Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
lekc2.doc
Скачиваний:
46
Добавлен:
10.11.2019
Размер:
1.89 Mб
Скачать

Барацьба унiяцкай царквы за iснаванне I самабытнасць

Канфлiктнасць Берасцейскага сабора была перанесена ў грамадства. Яно забурлiла. Прамоўцы з царкоўных кафедр, палемiсты са старонак сваiх кнiг вяшчалi народу pro i contra унii. Нават летапiсец занатаваў: "У Берестью нашолся было человек якийсь простый, который великие речы мовил, же страх слов его людей преникал, ... и напоминал, абы люде своей веры моцность держали". Новае зерне рэлiгiйнага супрацьстаяння трапiла ў толькi што сфарміраваную беларускую народнасць, якая ўжо паспела зведаць удар паланiзацыi. Настроi i сiмпатыi разышлiся: з аднаго боку – моцнае жаданне царкоўна-рэлiгiйнай рэформы, а з другога – агiда да яе. Iдэо­лагi кожнага з гэтых лагераў былi ўпэўнены, што менавiта яны адстойваюць праўду, выказваюць iнтарэсы ўсяго этнасу, ад iмя якога i выступалi.

1596 год абудзiў у народзе вялiкiя дрымотныя сiлы i падштурхнуў да ўздыму яго этнiчнай самасвядомасцi. Калi ў эпоху Адраджэння i Рэфармацыi яна праяўлялася найперш на ўзроўнi перадавых дзеячаў культуры (Ф. Скарына, С. Будны, В. Цяпiнскi), то цяпер – масава. Духавенства з розных прыступак iерархiчнай лесвiцы, магнаты i шляхта, брацтвы, гараджане спяшалiся засведчыць свае адносiны да берасцейскай згоды. Як яе прыхiльнiкi, так i працiўнiкi ўкладвалi кожны сваё разуменне ў паняцце нацыянальна-рэлi­гiй­нага патрыятызму. У першых ён праяўляўся ў жаданнi духоўнага адраджэння свайго народа праз "паправу" царквы з выкарыстаннем вопыту каталiцкага Захаду. Унiя ўсведамлялася iмi справай годнай, законнай i нават выратавальнай ва ўмовах канфесiйнай напру­жанасцi i цiску з боку касцёла, з якiм яны намервалiся iнтэгравацца "без абразы сумлення i веры". "Не лiчы грахом, анi сорамам таго, што iншыя народы без стыду i без граху зрабiлi", – пераконваў у 1628 г. Вiленскае брацтва выдатны царкоўны i грамадскi дзеяч, вучоны i пiсьменнiк М. Сматрыцкi.

Творцы унii, упэўненыя ў яе мiратворчай ролi, бяскрыўдным характары, шчыра да яе iмкнулiся i клапацiлiся аб добрасумленных i прыстойных метадах яе распаўсюджвання. Яны лiчылi сябе пера­емнiкамi задумы i справы, атрыманай у спадчыну ад продкаў: "Гэта еднасць не ад нас пачалася, а тут у дзяржаве даўно была, але толькi злымi людзьмi затоена", – паведамляў мiтрапалiт I. Пацей канцлеру Л. Сапегу аб знаходцы ў Вiльнi i Лаўрышаве старажытных рукапiсаў, што гэту даўнасць пацвярджалi.

Далёка не ўсё беларуска-ўкраiнскае грамадства пагадзiлася тады з такiм гiстарычным выбарам епiскапату. Тагачаснаму чалавеку, выхаванаму на рэлiгiйным светапоглядзе, парушэнне шасцiсот­гадовай праваслаўнай традыцыi ўяўлялася катастрофай, цяжкiм злачынствам, якое пагражае вечнай карай. Праваслаўная апазiцыя выяўляла свой патрыятызм недапушчэннем змен у царкве ў пра­заходнiм духу, бо той нёс з сабой пагрозу дэнацыяналiзацыi, адданасцю Канстанцiнопальскаму патрыярхату, ад якога ў свой час Беларусь прыняла хрысцiянства. Што да праваслаўнай шляхты, то тады яна не жадала прынесцi свае рэлiгiйныя перакананнi ў ахвяру дзяржаўнай палiтыцы.

