Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
lekc2.doc
Скачиваний:
46
Добавлен:
10.11.2019
Размер:
1.89 Mб
Скачать

«Хатняя вайна» 1696 – 1700 гг.

Шляхецкай дэмакратыі ў Рэчы Паспалітай фактычна не існавала. Рашаючая палітычная роля належала магнатам. Другая палова XVII ст. прайшла пад знакам папераменнага ўзвышэння ў ВКЛ магнацкіх родаў Радзівілаў, Пацаў, Сапегаў.

Спачатку дамінавалі Радзівілы. Вяршыняй іх уплыву стала Кейданская унія ВКЛ са Швецыяй. Каб змяніць сітуацыю, кароль Рэчы Паспалітай Ян II Казімір Ваза пачаў падтрымліваць іншых магнатаў ВКЛ, у прыватнасці Пацаў. З 1658 па 1684 г. Крыштоф Зыгмунт Пац быў канцлерам ВКЛ, яго малодшы брат Мікалай Стэфан займаў спачатку пасаду трокскага ваяводы, потым віленскага кашталяна, а затым віленскага біскупа. Прадстаўнік малодшай галіны роду — Міхал Казімір Пац з 1669 па 1682 г. сумяшчаў пасады віленскага ваяводы і вялікага гетмана. Гэта была выключная ў гісторыі ВКЛ ступень канцэнтрацыі дзяржаўнай улады ў руках прадстаўнікоў аднаго роду. Уплыў Пацаў асабліва вырас пасля выбрання ў 1669 г. каралём Міхала Карыбута Вішнявецкага — стаўленніка прааўстрыйскай групоўкі шляхты, кіраўнікамі якой у ВКЛ былі Пацы.

16 верасня 1668 г. Ян ІІ Казімір Ваза адрокся ад трона. Яшчэ раней паміж ім і французскім каралём Людовікам ХІV было заключана тайнае пагадненне. Яго ўмовы прадугледжвалі пажыццёвае ўтрыманне Яна Казіміра ва Францыі за перадачу прастола французскаму кандыдату.

Пад час бескаралеўя Брандэнбург прапанаваў на трон Рэчы Паспалітай прынца Нойбургскага Філіпа-Вільгельма, Францыя – прынца д’Энгіенскага, Аўстрыя прынца Латарынгскага Карла. Былі і іншыя кандыдаты: прынц Сяміградскі, прынц Тасканскі, прынц Йоркскі, шведская экс-каралева Крысціна і нават рускі цар Аляксей Міхайлавіч.

Магнаты Рэчы Паспалітай падзяліліся на тры групоўкі: нойбургскую, французскую, аўстрыйскую. Але шляхта на канвакацыйным сойме выказалася супраць замежных кандыдатур. Таксама была ўведзена прысяга для сенатараў і паслоў, якая патрабавала не ісці на подкуп. Выразнікам пазіцыі шляхты стаў каронны канцлер Анджэй Альшоўскі. Ён выдаў брашуру «Censura condidatorum», у якой прапанаваў выбраць манарха-паляка.

На поле элекцыі пад Варшавай з’ехалася да 80 тысяч шляхціцаў. Двойчы яны атакавалі «шопу», абвінавачваючы маганатаў у здрадзе. У выніку А. Альшоўскі назваў кандыдатуру Міхала Карыбута Вішнявецкага (1669 – 1673). Зразумела, што магнаты былі незадаволены новым каралём, таму цягнулі з каранацыяй. У апазіцыі да манарха знаходзіўся прымас Мікалай Пражмоўскі і вялікі каронны гетман Ян Сабескі. Да таго ж актывізаваліся т.зв. «малькатэнты» (незадаволеныя) – прыхільнікі Францыі. Рэч Паспалітая апынулася перад пагрозай грамадзянскай вайны. У 1672 г. была арганізавана Голамбская канфедэрацыя ў падтрымку караля і Шчабжэшынская канфедэрацыя супраць яго. Спыніла ўнутрыпалітычны канфлікт пагроза вайны з Турцыяй.

