Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
lekc2.doc
Скачиваний:
46
Добавлен:
10.11.2019
Размер:
1.89 Mб
Скачать

Развіццё казацкага руху ў Беларусі. Арганізацыя абароны вкл

Калі ў маі 1648 г. ва Украіне пачалося паўстанне, пераросшае ў вялікую вайну, казацкі рух перакінуўся ў беларускія паветы ВКЛ. Атрыманыя Б. Хмяльніцкім перамогі, а таксама распаўсюджаныя паўстанцамі заклікі да бунту супраць улады выклікалі рост хваляванняў ў паўднёвых раёнах Беларусі. Мясцовыя ўлады былі ўстрывожаны. У данясеннях каралю паведамлялася, што "не было ніводнай вёскі, ніводнага горада, у якіх бы ні раздаваліся заклікі да свавольства і дзе б ні замышлялі на жыццё і маёмасць сваіх паноў".

Колькасць удзельнікаў "казацкай вайны" імкліва пашыралася. Няма адзінага падыходу да вызначэння планаў украінскага гетмана адносна беларускіх зямель. Па адной версіі ён імкнуўся стварыць сваю дзяржаву, у межы якой хацеў уключыць і тэрыторыю паўднёва-ўсходняй Беларусі (Падняпроўе і Палессе). Згодна другой версіі Б.Хмяльніцкі жадаў пашырыць паўстанні і бунты супраць улады Рэчы Паспалітай, каб больш аслабіць праціўніка і не дапусціць войска ВКЛ ва Украіну.

У маі 1648 г. Багдан Хмяльніцкі пачаў засылаць на поўдзень ВКЛ сваіх людзей з пасланнямі, у якіх ён заклікаў сялян і гараджан выступаць супраць шляхты, каталіцкага духавенства, ураднікаў. Як правіла, з гэтымі пасланнямі выпраўляліся выхадцы з Беларусі, якія добра ведалі людзей і мясцовасць. Следам гетман пасылаў казацкія загоны, якія распачыналі ваенныя дзеянні.

Першым у Беларусь быў накіраваны “загон” палкоўніка Галавацкага. У чэрвені 1648 г. палкоўнік Галавацкі заняў Чарнігаў, Ноўгарад-Северскі і Старадуб, а 4 ліпеня - Гомель. Паўсталі жыхары Брагіна, Лоева. Толькі пры ўзяцці Гомеля, як сведчаць крыніцы, было перабіта каля 600 шляхцічаў. Пінск быў заняты казакамі Гладкага, а на Магілёўшчыне пачаў дзейнічаць Крывашапка.

Гісторыкі, якія займаліся даследаваннем гэтай з’явы, адзначалі наяўнасць у складзе казацкіх сіл выхадцаў з Беларусі. Шэраг казацкіх палкоўнікаў былі па паходжанню ўраджэнцамі ВКЛ. У 1648 – 1649 гг. у складзе Запарожскай Сечы адзначаліся Менскі, Мазырскі курэні, існавалі Брагінскі, Рэчыцкі, Тураўскі казацкія палкі.

У чэрвені 1648 г. на Беларусь прыбылі таксама атрады Нябабы, Гаркушы, Мікуліцкага, Няпаліча і Хвеські. Гэта выклікала далейшы рост узброеных выступленняў і бунтаў супраць улад з боку праваслаўнага насельніцтва ВКЛ. Узброеныя сяляне дзейнічалі і самастойна, грамілі галоўным чынам маёнткі паноў, рабавалі двары, знішчалі падатковыя дакументы і рэестры. Паўстанцы грамілі маёнткі шляхты і магнатаў, захоплівалі маёмасць касцёлаў і уніяцкай царквы, знішчалі дакументы, праганялі вялікакняжацкіх чыноўнікаў.

У канцы лета – пачатку восені паўстаўшыя авалодалі Рэчыцай, уступілі ў Кобрын і Бярэсце. Тэрыторыя ўсяго Пінскага павета была пад кантролем казакаў і паўстаўшых сялян. Трэба зазначыць, што ў ВКЛ не было, як на Украіне, польскіх гарнізонаў і польскай адміністрацыі. Узброеная барацьба тут мела рысы грамадзянскай вайны. Самы звычайны сацыяльны бунт нізоў супраць уладароў цесна пераплятаўся з супрацьстаяннем прыхільнікаў і праціўнікаў прапольскай арыентацыі і памнажаўся на міжканфесійную варожасць.