Апазiцыя была не супраць унii ў прынцыпе, але супраць яе рэгiянальнага характару – яна хацела унiверсальнага злучэння ўсходняга i заходняга хрысцiянства. Да таго ж, адмове ад падпарадкавання патрыярхам i прызнанню прымату Папы Рымскага процiпастаўлялася згода, заснаваная на парытэце двух сусветных хрысцiянскiх цэнтраў. Унiя, у яе берасцейскiм варыянце, праваслаўным артадоксам ўбачылася як здрада веры продкаў, свайму народу, Айчыне, знявага нацыянальных традыцый. За царкоўна-рэ­лiгiйным саюзам 1596 г. на стагоддзi замацавалася рэпутацыя нацыянальнай здрады, а яго дзеячы зняслаўлены i асуджаны на праклён. Грамадству навязвалася думка, што унiя нясе звяржэнне праваслаўя, дэнацыяналiзацыю, што ўсюды будзе ўведзены каталiцызм. Любы рэверанс Пацея, Руцкага i iх пераемнiкаў у бок Захаду падаваўся як абраза нацыянальнага i рэлiгiйнага самалюбства праваслаўных беларусаў.

Наладзiўшыя унiяцкi эксперымент епiскапы не змаглi прадбачыць такога моцнага масавага супраціўлення. Тады ўсё здавалася прасцей: падпарадкаванае духавенства i паства пойдуць за сваiмi пастырамi. Але намеры iнiцыятараў царкоўнага прымiрэння праз яднанне сустрэлі неразуменне i байкот з боку праваслаўнай боль­шасцi, якая не прызнала iх рэформы. Паводле слоў Пацея, "вместо подяковання и вдячности за старане нашо, у великую ненависть и в неласку до своих же прышли. Также не толко слов ушчипливых писма вшетечного насмотрелися есмо и наслухалися, але наконец и погрозок и небезпечность здоровья нашего увезде полно".

Нацыянальна-рэлiгiйная канфрантацыя дасягнула высокай ступенi ў канцы XVI – першай палове XVII ст. Барацьба вакол царкоўнага аб'яднання сведчыла аб росце этнiчнай, культурнай, гiста­рычнай самасвядомасцi беларускага народа. Беларусь перажывала тады перыяд паскоранага нацыянальнага развiцця. Аднак замест чаканай кансалiдацыi раз'яднанага рэлiгiяй народа унiя на першым этапе сваёй гiсторыi яшчэ больш абвастрыла міжканфесiйныя адносіны, стала крынiцай канфрантацыi i далейшага паглыблення этнiчнай дэзінтэграцыi па веравызнаўчай прыкмеце. Рэлiгiйныя рэфарматары намагалiся павесцi па берасцейскiм шляху ўсю беларуска-ўк­раiнскую царкву, але тайнае пасвячэнне ў 1620 г. новай праваслаўнай iерархii ўнесла ў яе раскол, пасля якога ўжо не магло быць размовы аб адзiнай лiнii развiцця.

Унiяцтва заваёўвала сабе месца ва ўсходнеславянскiм свеце, ужо падзеленым на сферы ўплыву памiж праваслаўем i каталiцызмам. Як i тыя ў свой час, яно набывала прыхiльнасць мас найперш культурна-стваральнымi метадамi, мела дзяржаўную падтрымку i гэтак жа не пазбегла прымусу. Колькасць паслядоўнiкаў новай веры спачатку была нязначнай, але паступова яна ўсё больш заваёўвае сiмпатыi народа. Даследчыкi адзначаюць паварот у настроях шляхты да уніяцтва ў 30-я гады XVII ст. Унiяты ў другiм і трэцiм пакаленнях ужо лiчылi яе роднай верай, якая дасталася ў спадчыну ад бацькоў i дзядоў. Рэформы мiтрапалiта I. Руцкага i А. Сялявы ўмацоўваюць царкву. Стабiлiзацыя унiяцтва адбылася ў 30–40-я гады XVII ст. Яно стала верай галоўным чынам сельскага насельнiцтва, гарадскiх нiзоў, часткi дробнай i сярэдняй шляхты. Магнаты i ў большасцi сваёй шляхта пасля падаўлення Рэфармацыi аддавалi перавагу каталiцтву.

У апошняй трэцi XVII ст. уніяцкая вера iстотна пашырае свае пазiцыi, на мяжы XVII–XVIII стст. становiцца самай масавай i пачынае адыгрываць ролю традыцыйнага царкоўнага iнстытута. А сучаснiкi лiквiдацыi унiяцтва ў канцы XVIII–XIX стст. адзначалi закаранеласць народа ў сваёй веры.

Побач са шчырымi унiятамi, якiя свядома прынялi гэта спавяданне, былi i "нявольныя", або фармальныя – загнаныя туды прымусам i схiльныя пры зручным выпадку кiнуць навязаную iм рэ­лiгiю. Асаблiва шмат такiх было на ўсходзе Беларусi – раёне манапольнага (да сярэдзiны XVI ст.) панавання праваслаўя.

