Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
lekc2.doc
Скачиваний:
46
Добавлен:
10.11.2019
Размер:
1.89 Mб
Скачать

Лекцыя 21. Палітычная сітуАцыя ў рэчы паспалітай у 70–80-я гады XVI ст.

  • Першае бескаралеўе. Стэфан Баторый

  • Статут Вялікага княства Літоўскага 1588 г. – выдатны помнік прававой думкі

Першае бескаралеўе. Стэфан Баторый

Заключэнне Люблінскай уніі паўплывала на далейшы ход Лівонскай вайны. У 1570 г. Руская дзяржава і Рэч Паспалітая заключылі перамір'е на тры гады. Іван IV у гэты перыяд аднавіў барацьбу супраць Швецыі. У 1572 г. памёр Жыгімонт II Аўгуст (1548–1572). Паводле звычаю, кароль абіраўся з дынастыі Ягелонаў, але паколькі са смерцю Жыгімонта яна перапынілася, было вырашана абраць каралём чужаземца, што з'явілася зачэпкай для далейшага абмежавання каралеўскай улады. 3 1572 г. пачалася эпоха выбарных соймам каралёў. Палітычнае жыццё новаўтворанай дзяржавы часта ўскладнялася перыядамі бескаралеўя, якія часам цягнуліся гадамі да абрання наступнага правіцеля, што наносіла вялікую шкоду дзяржаве, аслабляючы цэнтральную ўладу.

Першае міжкаралеўскае безуладдзе цягнулася пасля смерці Жыгімонта II больш за год. Яно было запоўнена анархіяй і барацьбой розных палітычных груповак унутры дзяржавы, а таксама і еўрапейскіх двароў, кожны з якіх дамагаўся здабыць каралеўскую карону свайму стаўленіку. Найбольш сур'ёзнымі прэтэндэнтамі на каралеўскую пасаду быў сын Івана Грознага царэвіч Фёдар, аўстрыйскі прынц Эрнэст і французскі прынц Генрых Валезы (Генрых Валуа). На элекцыйным (выбарчым) сойме 1573 г. разгарэлася барацьба паміж прыхільнікамі розных кандыдатаў. У ход пускалася ўсё: грошы, хлуслівыя абяцанні, неверагодныя інтрыгі і плёткі. Перагаворы з Іванам Грозным наконт Фёдара вынікаў не далі. Польскі бок патрабаваў, каб, па-першае, Фёдар зрабіўся католікам, а па-другое, каб да Рэчы Паспалітай былі далучаны Смаленск і Полацк. Грозны пасмяяўся з апошняга патрабавання, гаворачы, што Фёдар – "не красна девица" і пасагу яму не належыць. Супраць гэтай кандыдатуры выступалі ўцекачы з Масквы (у тым ліку і А. Курбскі), якія разумелі, што кіраваць дзяржавай будзе не Фёдар, пазбаўлены не толькі палітычнага, але і звычайнага розуму, а яго бацька Іван Грозны, ад тэрору якога яны і збеглі.

Не дагаварыліся польскія паслы і з Эрнэстам Аўстрыйскім. Пасля доўгіх перамоў каралём Рэчы Паспалітай быў абраны Генрых Французскі (1573–1574). Пры абранні ён падпісаў дакумент, які атрымаў назву "Генрыхавы артыкулы". Згодна з ім Рэч Паспалітая абвяшчалася шляхецкай рэспублікай з выбарным каралём. Кароль не меў права прызначаць сабе пераемніка, мець зносіны з замежнымі дзяржавамі, прызначаць паспалітае рушэнне. Ён абавязваўся падтрымліваць рэлігійны мір у краіне (будучы ў Францыі, Генрых меў дачыненне да Варфаламееўскай ночы – разні пратэстантаў у Парыжы 24 верасня 1572 г.). Заканадаўчая ўлада належала сойму, які збіраўся праз кожныя два гады. Гэта было сур'ёзнае абмежаванне каралеўскіх прэрагатыў: манарх пазбаўляўся заканадаўчага і судовага права, абмяжоўвалася яго права ўстанаўліваць падаткі.