Расклад палітычных сіл у княстве пачаў паступова мяняцца пасля смерці ў 1673 г. Міхала Вішнявецкага і выбрання ў 1674 г. каралём Яна III Сабескага, аднаго з лідэраў прафранцузскай партыі ў Рэчы Паспалітай. Пацы ўзначалілі апазіцыю новаму каралю. Іх падтрымлівалі грашовымі субсідыямі Аўстрыя і Брандэнбург, наладзілі яны сувязі і з Расіяй.

Ян III Сабескі супрацьпаставіў роду Пацаў іншых магнатаў, падтрымаўшы Сапегаў і Агінскіх. Гэта прывяло ў першай палове 80-х гг. да яшчэ большага ўзвышэння Сапегаў. Яны атрымалі ад караля высокія пасады ў дзяржаве і ў канцы XVII ст. дасягнулі поўнага дамінавання ў ВКЛ. Полацкі ваявода Казімір Ян Сапега ў 1681 г. атрымаў ад караля булаву польнага гетмана, а ўжо праз год стаў віленскім ваяводам і адначасова ў 1683 г. вялікім гетманам. Яго брат Бенядзікт займаў пасаду падскарбія ВКЛ і кантраляваў фінансы дзяржавы. На ўплывовай пасадзе трокскага ваяводы знаходзіўся Казімір Уладзіслаў Сапега. Высокія пасады займалі і сыны Казіміра Яна Сапегі: Аляксандр быў маршалкам, Ежы — стольнікам, а Міхал — канюшым. Падобная канцэнтрацыя ўлады ў руках прадстаўнікоў аднаго магнацкага роду выклікала незадаволенасць каралеўскага двара.

Умацаваўшы сваё становішча ў краіне, Сапегі павялі курс на аддзяленне ВКЛ ад Кароны пад сваім кантролем. Але супраць Сапег выступілі іншыя магнаты, значная частка шляхты і, канешне, кароль.

«Хатняй вайне» папярэднічала «касцёльная вайна» - канфлікт паміж гетманам Казімірам Янам Сапегам і віленскім біскупам Канстанцінам Бжастоўскім. У сярэдзіне красавіка 1694 г. біскуп у кафедральным касцёле пракляў вялікага гетмана і адлучыў яго ад царквы. Прычынай сталі пастаянныя злоўжыванні гетманскага войска, размешчанага на пастой ва ўладаннях Віленскай дыяцэзіі. Пры гэтым біскупа падахочвала да канфлікту каралева Марыя Казіміра («Марысенька»), якая непрыхільна ставілася да Сапегі за яго сувязі з Аўстрыяй.

Прыхільнікі Сапегі паскардзіліся ў Галоўны Трыбунал на К. Бжастоўскага і выказалі падазрэнне ў законнасці атрымання ім Віленскага біскупства. Пры гэтым К. Сапега звяртаў увагу суддзяў на той факт, што біскуп пайшоў на канфлікт падчас нарастаючай турэцкай пагрозы пры падтрымцы Францыі.

У "касцёльную вайну " Сапегі і Бжастоўскага былі ўцягнуты кароль Ян III Сабескі, прымас Радзіеўскі, папскі нунцый. Толькі ў 1697 г. адбылося фармальнае прымірэнне варагуючых бакоў.

Да таго ж каралеўскі двор быў незадаволены супраціўленнем Казіміра Сапегі спробам Яна III Сабескага прызначыць сваім пераемнікам старэйшага сына Якава. Таксама ўзнікла спрэчка з-за апякунства над уладаннямі дачкі канюшага ВКЛ Багуслава Радзівіла, з якой не адбыўся запланаваны шлюб Якава. Таму антысапегаўская кампанія пачалася з Польшчы.

Паколькі палітыка караля, накіраваная на сутыкненне магнацкіх родаў паміж сабой, пацярпела крах, то было вырашана супрацьпаставіць Сапегам шляхту. Шляхта ўтварыла лагер "рэспубліканцаў", які выступаў у абарону "залатых шляхецкіх вольнасцей". Аснову праграмы складала "каэквацыя", г.зн. ураўнанне ў правах польскай і вялікакняжацкай шляхты. Зразумела, што “каэквацыя” абмяжоўвала ролю магнатаў у ВКЛ, найперш Сапег.

