ўхвалення. На канфедэрацкіх соймах пакідалася магчымасць прымаць пастановы ў гэтых пытаннях большасцю галасоў.

«Справы эканамічныя» павінны былі зацвярджацца большасцю галасоў. Гэта павінна было гарантаваць нармальную дзейнасць фінансаў дзяржавы.

Сойм 1767 – 1768 гг. можна разглядаць як кампраміс караля з Расіяй і паражэнне «рэспублікі». Апошнія не здолелі спыніць рэформы, дэтранізаваць С. Панятоўскага. Але самым адчувальным для апазіцыі стала іх капітуляцыя ў дысідэнцкім пытанні.

Соседние файлы в предмете [НЕСОРТИРОВАННОЕ]