Новы кароль і вялікі князь Генрых правіў усяго шэсць месяцаў. Спадзяванні як літвінаў, так і палякаў на Генрыха Валуа не спраўдзіліся. Распусны гуляка, легкадумны, самаўлюбёны, ён быў абсалютна абыякавы да дзяржаўных праблем, не ведаў ні польскай, ні беларускай, ні лацінскай моў. У многіх ваяводствах шырыўся рух за пазбаўленне Генрыха прастола. Незадавальненне выклікала і яго нежаданне жаніцца на Ганне Ягелонцы – апошняй з роду Ягелонаў. Убачыўшы, што кіраваць у Рэчы Паспалітай не так лёгка, як, напрыклад у Францыі, Генрых уцёк з краіны на сваю бацькаўшчыну, каб заняць больш надзейны спадчынны французскі трон, які стаў вакантным пасля смерці яго старэйшага брата Карла IX. Пагоня, арганізаваная польскімі магнатамі, каб затрымаць караля і сілаю вярнуць яго на трон, перахапіла ўцекача толькі за аўстрыйскай мяжой і вярнуць назад не здолела. Ён паспяхова дабраўся да Парыжа, дзе стаў каралём Францыі Генрыхам III (апошнім з дынастыі Валуа). Яго ўцёкі вельмі ўразілі ўсіх як у Кароне, так і ў Княстве. Трон у сталіцы Рэчы Паспалітай зноў застаўся вакантным.

7 лістапада 1575 г. у Варшаве адкрыўся чарговы элекцыйны сойм. Зноў загучалі шчодрыя абяцанні кандыдатаў, што пад іх уладай Рэч Паспалітая будзе квітнець і багацець. Найбольш сур'ёзнымі прэтэндэнтамі на каралеўскую пасаду на гэты раз былі аўстрыйскі імператар Максіміліян II і трансільванскі князь Стэфан Баторый – выхадзец са старажытнага венгерскага магнацкага роду.

Стэфан Баторый (Іштван Баторы) нарадзіўся ў 1533 г., быў амаль аднагодкам Івана Грознага. З 15 гадоў знаходзіўся на вайсковай службе ў караля Венгрыі і Чэхіі Фердынанда Габсбурга. Некаторы час вучыўся ў Падуанскім універсітэце ў Італіі, валодаў нямецкай, лацінскай, італьянскай, венгерскай мовамі, аднак па-польску і па-беларуску гаварыць так і не навучыўся. Калі ж быў абраны каралём Рэчы Паспалітай, то гаварыў з мясцовымі жыхарамі на лацінскай мове ці праз перакладчыка. У маладосці Стэфан Баторый быў вядомы сваім палкаводчым, арганізатарскім талентам: удзельнічаў у палітычнай барацьбе, ваенных бітвах, з цягам часу набыўшы вопыт адміністратара і дыпламата.

Кароль Рэчы Паспалітай, у адрозненне ад многіх еўрапейскіх краін, дзе каралеўская ўлада была спадчыннай, выбіраўся соймам пажыццёва, дзе асноўныя пазіцыі займала шляхта, а не магнаты. Большасць магнатаў Польшчы і ВКЛ, як і большасць сената былі супраць кандыдатуры Баторыя. Яны хацелі мець каралём Максіміліяна II, які знаходзіўся ў Вене – у краіну ён наязджаў бы рэдка, а яны тады бесперашкодна кіравалі б дзяржавай. Кандыдатуру Баторыя падтрымаў уплывовы магнат Замойскі, сярэдняя і дробная шляхта. Дэпутаты ВКЛ, якім патрэбен быў спрактыкаваны палкаводзец і дыпламат, таксама падтрымалі Баторыя.

