Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
lekc2.doc
Скачиваний:
46
Добавлен:
10.11.2019
Размер:
1.89 Mб
Скачать

Антыуніяцкія хваляванні

Пралікі, дапушчаныя пры распаўсюджванні уніяцтва полацкім архіепіскам Ясафатам Кунцэвічам, і актывізацыя праваслаўнай апазіцыі на мяжы 10–20-х гадоў ХVІІ ст. прывялі да шэрагу выступленняў на ўсходзе Беларусі, дзе былі больш моцныя пазіцыі праваслаўя. У сваёй зацятасці ўладыка полацкі пераступіў небяспечную мяжу, за якой пачыналася жорсткасць: зачыняў праваслаўныя цэрквы, праследаваў праціўнікаў уніі. Яго дзейнасць да таго распаліла атмасферу на паўночным усходзе Беларусі, што выклікала сур'ёзную трывогу ўлад. З асуджэннем метадаў Кунцэвіча выступіў у 1621 г. канцлер Леў Сапега. "Каго вы набылі суровасцю, такой строгасцю, запячатваннем цэркваў? – пытае канцлер у лісце да архіепіскапа. – Вы згубілі тых, якія ў Полацку былі ў вас у паслушэнстве. З авечак вы іх зрабілі казлішчамі, наклікалі небяспеку на дзяржаву, а можа, і пагібель на ўсіх нас, каталікоў". Замест карысці, робіць вывад Сапега, унія прынесла "смутак, клопаты і неўладкаванасць, … што лепш і карысней адмовіцца ад яе". На думку канцлера, грубыя метады распаўсюджвання уніі сталі прычынай таго, што палачане ўзбунтаваліся супраць свайго архіепіскапа, што маскавіты не жадаюць мець у сябе на троне польскага каралевіча Уладзіслава, што ў краіне такія вялікія неўладкаванасці. Сапега папярэджваў Кунцэвіча, што яго дзейнасць можа прывесці да "вялікага абурэння і кровапраліцця".

Распальванню антыуніяцкіх настрояў у епархіі спрыяла дзейнасць вядомага пісьменніка-палеміста і ўплывовага царкоўнага дзеяча Мялеція Сматрыцкага, які ў 1620 г. быў прызначаны патрыярхам на полацкую епіскапскую кафедру, ужо занятую ў 1618 г. Кунцэвічам. Атрымалася двоеўладдзе. Сматрыцкі асталяваўся ў Вільні, абвясціў аб адлучэнні Ясафата ад царквы і разаслаў па епархіі граматы, у якіх дыскрэдытаваў свайго канкурэнта.

У 1619 г. архіепіскап-уніят, заручыўшыся граматай Жыгімонта ІІІ на падпарадкаванне сабе ўсіх праваслаўных цэркваў Полацкай епархіі, накіраваўся ў Магілёў з цвёрдым намерам увесці там унію. Даведаўшыся аб набліжэнні Кунцэвіча, магілёўцы зачынілі гарадскую браму і, засеўшы на вале, навялі на "душахвата" гарматы, пагражаючы яму смерцю, калі ён задумае пранікнуць у іх горад. Наблізіўшыся да брамы, архіепіскап пачуў пракляцці ў свой адрас, крыкі з патрабаваннем забіць адступніка. "Калі гэты ўладыка-адшчапенец яшчэ наблізіцца да горада, …то мы заб'ём яго, паколькі не прызнаём яго сваім пастырам і епіскапам і пра яго ведаць не хочам", – заявілі паўстанцы.

Кунцэвіч паскардзіўся на жыхароў Магілёва ў Варшаву. Жыгімонт ІІІ расцаніў іх учынак "як абразу не толькі полацкага ўладыкі, але і нашай каралеўскай улады" і загадаў "ініцыятараў і зачыншчыкаў гэтага абурэння і бунту пакараць смерцю". Каралеўскі суд прыгаварыў 20 гараджан да смяротнай кары, а ўсе праваслаўныя цэрквы і манастыры з іх маёмасцю перадаваліся пад юрысдыкцыю Кунцэвіча. Усіх праваслаўных манахаў і папоў абавязалі падпарадкавацца уніяцкаму архіепіскапу, а мяшчанам забаранілі ўмешвацца ў царкоўныя справы. За кожны выпадак парушэння судовага прыгавору ўстанаўліваўся штраф у памеры 20 тыс. злотых.