Гiсторыя царкоўнай уніі – гэта гісторыя барацьбы за паварот ўсяго беларуска-ўкраiнскага праваслаўя на берасцейскi шлях, на пераарыентацыю культурна-рэлiгiйнага жыцця з Усходу на Захад. У той жа час гэта – гісторыя iмкнення да ўмацавання сваiх пазiцый у духу самастойнасцi i асобнасцi ад заходняга хрысцiянства.

Першым папрацаваў на гэтай глебе I. Пацей. Нават гiсторык М. Каяловiч прызнае, што Пацей "стаiць са сваёй унiяй памiж Руссю i Польшчай, праваслаўем i лацiнствам". Асаблiва шмат зрабiў для ўмацавання фармальнай арганiзаванасці, павышэння культурнага ўзроўню унiяцкай царквы, якая апынулася на раздарожжы памiж Усходам i Захадам, і захавання яе ў самабытных формах мiтрапалiт I. Руцкi (1613–1637). Нарадзiўся ён у радавым маёнтку Рута пад Навагародкам ў сям'i пратэстантаў. Вучыўся ў Вiленскай кальвiнiсцкай школе, Пражскiм, а потым Вюрц­бур­гскiм (у Баварыi) унiверсiтэтах, атрымаў званне доктара фi­ласофii. Перахрысцiўся ў каталiцтва. Потым вучыўся ў грэчаскім калегiуме ў Рыме, які рыхтаваў высокаадукаваных унiяцкiх мiсiянераў, праз якiх Папа Рымскi iмкнуўся пашырыць сваю духоўную ўладу на праваслаўным Усходзе. Там пад уплывам папы Клiмента VIII перайшоў ва унiяцтва.

Пасля вяртання на радзiму Iосiф Руцкi прызначаецца I. Пацеем рэктарам унiяцкай манаскай школы ў Вiльнi. Ён выношвае планы перабудовы духоўнай адукацыi, арганiзацыi унiяцкага манаства ў Базыльянскi ордэн (ордэн св. Васiля Вялiкага), прымае манаства, цалкам аддае сябе справе унii. Ва унiяцтве Руцкi бачыць тую сiлу, якая павiнна калi-небудзь аб'яднаць праваслаўе i каталiцтва.

У 1613 г., пасля смерцi I. Пацея, ён прызначаны унiяцкiм мiтрапалiтам. Рэарганiзаваны iм Базыльянскi ордэн шмат зрабiў для ўмацавання i распаўсюджвання унii на землях Беларусi i Ук­раiны. Ордэн сканцэнтраваў у сваiх руках усю сiстэму адукацыi, падрыхтоўкi багаслоўскiх кадраў, кнiгавыдавецкую дзейнасць унi­яцкай царквы i зрабiў пэўны ўклад у развiццё культуры Беларусi. У 20-я гады Руцкi актыўна ўдзельнiчае у лiтаратурнай палемiцы памiж прыхiльнiкамi унiяцтва i праваслаўя. Асноўныя спрэчкi тады вялiся памiж Мялецiем Сматрыцкiм, з праваслаўнага боку, i I.В. Руцкiм – з унiяцкага. Руцкi пакiнуў пасля сябе багатую лiтаратурна-публiцыстычную спадчыну на старабеларускай, лацiнскай i iталь­янскай мовах.

Балансаванне памiж дзвюма цывiлiзацыямi ў пошуках сваiх шляхоў развiцця для беларускіх і ўкраiнскiх зямель парадзiла дыяметральна супрацьлеглыя ацэнкi рэлiгiйнай палiтыкi І.В. Руцкага. Адны абвiнавачвалi яго ў тым, што ён дапусцiў ва унiяцтва столькi "лацiнства", што яшчэ больш адштурхнуў ад яго праваслаўных i нават збянтэжыў унiятаў. Падзяляем думку, што рэформы Руцкага былi накiраваны на духоўна-культурны ўздым сваёй веры i супрацьдзеянне ўплывам ка­та­лiцкай царквы, асаблiва моцным сярод адукаваных колаў грамадства. Пасля Люблiна нацыянальна-культурны патэнцыял беларускай i ўкраiнскай народнасцяў быў значна аслаблены. На працягу аднаго-двух пакаленняў яны страцiлi сваю арыстакратыю i iнтэлектуальную элiту, якая перайшла ў каталiцтва, але ў значнай меры не праз унiю, а праз Рэфармацыю. Мiтрапалiт вёў барацьбу за правы сваёй царквы, супраць дэнацыяналiзацыi народаў. Ён дамагаўся ад рымскай курыi забароны пераходу на лацінскі абрад нешматлiкай беларуска-ўкраiнскай шляхты, бо з прычыны гэтага царква нясе вялiкiя людскiя i маральныя страты. Ён патрабаваў, каб езуiты спынiлi перацягваць беларускую і ўкраiнскую моладзь у свой абрад, пагражаючы ў адваротным выпадку забаранiць бацькам пасылаць дзяцей у iх школы, i iмкнуўся да стварэння сваёй "рускай" сiстэмы асветы для падрыхтоўкi духоўных кадраў.