12 снежня 1575 г. элекцыйны сойм абраў Стэфана Баторыя каралём Польшчы і князем Вялікага княства Літоўскага (1576–1586). Нежанатага Баторыя, якому тады было 44 гады, сойм абавязаў ажаніцца з каралеўнай Ганнай, дачкой караля і вялікага князя Жыгімонта Старога і сястрой Жыгімонта II Аўгуста – апошняга з роду Ягелонаў. Такім чынам, нібыта законна працягвалася панаванне дынастыі Ягелонаў. 54-гадовая Ганна ніколі не была замужам. Але карона так вабіла Баторыя, што ён згадзіўся на гэтую ўмову. Вядома, чакаць нашчадкаў ад гэтага шлюбу было дарэмна.

У 1576 г. Баторый быў каранаваны ў Кракаве ў каралеўскім замку Вавель і ажаніўся з Ганнай. Ён стаў каралём насуперак волі магнатаў, згодна з патрабаваннямі шляхты, якую ён потым шчодра аддзякаваў прывілеямі. Яшчэ шмат месяцаў Баторый вёў у Польшчы ўзброеную барацьбу з апазіцыяй, прыхільнікамі імператара Максіміліяна II. Супраціўленне аказаў і Гданьск. Толькі ў 1577 г., пасля паражэння атрадаў, нанятых багатымі гараджанамі Гданьска, улада караля была прызнана апазіцыяй.

Пасля гэтага Стэфан Баторый мусіў звярнуць увагу на адносіны з Рускай дзяржавай. Яшчэ ў час каранацыі ён дэклараваў, што адбярэ ўсе заваяваныя ёю землі. З вялікай карысцю для Рэчы Паспалітай ён ваяваў з Масковіяй на апошнім этапе Лівонскай вайны (1579–1582 гг.). Усходні кірунак знешняй палітыкі станавіўся галоўным. У сувязі з гэтым каралеўская рэзідэнцыя была перанесена з Кракава ў Гародню, каб быць бліжэй да тэатра ваенных дзеянняў і ў той жа час не аддаляцца ад Польшчы. Горад на нейкі час стаў неафіцыйнай сталіцай не толькі ВКЛ, але і ўсёй Рэчы Паспалітай. Тут распрацоўваўся план паходу на ўсход.

Выкарыстаўшы складанае палітычнае становішча Рэчы Паспалітай у час міжкаралеўя і выбараў караля, Іван IV пачаў новы наступ у Лівонію і да 1577 г. авалодаў усім узбярэжжам – усходняй часткай цяперашняй Латвіі і паўднёвай часткай Эстоніі. Цяпер Маскоўская дзяржава мусіла мець справу з Рэччу Паспалітай. Аб'яднанне Польшчы і ВКЛ на аснове Люблінскай уніі дазволіла Баторыю сабраць новае літвінска-польскае войска, падмацаваць яго атрадамі венграў і наёмнікаў-немцаў. Гэту 40-тысячную армію ён рушыў на Полацк і 4 жніўня 1579 г. аблажыў горад. Больш трох тыдняў трымаўся асаджаны там маскоўскі гарнізон. 30 жніўня ён капітуляваў. Былі ўзяты і іншыя другарадныя крэпасці і замкі, пабудаваныя па загаду Івана Грознага на паўночным усходзе Беларусі. Даведаўшыся пра страту Полацка, цар адступіў з галоўнымі сіламі ў глыб сваёй краіны і зрабіў спробу да прымірэння, запрасіўшы ў пасрэднікі Папу Рымскага. У сувязі з гэтым у Рэч Паспалітую, а потым у Масковію накіравалася ватыканскае пасольства (1581–1582) на чале з езуітам А. Пасевінам.

Наступную кампанію 1580 г. Баторый праводзіў ужо на маскоўскай тэрыторыі – заняў крэпасці і гарады Усвяты, Вялікія Лукі, Невель, Старую Русу і інш. У канцы 1581 г. ён пачаў аблогу моцнай рускай крэпасці – Пскова. На працягу пяці месяцаў абараняўся яе гарнізон на чале з Шуйскім. Штурмы Пскова не далі вынікаў. Але і гарнізон не мог трымацца далей. Сілы абедзвюх дзяржаў – Рэчы Паспалітай і Масковіі – былі вельмі аслабленыя вайной.