У чэрвені 1696 г. памёр Ян III Сабескі. Выбары караля Рэчы Паспалітай набылі характар вострай палітычнай барацьбы. У барацьбу за трон адкрыта ўмяшаліся Расія, Францыя, Аўстрыя, Саксонія і іншыя краіны. Аўстрыя прапанавала Якава Сабескага, Францыя – прынца дэ Конці, Марыя Казіміра – зяця, баварскага курфюрста Максіміліяна-Эмануіла. Кожны з бакоў і дзяржаў імкнуліся вылучыць выгадную для сябе кандыдатуру і выкарыстоўвала для гэтага самыя розныя сродкі: подкуп, шантаж і нават пагрозы інтэрвенцыі. Так, расійскі цар Пётр I, які падтрымліваў кандыдатуру саксонскага курфюрста Фрыдрыха-Аўгуста, размясціў на мяжы ВКЛ 60-тысячную армію.

Найбольш уплывовым кандыдатам на каралеўскі трон быў французскі прынц Луі дэ Конці. У ВКЛ яго падтрымалі Сапегі. Яны заключылі дамову з французскім паслом у Рэчы Паспалітай, паводле якой абяцалі падтрымліваць толькі дэ Конці і схіляць на яго бок іншых магнатаў. Апазіцыя выступіла супраць кандыдатуры французскага прынца. Лідэры "рэспубліканцаў" спачатку адстойвалі правы на каралеўскі трон сям'і Сабескіх. Але затым яны пачалі падтрымліваць кандыдатуру саксонскага курфюрста, які нават перайшоў у каталіцтва, каб атрымаць карону Рэчы Паспалітай.

Сам Фрыдрых-Аўгуст пагадзіўся на ўключэнне “каэквацыі” у "пакта канвента". Ураўнанне ў правах зводзілася да наступнага: 1) перадаць права збору падаткаў на войска ВКЛ ад падскарбія Бенядзікта Сапегі да абраных на павятовых сойміках "паборцаў" (збіральнікаў); 2) увесці судовую адказнасць вялікага гетмана за парушэнні; 3) скасаваць звычай, паводле якога ўсе дэкрэты Галоўнага Трыбунала выконваліся толькі пасля іх зацвярджэння канцлерам.

У жніўні 1696 г. на Варшаўскім сойме шляхта ВКЛ дамаглася зацвярджэння "каэквацыі". Таксама афіцыйнай мовай справаводства ў дзяржаўных установах краіны станавілася польская.

17 кастрычніка 1696 г. у Бярэсці праціўнікі Сапегаў стварылі канфедэрацыю, якая выступіла ў абарону віленскага біскупа ад свавольстваў вялікага гетмана Казіміра Сапегі. Канфедэрацыю ўзначаліў харунжы Рыгор Агінскі.

Да канфедэратаў хутка далучылася і частка рэгулярнага войска ВКЛ. Казімір Сапега на чале 3-тысячнага войска аблажыў Бярэсце. Пагроза голаду прымусіла канфедэратаў пайсці на перагаворы. У лістападзе 1696 г. шляхта прыйшла да згоды з гетманам і прынесла яму прысягу на вернасць. Магчыма, прымірыцца з Сапегамі кіраўнікоў канфедэрацыі прымусілі пагрозы гетмана апублікаваць дакументы пра тое, што каралева Марыя Казіміра падкупіла Р. Агінскага, каб той арганізаваў выступленне супраць Сапегаў. Паводле дамоўленасці, шляхце дазвалялася бесперашкодна раз'ехацца па сваіх паветах. Харугвы ВКЛ, якія перайшлі на бок канфедэратаў, атрымалі поўную амністыю. Але ўсе разумелі, што барацьба не скончылася.