Паўстаўшых сялян Слуцкага і Мазырскага паветаў узначаліў паплечнік Хмяльніцкага мясцовы ўраджэнец Я. Сакалоўскі. Акрыленае поспехамі, казацкае войска паспрабавала нават заняць горад Слуцк – буйнейшую на той час крэпасць Вялікага Княства. Аднак тут яно само было атакавана і мусіла ратавацца ўцёкамі. Страціўшы каля тысячы чалавек, казакі больш не падступаліся да гэтай радзівілаўскай цвярдыні.

Пэўныя поспехі паўстаўшых былі адзначаны ўзяццем Бабруйска пры актыўнай дапамозе гараджан. Мясцовы стараста быў утоплены ў Бярэзіне. Касцёлы ў горадзе былі разгромлены.

Да восені 1648 г. жыхары Гомеля, Мазыра, Лоева, Рэчыцы, Турава «ўсе паказачыліся і пакляліся адзін другому стаяць да апошняга». Казацкія загоны пагражалі Слоніму і даходзілі нават да Магілёва і Оршы. Перад самым з'яўленнем іх конніцы падканцлер Казімір Леў Сапега ледзь паспеў прыслаць у Стары Быхаў жаўнераў і боезапасы, інакш і гэтая дняпроўская цвярдыня магла б апынуцца ў руках паўстанцаў. У сярэдзіне снежня 1648 г., злучыўшы свае сілы, Гаркуша з Пабадайлам заняліся аблогай і штурмамі Старога Быхава.

У сярэдзіне кастрычніка паўстанне пачалося ў Пінску. Гарадскія дакументы паведамляюць, што бунт падняў "просты люд Пінска, зрабіў умову з казакамі". Узначаліў яго рамеснік І. Шашэня. Шляхта і ксяндзы паспелі напярэдадні пакінуць горад. Запалалі шляхецкія дамы, пачаўся пагром манастырскіх памяшканняў. Гараджане знішчалі граматы і прывілеі, даўгавыя распіскі і іншыя дакументы, якія захоўваліся ў касцёлах і будынках магістрата. Тых шляхцічаў і ксяндзоў, асабліва езуітаў, якія не паспелі схавацца, паўстанцы перабілі. У хуткім часе ў горад увайшлі казакі на чале з Марцінам Нябабам.

У ахопленых хваляваннямі раёнах асноўнай арганізацыйнай сілай узброеных фарміраванняў заставаліся казакі, хоць да іх актыўна далучаліся мясцовыя прыгонныя сяляне і бяднейшыя мяшчане, якія сімпатызавалі ім. Паколькі сацыяльныя вярхі грамадства былі ўжо фактычна апалячаныя, дык антыфеадальны рух набыў тут, як і ва Украіне, выразную антыпольскую накіраванасць. Паўсюдна ў занятых казакамі раёнах бязлітасна праследаваліся жыхары каталіцкага і іудзейскага веравызнанняў. Як пісаў сведка тых падзей, вядомы мемуарыст Казімір Піліп Абуховіч, "шляхта - адны трупам ляглі, іншыя выгнанне цяжкае церпяць, па чужых краях туляючыся". Падобна як на тэрыторыі Украіны, у Гомелі, Пінску, іншых гарадах Беларусі ад казакаў палеглі тысячы яўрэяў (М. Кастамараў падлічыў, што толькі ва Украіне казакі забілі 16 – 19 тыс. яўрэяў).

На пачатак казацкай вайны ВКЛ не мела пастаяннай арміі, а дзяржаўная казна была практычна пустая. Шляхта ратавалася ўцёкамі ў глыбіню краіны. Ускладняла барацьбу тая хуткасць, з якой узнікалі новыя раёны паўстання, якое ахапіла значныя тэрыторыі паўднёвай і цэнтральнай Беларусі. Пад кантролем вялікакняжацкіх сіл заставаўся Слуцк, які прыкрываў шлях на Менск, Навагародак і Вільню.