Выдадзены ў 1624 г. у адказ на гэтыя хадайнiцтвы дэкрэт папы Урбана VIII спынiў масавае спакушэнне унiятаў у "вышэйшую" веру i выратаваў значную частку беларуска-ўкраiнскай шляхты для унiяцкай царквы. Згодна з дэкрэтам 1627 г. ватыканскай кангрэгацыi распаўсюджвання веры базыльянскiя манахі прымаліся ў каталiцтва толькi з асобага дазволу ў кожным канкрэтным выпадку Рыма, а "рускаму унiяцкаму народу" наогул быў забаронены пераход у лацiнства. Дзеля аб'ектыўнасцi адзначым, што пайсцi на такi крок Ватыкан падштурхнула таксама жаданне зацвердзiць унiю на беларуска-ўкраiнскiх землях ва ўмовах барацьбы за легалiзацыю новай праваслаўнай iерархii, тайна пасвячонай у 1620 г.

Маючы значны ўплыў на ўнутраную i знешнюю палiтыку Вя­лiкага княства Лiтоўскага, Руцкi iмкнуўся да "унiверсальнай" унii – аб'яднання адной царкоўнай арганiзацыi праваслаўных i унiятаў i дамагаўся адмiнiстрацыйнай незалежнасцi ад Масквы, Канстанцiнопаля i Рыма шляхам стварэння ўласнага патрыярхату. Гэтай iдэяй ён здолеў зацiкавiць нават некаторых сваiх праваслаўных апанентаў, у прыватнасцi, М. Сматрыцкага. Заснаванне новага цэнтра хрысцiянства ўзняло б прэстыж княства сярод краiн Еўропы. Але гэты план вельмі варожа сустрэў Папа Рымскі, якi баяўся, што аб'яднаная царква выйдзе з-пад яго манапольнага кантролю. Не выклiкаў ён сiмпатый у польскага караля, якi не жадаў умацавання княства, супярэчыў iнтарэсам Масквы i Кан­станцiнопаля i, урэшце, не быў падтрыманы праваслаўнымi сваёй дзяржавы. Аддаленыя гiстарычныя перспектывы i значэнне праекта Руцкага для кансалiдацыi беларускага i ўкраiнскага народаў усвядомiлi толькi лiчаныя асобы таго часу.

Буйным дзеячам унiяцкай царквы быў полацкi архiепiскап Iасафат (свецкае iмя Ян цi Iван) Кунцэвiч (1617–1623), выхадзец з Уладзiмiра Валынскага, з праваслаўнай рамеснiцкай сям'i, у 1604 г. пастрыжаны ў манахi. Яго прапаведніцкае красамоўства не раз дасягала мэты, за што ён атрымаў ад праваслаўных мянушку "душахват". Выступаў Кунцэвiч i на багаслоўскай нiве. У 1608 г. выдаў на польскай мове кнiгу "Абарона веры", у якой даказваў "богаабранасць" унiяцтва. Улюбёнец Пацея i Руцкага, ён хутка прасоўваўся па царкоўнай лесвiцы: узначальваў Быценскую, потым Жыровiцкую архiмандрыю, працаваў у канцылярыi мiтрапалiта, у 1614 г. быў узведзены ў сан архiмандрыта самага буйнога унiяцкага манастыра – Вiленскага Свята-Троiцкага. У 1617 г.,ь прызначаны епiскапам полацкiм, І. Кунцэвіч энергiчна ўзяўся за "галоўную", як ён казаў, справу свайго жыцця – "схiленне схiзматыкаў (праваслаўных) у сапраўдную веру". Падтрыманы каралеўскiм дваром i папствам, Кунцэвiч пачаў распаўсюджваць унiяцтва. Не грэбаваў пры гэтым захопам, жорсткiмi метадамi, зачыняў праваслаўныя храмы, забараняў праваслаўнае набажэнства. Але ў сваёй дзейнасцi сустрэў супрацiўленне мясцовых жыхароў, якое набывала масавы характар, i асуджэнне сваіх метадаў з боку канцлера Вялiкага княства Лiтоўскага Льва Сапегi. І. Кунцэвiч стаў стаў ахвярай паўстаўшых супраць яго жыхароў Віцебска. Быў кананiзаваны Ватыканам i сёння з'яўляецца адзi­ным святым унiяцкай царквы.

