Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
lekc2.doc
Скачиваний:
46
Добавлен:
10.11.2019
Размер:
1.89 Mб
Скачать

Абарона Пінска і першы рэйд Радзівіла

У кастрычніку 1648 г. войска стражніка Рыгора Мірскага атакавала Пінск, жыхары якога, баючыся кары, дамовіліся з казакамі бараніцца да апошняга. Каб казакі да Нараджэння Хрыстова не адступілі з горада, пінчукі абаяцалі ім 10 тыс. злотых і пэўнае жалаванне, кожнаму па 10 капеек, кажухі, боты і шапкі. Мяшчане рабілі завалы на вуліцах, паглыблялі равы і ўзмацнялі гарадскія сцены. Рамеснікі са свінцовых рам езуіцкага манастыра і будынкаў калегіума адлівалі кулі.

Раніцай 26 кастрычніка ў горад уварваўся Самуэль Камароўскі з некалькімі ротамі конніцы. Не сустрэўшы супраціўлення на ўскраінах Пінска, кавалерысты спыніліся толькі ў раёне рынку і будынкаў езуіцкага калегіума, бо мост, які вёў на ратушную плошчу, аказаўся разабраным. Вузкія вуліцы аказаліся запоўненымі коннай шляхтай і наёмнікамі. Засеўшы ў будынку езуіцкага касцёла і бліжэйшых дамах, гараджане адкрылі моцны ружэйны агонь. Наёмнікі ў паніцы пабеглі. Аднак вуліцы, якія вялі з горада, ужо былі загароджаны перавернутымі вазамі і грудамі каменняў. У жорсткай бойцы ля гарадскіх сцен пінчукі завяршылі разгром рэгулярных войск і шляхты.

Тады да Пінска падцягнуліся іншыя харугвы. Пасля артылерыйскага абстрэлу ў сценах утварыліся праломы. Праз іх драгуны Гасеўскага, рэйтары Шварцкопфа і пяхота Падалеўскага ўварваліся ў горад. Вуліцы Пінска ператварыліся ў ачагі абароны. Нападаўшым прыходзілася штурмам браць амаль кожны дом. Мірскі загадаў запаліць горад. Аднак гараджане працягвалі страляць з ахопленых агнём дамоў. Абарона была настолькі адчайнай, што спатрэбіліся яшчэ амаль суткі, каб канчаткова падпарадкаваць Пінск. Толькі частка казацкай конніцы здолела ўцячы берагам Прыпяці.

Назаўтра настаў трагічны час для пінчукоў: горад на два дні быў аддадзены "на агонь і рабунак". "Уціхамірванне" палескай сталіцы абярнулася яе вялікай трагедыяй. Нават канцлер Альбрыхт Радзівіл наракаў на гетмана, што той дазволіў наймітам знішчыць горад і спустошыць усё Пінскае староства. У крыніцах адзначаецца, што з 6 тыс. дамоў горада згарэла 5 тыс.

З Пінска войска Валовіча пайшло праз Моталь на Нобель. Аднак цяпер больш актыўнымі былі казакі, акрыленыя перамогай Хмяльніцкага пад Піляўцамі. Харугвы Валовіча мусілі адыйсці ажно пад Слуцк. Я. Радзівіл пасля элекцыйнага сейма ў пачатку 1649 г. з’явіўся ў Берасці, дзе стаялі павятовыя харугвы Феліцыяна Тышкевіча. Ужо 20 студзеня 4-тысячная дывізія трыма калонамі рушыла на ўсход. У Нобелі да гетмана далучылася войска стражніка Мірскага, і армія пайшла на Давыд-Гарадок і на Тураў. 5 лютага Радзівіл дайшоў да пакінутага паўстанцамі Турава. Горад быў узяты і спалены.

Наступным горадам быў Мазыр. Да яго таксама спяшаліся казакі на чале з Міхненкам. Прапанову капітуляваць ён адхіліў. 9 лютага наёмнікі і шляхцічы кінуліся на штурм Мазыра, аднак са стратамі вымушаны былі адступіць. Абарону горада ўзначаліў мясцовы майстар-сядляр, яму дапамагаў Міхненка. Войска гетмана 16 разоў штурмавала горад, але кожны раз адступала. Тады жаўнеры пад прыкрыццём саней з дровамі захапілі шанцы, знеслі вастракол і выбілі брамы для конніцы. Харугвы ўварваліся ў горад і завязалі бой з абаронцамі, большая частка якіх палегла ў сечы. Штурм, пачаты раніцай, ледзь скончыўся ноччу. На два дні ўзяты Мазыр быў аддадзены на рэквізіцыю гетману. Міхненку скінулі з гарадской вежы на абледзянелыя камні.

Ад Мазыра Радзівіл павярнуў на поўнач і ўжо ў канцы лютага стаяў пад Бабруйскам, у якім засеў казацкі атаман Паддубскі (Паддубіч). Аблога доўжылася некалькі тыдняў. Урэшце лазутчыкі схілілі бабруйскіх мяшчан здацца. Праз сваіх парламенцёраў яны папрасілі прыняць іх капітуляцыю. Гетман паставіў умовы: каб усе жыхары па аднаму выйшлі за валы, здалі зброю і ключы ад брамаў, а таксама выдалі кіраўнікоў бунту і ўсіх, хто служыў пад казацкай харугвай. Бабруйчане прынялі гэтыя ўмовы і практычна здалі казакоў у рукі Радзівіла. У ноч на 12 лютага 1649 г. наёмнікі і шляхцічы падышлі да гарадской брамы, якая загадзя была адчынена змоўшчыкамі. Войска ўварвалася на вуліцы Бабруйска, паўстанцы на чале з Паддубскім пасля кароткага супраціўлення былі перабіты.

Пасля капітуляцыі Бабруйска гетман стрымаў слова і не дазволіў рабаваць горад. "Пахолка аднаго за адну хустку, якую быў узяў,... загадаў на браме павесіць, хустку пры ім паклаўшы". Паддубскага пасадзілі на кол. Сурова пакаралі падазроных: 9 чалавек былі пасаджаны на калы, 40 - пакараны смерцю, у 270 казакоў загадаў адсекчы правую руку, трымаўшую зброю, каб застрашыць іншых. За гэта Хмяльніцкі ў адказ пакляўся пакараць смерцю 4 тыс. палонных.

Пакінуўшы Рэчыцу, казакі адступілі далей на поўдзень, і Януш Радзівіл збіраўся пераходзіць на Украіну, але паміж Хмяльніцкім і каралём Янам ІІ Казімірам было заключана перамір'е. Гэтым і завяршылася першая антыказацкая кампанія. Пакінуўшы войска на зімовых кватэрах пад Рэчыцай, Рагачовам і на Прыпяці, гетман ад'ехаў у Слуцк.

Соседние файлы в предмете [НЕСОРТИРОВАННОЕ]