У 1621–1623 гг. адбыліся антыуніяцкія выступленні ў развярэджаным Сматрыцкім Віцебску. Повадам для паўстання з'явіўся арышт па загаду Кунцэвіча праваслаўнага папа Іллі, які ранкам 12 лістапада 1623 г. праводзіў за горадам тайнае богаслужэнне ў часовым культавым збудаванні. (Усе праваслаўныя цэрквы былі закрыты па загаду Кунцэвіча.) У 7 гадзін раніцы ў Віцебску ўдарылі званы. З усіх канцоў горада і з навакольных вёсак пачалі сцякацца натоўпы людзей. Каля тысячы чалавек з крыкамі "Смерць драпежніку-душахвату" рынуліся да рэзідэнцыі Кунцэвіча. Разламаўшы плот і вароты, уварваліся ў двор. У той час, як адны распраўляліся з уладыкам, іншыя збівалі епіскапскіх слуг, трэція абклалі саломай дом і падпалілі яго. Труп Кунцэвіча кінулі ў Дзвіну. Разграмілі рэзідэнцыю архіепіскапа, "все повредили вничь обратили", захапілі каштоўнасці, грошы, зерне, шматлікія дакументы.

Хваляванні ў Віцебску працягваліся да канца лістапада. Захады гарадскіх улад па іх падаўленню былі малаэфектыўныя. "Тыя свавольники, – даносіў віцебскі магістрат, – … знову нам самим отповедают, обецуючысе повторе збунтовавшисе, вязнев з турмы поотбитити и нам самим на дамы нашы нашодшы и нас самих позабият. И где ж дей тых бунтовников ест великая громада и мы дей сами собе и врядом своим от так великое сваволи жадною мерою отнятися не можем".

Народны гнеў зведалі на сабе і прадстаўнікі гарадскіх улад. Паўстанцы да паўсмерці збілі віцебскага лентвойта, "еще и на уряд грозились".

Папа Рымскі Урбан VІІІ адгукнуўся на тыя падзеі суровым лістом да Жыгімонта ІІІ: "Няхай будзе пракляты той, хто ўтрымае свой меч ад крыві!… Няхай ерась адчуе, што ёй няма літасці".

Па загаду караля ў Віцебску адбыўся надзвычайны камісарскі суд на чале з Л. Сапегам. Камісары правялі расследаванне і вынеслі жорсткі прыгавор. 120 чалавек былі прыгавораны да пакарання смерцю (100 з іх – завочна, бо збеглі і іх лёс нам невядомы), астатнія – да іншых мераў пакарання. Маёмасць пакараных была канфіскавана. Горад быў пазбаўлены магдэбургскага права і ўсіх прывілеяў, але праз некалькі гадоў яны былі вернуты Віцебску за перамогу над маскавітамі. Акрамя таго, за прычыненую шкоду жыхары горада павінны былі заплаціць штраф у памеры 3079 талераў. Званы цэркваў і ратушы звон, выкарыстаныя для закліку да паўстання, суд прадпісаў зняць і пераліць у адзін вялікі звон, зрабіўшы на ім памятны надпіс аб падзеях 1623 г.

Ужо праз год пасля забойства Рым абвясціў Ясафата блажэнным, а ў 1867 г. папа Пій ІХ кананізаваў мучаніка. Мошчы полацкага святога захоўваюцца ў Рыме, у галоўным Храме католікаў свету – саборы св. Пятра.

Хаця прамых доказаў дачынення М. Сматрыцкага да забойства Кунцэвіча не было, ён палічыў за лепшае схавацца – адправіўся ў падарожжа на Блізкі Усход, адкуль вярнуўся ўжо прыхільнікам уніяцтва.

У 1632 г. Маскоўская дзяржава пачала вайну з Рэччу Паспалітай за Смаленск і Чарнігаў. Яе асобныя атрады ўступілі ў межы Беларусі і паспрабавалі захапіць Полацк. У чэрвені 1633 г. да горада з поўначы, ад Вялікіх Лук, падышоў адзін з атрадаў. Наступлення на гэтым напрамку кіраўніцтва Вялікага княства Літоўскага не чакала, і горад да абароны не быў падрыхтаваны. Ваявода і войт, калі стала вядома аб набліжэнні чужога войска, абавязалі гараджан пабудаваць у Ніжнім Замку вежу, даць лес для яе будаўніцтва, умацаваць гарадскія сцены. Адначасова было загадана, каб усе жыхары Запалоцця перасяліліся ў Верхні Замак.

Аднак велізарны натоўп палачан сабраўся ля ратушы і заявіў аб адмове выканаць гэта распараджэнне. Натоўп узначальвалі Іван і Васіль Харкевічы, Іван Куцок, Спірыдон Бацечка, Васіль Крывуша і іншыя гараджане. Расправіцца з "бунтаўшчыкамі" гарадскія ўлады не паспелі: ноччу з 12 на 13 ліпеня 1633 г. маскоўскі атрад нечакана захапіў Запалоцце, Ніжні Замак і асадзіў Верхні, але ўзяць яго не змог.

Падыход умацаванняў, высланых каралём, прымусіў маскоўскае камандаванне зняць аблогу і адысці на сваю тэрыторыю: разам з імі ў Расію пайшлі і многія жыхары Полацка. 30 жніўня Уладзіслаў ІV паслаў грозную грамату, у якой патрабаваў, каб яны "зноў вярнуліся ў горад, у ім адбудоўваліся і болей не разыходзіліся". За невыкананне гэтых патрабаванняў ён пагражаў канфіскацыяй маёмасці. Аднак перасяленні на непрыяцельскую тэрыторыю працягваліся.