Абвастрэнне веравызнаўчых рознагалоссяў пасля 1596 г., крытычны стан царквы ў 1620 гады, а таксама спробы яе незалежнага стаўлення да касцёла выклiкалi ў пэўных колах у Рыме расчараванне самой iдэяй унii. "Некаторыя лiчаць, – гаварылася ў iнструкцыi папскаму нунцыю Ланчэлоцi ў 1622 г., – што лепш, калi б не было унii, што без яе лягчэй было б пераварочваць у каталiцкую веру праваслаўных вельмож паасобку". Бо нават унi­яцкiя ўладыкi дакаралi, што лацiняне не маюць iншай мэты, акрамя як знiшчыць грэчаскае спавяданне. У самiм Рыме дзейнiчалi дзве тэндэнцыi: на унiфiкацыю i на захаванне асаблiвасцяў унi­яцкага абраду. Сапраўды, у 1623 г. у Варшаве і Рыме стаяла пытанне, цi не больш карысна было б знiшчыць рускi абрад, а унiятаў перавесцi на лацiнскi? Польскiя бiскупы даносілі ў Рым, што розныя абрады ў адным касцёле выклiкаюць калатню i сваркi, што каталiцызм устойлiва б пашыраўся на ўсход i без унii. Свецкi бок дадаваў, што царкоўная унiя множыць ворагаў унутры дзяржавы, падрывае унiю палiтычную, распальвае на крэсах грамадскую нязгоду.

У сваю чаргу, унiяцкая iерархiя шукала ў папства паратунку ад намаганняў польскага касцёла "загнаць чужых авечак у сваю агароджу i ў хуткiм часе вынiшчыць усiх русiнаў". Вядомы шматлiкiя звароты рэлiгiйных дзеячаў XVII–XVIII стст. у Рым аб недатыкальнасцi унiяцкiх абрадаў, спыненнi лацiнiзацыi, ураўноўваннi ў правах з каталiцкiм духавенствам.

Папства намагалася згладзiць супярэчнасцi, што ўзнiкалi ў выніку канкурэнцыi за паству памiж носьбiтамi грэчаскага i лацiнскага абрадаў. "Сеяць i падтрымлiваць памiж iмi сваркi i нязгоды – рэч непрыстойная i шкодная", – гаварылася ў дэкрэце кангрэгацыi распаўсюджвання веры 1626 г. Але пастановы апостальскай ста­лiцы, якiя абаранялi правы царквы, парушалiся каталiцкiм духавенствам Рэчы Паспалiтай, якое н прызнавала ўсходняй абраднасці.

Наогул жа не варта перабольшваць сiмпатыi папства i асаблiва ўладаў Рэчы Паспалiтай да унii з яе прэтэнзiямi на самабытнасць i нежаданнем цалкам пераходзiць на пазiцыi каталiцызму. У такiм выглядзе яна iм была непатрэбна. У 1929 г. iнiцыятары адраджэння унii ў Заходняй Беларусi далi наступную рэтраспектыўную ацэнку сваёй папярэднiцы: "Некаторыя дзеячы унii, вы­хо­дзiўшыя з беларускага асяроддзя, мелi тэндэнцыю спынiцца на "беларускай унii", акапаўшыся, так сказаць, на гэтых нацыянальных пазiцыях трывала i ўстойлiва. Але гэта не адпавядала iнта­рэсам Рыма – езуiты далей гналi унiятаў, не даючы iм застойвацца на гэтым мосце, акапвацца на беларускiх пазiцыях".

Нежаданне пракаталiцкага польскага ўрада бачыць ва унi­яцтве моцнае самастойнае i ўплывовае веравызнанне пра­я­вiлася ў неда­пушчэннi мiтрапалiта i епiскапаў у сенат. Месцы iм былi абяцаны яшчэ ў 1595 г., але чакаць iх давялося два стагоддзi, а дамагчыся ўдалося толькi напярэдаднi падзелаў Рэчы Паспалiтай.

У другой палове XVII ст. польскi касцёл прыходзіць да высновы, што унiяты не выканалі свайго прызначэння. З імі пачынаецца барацьба.

Соседние файлы в предмете [НЕСОРТИРОВАННОЕ]