15 студзеня 1582 г. Маскоўская дзяржава і Рэч Паспалітая падпісалі 10-гадовае перамір'е. Іван IV адмаўляўся ад Прыбалтыкі (Лівоніі) і ад Полацкай зямлі, а Рэч Паспалітая вяртала ёй крэпасці на яе тэрыторыі. Дзяржаўная мяжа практычна не мянялася. Масква страціла толькі прыгранічны Веліж. 24-гадовая Лівонская вайна скончылася. Але Баторый не быў задаволены яе вынікамі і ён пачаў рыхтавацца да новай вайны супраць усходняга суседа. Але раптоўная смерць караля паламала планы.

Наступствы вайны былі страшэнныя: уся паўночна-ўсходняя частка Беларусі была спустошана і зруйнавана. Па звестках сучаснікаў, тэрыторыя больш як на 50 вёрст вакол Полацка амаль абязлюдзела, тут зніклі ўсе вёскі.

Праўленне С. Баторыя азнаменавалася не толькі пераможным завяршэннем шматгадовай Лівонскай вайны, але ўзвышэннем і ўмацаваннем ВКЛ. Праз некалькі дзён пасля прыняцця прысягі ён выдаў радным панам, шляхце і рыцарству княства прывілей, у якім пацвердзіў захаванне ўсіх іх правоў і свабод. 3 першых дзён свайго гаспадарання С. Баторый пайшоў насустрач патрабаванням шляхты Вялікага княства і прызнаў, што яго манархія, Рэч Паспалітая – гэта не ўнітарная краіна, а канфедэрацыя дзвюх раўнапраўных дзяржаў. Першымі сваімі прывілеямі Баторый адмяніў рашэнні Люблінскага сойма, што прыніжалі годнасць княства, і падкрэсліў яго незалежнасць ад Польшчы. Кароль дазволіў княству праводзіць свае вальныя соймы і соймікі, а таксама чыніць судовыя справы ў адпаведнасці са сваім Статутам. Ён даў загад стварыць камісію па ўдакладненню дзяржаўных межаў паміж Каронаю і Княствам.

Баторый намагаўся ўзмацніць дзяржаўны лад Рэчы Паспалітай. Яго рэформы былі скіраваны на ўзмацненне пазіцый сярэдняй і дробнай шляхты і на аслабленне пазіцый магнатаў у дзяржаве. Ён таксама быў прыхільнікам узмацнення цэнтральнай улады, перш за ўсё – каралеўскай. 3 найбольш важных яго рэформаў трэба адзначыць утварэнне галоўных судоў – Трыбунала Кароннага ў Польшчы і Галоўнага трыбунала ВКЛ (1581), склад якіх выбіраўся са шляхецкіх дэпутатаў, а не прызначаўся якімсьці органам улады.

Каб мець пастаяннае войска не з наёмнікаў, а з мясцовых ураджэнцаў, у дадатак да апалчэнскай конніцы, якая збіралася падчас вайны, С. Баторый правёў вайсковую рэформу. Ён стварыў атрады выбранцаў – салдат-пехацінцаў з сялян і княжацкіх каралеўскіх (дзяржаўных) маёнткаў, якія за сваю вайсковую службу вызваляліся ад усялякіх павіннасцяў і падаткаў і надзяляліся ўчасткамі зямлі ў 1–1,5 валокі.

С. Баторый увайшоў у гісторыю як рэфарматар, мецэнат навукі і культуры, заступнік езуітаў. У сваёй унутранай і знешняй палітыцы ён абапіраўся на падтрымку каталіцкай царквы. Праз пашырэнне каталіцызму і патуранне ордэну езуітаў Баторый і яго наступнікі імкнуліся ўмацаваць свае палітычныя пазіцыі ў ВКЛ. Кароль шчодра надзяляў землямі і прыгоннымі сялянамі езуіцкія калегіумы, рэзідэнцыі і місіі, якія з'явіліся на Беларусі і ў Летуве на хвалі контррэфармацыі з мэтай адваявання пазіцый, страчаных каталіцкай царквой у выніку рэфармацыйнага руху. Менавіта ў часы Баторыя пачалася ідэалагічная падрыхтоўка царкоўнай уніі, якая павінна была дапоўніць палітычную унію, 1569 года. У 1577 г. быў выдадзены каралеўскі загад, які забараняў будаваць новыя праваслаўныя цэрквы ў Вільні.