Тады кароль накіраваў палачанам новую грамату, вытрыманую ў зусім іншым духу. Мяшчан ён называў "слаўнымі", "вернымі", "мілымі". "Дошли до нас вести, – пісаў ён, – что вы по сожжении неприятелем города нашего Полоцка не только не хотите отстраиваться на прежних своих местах, но и самый горад и пограничные крепости покинувши, переходите со всем своим имуществом в места, временно находящиеся в руках неприятеля, и там водворяетесь, что нам причиняет немалую заботу. Поэтому напоминаем вам и строго приказываем, чтобы вы не покидали этого города, для нас и Речи Поспалитой столь важного".

Тыя жыхары Полацка, што засталіся ў горадзе, працягвалі барацьбу. 12 лістапада 1633 г. на полацкага уніяцкага архіепіскапа Антонія Сяляву двойчы быў зроблены замах. Слугі Сялявы затрымалі трох чалавек – Івана Філіповіча, Хадко Мікуліча і Сцешку Залозіча, якія "учинили большой шум", лаялі і абражалі архіепіскапа, спрабавалі фізічна расправіцца з ім і яго чэляддзю, абстралялі іх з агнястрэльнай зброі. Аднак вялікі натоўп жыхароў горада, "учыніўшы вялікі бунт і окрык", адбілі затрыманых у аховы і не дазволілі расправіцца з імі.

У студзені 1633 г. адбыліся хваляванні ў Магілёве ў сувязі з намерам мясцовага уніяцкага духавенства схаваць царкоўныя каштоўнасці, каб яны не дасталіся маскоўскаму войску, якое набліжалася да горада. Ігумен Гервасій паслаў манахаў-базыльян зняць званы з царквы св. Васіля. Але рамеснікі і гарадская бедната, "збунтовавшись, з галасом, криком, з бердышами, кийми и иншими, до бою належачими бронями", напалі на манахаў і не далі зняць званы, многіх збілі і ранілі.

За выступленне супраць мясцовага духавенства 85 магіляўчан былі прыцягнуты да суда. У час судовага разбору высветлілася, што гараджане "неоднократно чинили духовным особам различные обиды", што яны "издавна привыкли устраивать среди поспольства мятежи, восставая против властей". Удзельнікі выступлення былі прыгавораны да ўплаты штрафа ў памеры 10 тыс. злотых, у тым ліку 5 тыс. ігумену базыльянскага манастыра. Аднак абвінавачваемыя адмовіліся выканаць гэтую пастанову.

Хваляванні ў Магілёве ў сувязі з гэтай падзеяй мелі працяг і ў наступныя гады. Так, у час аднаго з судовых пасяджэнняў краўцы Іван Алексеевіч, Міхаіл Харытановіч і Андрэй Хацковіч пры пыдтрымцы 5 тыс. рамеснікаў "с галасом, тумултом немалым" прыйшлі ў ратушу "и, судить помешав, … королевскому декрету противились, приговор чинить за декретами… моцно не допустили", пагражалі самім членам магістрата, збілі іх слуг. Іван Аляксяевіч заявіў суддзям, што ігумен "и манеты адной ад нас не атрымае". Адзін з членаў Магілёўскага брацтва выступіў з абуральнай прамовай супраць духавенства: "До коих же пор будем терпеть их,… что их бояться, великий Могилёв очиститься от чернцов".

Трох названых кіраўнікоў выступлення прыгаварылі да пакарання смерцю за тое, што яны "ўзнялі руку на ўладу". Справа была перададзена ў каралеўскі суд, які павялічыў памер штрафа ў тры разы. Але гараджане па-ранейшаму катэгарычна адмаўляліся плаціць колькі б ні было базыльянам. Было прынята рашэнне аб заключэнні непакорных у турму, але ўлады Магілёва ўзялі іх пад сваю абарону.

У наступнае дзесяцігоддзе на Беларусі не было буйных народных выступленняў. Магнаты і шляхта назвалі гэты перыяд дзесяцігоддзем "залатога спакою".

УСТАЛЯВАННЕ ФАЛЬВАРКАВА-ПАНШЧЫННАЙ СІСТЭМЫ І ПРЫГОННІЦТВА НА БЕЛАРУСІ. Феадальнае землеўладанне. Адлучэнне земляроба ад зямельнай уласнасці. З'яўленне і распаўсюджванне фальваркаў. Аграрная рэформа сярэдзіны XVI ст. «Валочная памера» і яе сутнасць. Тыпы, віды і нормы павіннаснага абкладання сялян. Сяляне цяглыя, асадныя, агароднікі, слугі. Працэс запрыгоньвання сялян. Асноўныя формы антыфеадальнага пратэсту сялян.

Соседние файлы в предмете [НЕСОРТИРОВАННОЕ]