Задача абароны дзяржавы паўстала перад палявым гетманам Янушам Радзівілам, бо вялікі гетман Ян Кішка самаўхіліўся ад спраў. Аднак хутка прыступіць да рэалізацыі намечаных дзеянняў гетман не мог. Гэтаму перашкаджаў шэраг абставін. Шляхта неахвотна пакідала ўмацаваныя гарады і замкі магнатаў. Другая яе частка ўцякла за межы Літвы і Польшчы. Баяздольнасць шляхты была невысокай. Традыцыі паспалітага рушэння паступова страчвалі сваё значэнне. Рэч Паспалітая ваявала ўжо сіламі чужаземных наёмнікаў.

Сабраць грошы на жаўнераў можна было толькі пасля зацвярджэння падаткаў павятовымі сеймікамі і галоўным з'ездам (канвакацыяй), на што патрабаваўся немалы час. Таму з боку вярхоўнай улады ВКЛ рэакцыя на паўстанне была запозненай. Віленскі з’езд, сабраны ў пачатку чэрвеня 1648 г., ухваліў выдаткі на 6-тысячнае войска (потым колькасць была зменшана да 5 тыс.), але збор войска прызначаўся толькі на пачатак верасня. Да таго ж многія паветы вырашалі не аддаваць сваіх жаўнераў у распараджэнне гетману, а пакідаць іх на варце сваіх межаў.

Янушу Радзівілу прыйшлося на свае сродкі правесці вярбоўку нямецкіх, венгерскіх, шведскіх коннікаў і пяхоты. Моцную матэрыяльную падтрымку аказала каталіцкая царква. У ліпені 1648 г. супраць казакаў на паўднёвы захад Беларусі рушылі першыя фарміраванні, нанятыя гетманам, - харугвы Уладзіслава Халецкага, харужага Яна Паца, пісара Уладзіслава Валовіча і стражніка Рыгора Мірскага. Шляхта Аршанскага павета, якая мабілізавала сваё рушанне, даверыла камандаванне аршанскаму стольніку Друцкаму-Горскаму. Той заклікаў пад харугвы таксама мяшчан і ў жніўні распачаў дзеянні супраць казакаў каля Быхава і Стрэшына. У лістападзе яны былі выбіты з Чэрыкава, пасля чаго Горскі накіраваў частку сіл да Паповай Гары, адкуль разыходзіліся казацкія загоны па ўсім краі. Адтуль аддзел конніцы на чале з Канстанцінам Міладоўскім нечакана наляцеў на Старадуб, дзе вызваліў многа палоннай шляхты і вярнуўся ў Чэрыкаў.

Аднак харугва Валовіча была разгромлена казакамі недалёка ад Рэчыцы, і ён адступіў да Слуцка, а харугва Мірскага пацярпела паражэнне каля м. Горваль на Бярэзіне. У Кобрыне атаман Максім Гладкі разбіў драгунаў стольніка Вінцэнта Гасеўскага, а каля Чэрыкава ад Крывашапкі пацярпела харугва полацкай шляхты на чале з князем Лукомскім.

У пачатку восені 1648 г. Я. Радзівіл сабраў нанятае дзяржаўнае войска ў Менску, а затым перавёў яго пад Глуск. Пад яго камандай налічвалася 4 тыс. наймітаў і каля 1 тыс. павятовых жаўнераў - сілы, яўна недастатковыя для паспяховых контрдзеянняў. Тут Радзівіл выдаў "вайсковыя артыкулы", у якіх патрабаваў ад жаўнераў цярпімасці і спакою, аховы не замешаных у бунце сялян. Раздзяліўшы наяўныя харугвы на дзве групы, гетман адправіў першую да Старога Быхава, абложанага Гаркушам і Пабадайлам, а другую (сваіх наймітаў) - пад Рэчыцу. Сам гетман у канцы кастрычніка пакінуў войска і накіраваўся на элекцыйны сойм у Варшаву, дзе затрымаўся да канца года. Сваіх наймітаў ён перадаў пад камандаванне пісару Валовічу, загадаўшы ім рухацца на Берасце.

Соседние файлы в предмете [НЕСОРТИРОВАННОЕ]