Вялікім крокам у пашырэнні адукацыі ў нашым краі было заснаванне пры Баторыі ў 1579 г. Віленскай езуіцкай акадэміі – першай вышэйшай навучальнай установы ВКЛ. Яна была роўнай у правах Ягелонскаму універсітэту ў Кракаве. У гэтай акадэміі вучыліся студэнты з Беларусі, Літвы і іншых зямель на працягу больш за 250 гадоў.

Горад Гародня быў улюбёным месцам Баторыя. Упершыню прыехаўшы сюды ў 1579 г., ён ператварыў горад у сваю рэзідэнцыю і фактычна зрабіў другой сталіцай Рэчы Паспалітай. Ніводзін з каралёў польскіх і вялікіх князёў літоўскіх не ўдзяліў столькі ўвагі развіццю і дабрабыту горада. Нездарма сучаснікі і нашчадкі называлі яго "горадам Баторыя". Баторый даў гараджанам выключнае права продажу прывозімай з Гданьска і Каралеўца (Кёнігсберга) солі, вызваліў іх ад платы многіх пошлін. У Гародні ён прымаў рускае (1581) і англійскае (1584) пасольствы, правёў савет сенатараў па разгляду дамаганняў Швецыі (1582), вырашыў справу жыхароў Рыгі, не прыняўшых грыгарыянскае летазлічэнне. Па яго распараджэнню ў горадзе быў умацаваны і перабудаваны Верхні (Стары) замак. Баторыю належала ідэя стварэння ў Гародні калегіума езуітаў – буйной для таго часу навучальнай установы. Стэфан Баторый сябраваў з мысліцелем, кіраўніком антытрынітарыяў на Гарадзеншчыне Каспарам Бекешам.

Памёр Баторый у Гародні 12 снежня 1586 г. У сувязі са спрэчкай аб прычыне смерці караля паміж прыдворнымі лекарамі-італьянцамі Сімоніем і Бучэлам, якія ставілі розныя дыягназы, гарадзенскім цырульнікам Янам Зігуліцам было зроблена першае вядомае на Беларусі анатаміраванне цела нябожчыка (захаваўся пратакол анатаміравання), якое ўсё-такі не высветліла гэтай загадкі. Сімоній і Бучэла настойвалі кожны на сваім дыягназе: першы ставіў астму, другі знаходзіў у нябожчыка эпілепсію. Потым яны доўга вялі паміж сабой друкаваную палеміку і выдалі нават некалькі брашур, у якіх абвінавачвалі адзін аднаго ў няправільным лячэнні свайго каранаванага пацыента. Загадка смерці карадя, атручанага згодна з легендай кімсьці з яго ворагаў, не вырашана і да нашага часу. Паўтара года астанкі Баторыя знаходзіліся ў Гародні ў Фарным касцёле, а потым, насуперак яго запавету, былі перазахаваны ў Вавельскім замку ў Кракаве.

Пасля раптоўнай смерці Баторыя ў гісторыі Рэчы Паспалітай зноў пачаўся складаны перыяд бескаралеўя. З-за адсутнасці манарха ўзнік востры палітычны крызіс, адзначаны барацьбой паміж рознымі магнацка-шляхецкімі групоўкамі. Абранне манарха ў Рэчы Паспалітай было не толькі ўнутранай справай дзяржавы. Амаль заўсёды гэта падзея аказвалася ў цэнтры ўсёй еўрапейскай палітыкі. Тое, што гаспадарскі трон у Рэчы Паспалітай быў не дынастычны, а выбарны, яшчэ больш ускладняла і без таго няпростую сітуацыю.

Пасля смерці Баторыя барацьбу за каралеўскі трон павялі тры буйнейшыя дзяржавы Еўропы: Швецыя, Свяшчэнная Рымская імперыя і Масковія. Галоўнымі прэтэндэнтамі на гэты пасад былі: аўстрыйскі эрцгерцаг Максіміліян, родны брат Рудольфа – главы Свяшчэннай Рымскай імперыі; маскоўскі цар Фёдар, які незадоўга да гэтага ўзышоў на трон пасля смерці свайго бацькі Івана IV Грознага; а таксама прадстаўнік роду Ягелонаў па жаночай лініі – Жыгімонт III Ваза, сын шведскага караля Юхана III. Усе яны пачалі шукаць прыхільнікаў сярод вялікакняжацкай шляхты.

Рада ВКЛ і канцлер Сапега прапаноўвалі абраць каралём і вялікім князем Фёдара, з гэтай мэтай рабілі ўсё, каб іх кандыдатура атрымала большасць галасоў. Пры ўсёй небяспецы аб'яднання з Маскоўскай дзяржавай яны хацелі выкарыстаць гэты саюз для ўзмацнення княства і разлічвалі, што ў гэтым велізарным еўраазіяцкім аб'яднанні (Масковія, ВКЛ, Польшча) княства зойме месца лідэра. З другога боку, аб'яднанне з Масквой пазбавіла б княства ад небяспекі з усходу і дазволіла б у перспектыве разарваць унію з Польшчай. Прыхільнікі Фёдара разлічвалі, што ён ні пры якіх абставінах не пакіне надзейны трон у Маскве, не рызыкне пераехаць у Рэч Паспалітую і не зможа сур'ёзна ўплываць на палітыку ВКЛ.

На канвакацыйным (перадвыбарчым) і элекцыйным (выбарчым) соймах разыграўся палітычны спектакль абрання караля, у якім адыгралі свае ролі і прадстаўнікі ВКЛ. Асабліва таленавіта гэта зрабіў Леў Сапега. Ва ўмовах усеагульнага ўпадку і неўладкаванасці, што, як правіла, наступалі ў Рэчы Паспалітай у перыяд бескаралеўя, ён імкнуўся адстаяць інтарэсы княства. Спачатку Сапега падтрымліваў рускага цара Фёдара, але калі гістарычныя шалі схіліліся ў бок Жыгімонта, то адмовіўся ад далейшай падтрымкі кандыдатуры Фёдара і прапанаваў Жыгімонту ўмовы, на якіх ВКЛ згаджалася прызнаць яго каралём і вялікім князем. Жыгімонт, які яшчэ вымушаны быў з дапамогай сілы даказваць сапернікам сваё права на каралеўскі трон, пайшоў на кампраміс, прапанаваны яму княствам. Дзякуючы гэтаму Вялікае княства выйшла са складанай сітуацыі, што ўзнікла ў цэнтры еўрапейскай палітыкі, без якіх-небудзь істотных страт.

Было дасягнута галоўнае: княства, працягваючы ўваходзіць у такі неабходны саюз з Польшчай, заставалася ў той самы час амаль незалежнай дзяржавай. У ім па-ранейшаму захоўваліся ўсе атрыбуты дзяржавы, у тым ліку непарушныя, дакладна акрэсленыя і дастаткова моцна ахоўваемыя дзяржаўныя межы, разгалінаваная сістэма мясцовых улад розных узроўняў, падпарадкаваных вышэйшым дзяржаўным органам. У княстве працягваў існаваць вышэйшы заканадаўчы орган – вальны сойм, дзейнічаў незалежны ўрад, захоўвалася ўстанова для знешнепалітычных зносін – канцылярыя, функцыянавалі свае праваахоўныя і карныя органы, меліся ўласныя фінансы і валюта, а таксама вайсковыя фарміраванні, падпарадкаваныя непасрэдна вялікаму гетману княства.

Акрамя таго, Жыгімонт III вымушаны быў падпісаць Статут 1588 г. У сувязі з барацьбой палітычнай эліты ВКЛ супраць зліцця з Польшчай захаванню самастойнага права ў дзяржаве надавалася вялікае значэнне.

Соседние файлы в предмете [НЕСОРТИРОВАННОЕ]