Абвяшчэнне Берасцейскай канфедэрацыі можна лічыць пачаткам адкрытай грамадзянскай вайны на тэрыторыі Княства – “Хатняй вайны”. Фактычна шляхта ВКЛ падзялілася на дзве часткі. Большая, на чале з Р. Агінскім, Л. Пацеем, М. Коцелам, а потым Радзівілам і Вішнявецкімі, згуртавалася пад сцягам каэквацыі з польскай шляхтай. Меншая засталася пры Сапегах. I ў першым, і ў другім выпадку шляхту ў сваіх інтарэсах выкарыстоўвалі магнаты.

Новы кароль Аўгуст ІІ Моцны не выказваў падтрымкі ні аднаму з варагуючых бакоў. Ён прытрымліваўся тактыкі лавіравання і пасрэдніцтва паміж імі, паколькі пераўтварыць Рэч Паспалітую абсалютную манархію.

Прымірэнне Сапегаў з Аўгустам II пасля каранацыі было часовым. Іх палітычная праграма была несумяшчальнай з планамі караля. Сапегі, а найперш Бенядзікт (празваны "літоўскім Макіявелі"), разумелі, што іх вяршынства ў ВКЛ немагчымае без аддзялення ад Польшчы. Паколькі сойм 1673 г. вырашыў кожны трэці сойм праводзіць у Гародні, то Сапегі марылі пра тое, каб і кожная трэцяя элекцыя манарха адбывалася з прадстаўнікоў ВКЛ. Да таго ж яны бачылі сябе на троне Рэчы Паспалітай.

У пачатку 1698 г. адбыўся з'езд антысапегаўскай апазіцыі пад Ашмянамі, дзе была прынята палітычная праграма, прапанаваная Аўгусту II. Ашмянскі з'езд часткі пастанавіў дабівацца рэальнага ажыццяўлення "каэквацыі правоў" і "конны сойм". У дачыненні да прыхільнікаў сапегаўскага дому прадугледжвалася дабіцца дазволу на іх баніцыю. "Рэспубліканцы" патрабавалі, каб Сапегі былі аддадзены пад соймавы суд, а да яго рашэння былі адхілены ад камандавання войскам і распараджэння фінансамі ВКЛ.

Пасля Ашмянскага з'езда антысапегаўскай шляхты і нерашучай пазіцыі Аўгуста II войскі Р. Агінскага працягвалі нападаць на прыхільнікаў гетмана, рабаваць іх уладанні. У гэты час пацярпелі многія гарады і мястэчкі Беларусі, у тым ліку Быхаў, Барысаў, Друя, Капыль, Ружаны, Горкі, Дрысвяты, Дуброўна.

У красавіку 1698 г. Р. Агінскі на чале шляхецкіх атрадаў спрабаваў захапіць Коўна. Аднак быў акружаны рэгулярным войскам ВКЛ пад камандаваннем стольніка Ежы Сапегі і здаўся амаль без бою. Агінскі вымушаны быў аддаць праціўніку зброю, харугвы і распусціць свае атрады.

У ліпені 1698 г. у Варшаве былі распачаты перагаворы паміж варагуючымі бакамі пры пасрэдніцтве Аўгуста II. Яны завяршыліся падпісаннем "Умовы згоды ў Вялікім княстве Літоўскім у імя Найсвяцейшай Тройцы" ад 16 ліпеня 1698 г. Сапегам прыйшлося пайсці на саступкі і афіцыйна прызнаць "каэквацыю" правоў. Паспалітае рушэнне "рэспубліканцаў" супраць Сапег павінна было быць распушчана. Казіміру і Бенядзікту Сапегам у выпадку іх добраахвотнага адступлення ад пасад прадугледжвалася выплата гадавой пенсіі ў памеры 100 тыс. злотых.

Аднак гэта згода была нетрывалай. Ужо ў ліпені 1698 г. пад Юрбаркам у Жамойціі канюшы ВКЛ Міхал Сапега разбіў войскі канфедэратаў, якія страцілі некалькі соцень чалавек забітымі. Многія з іх патанулі ў Нёмане, і толькі невялікая частка здолела ўцячы на тэрыторыю Прусіі.

Міжусобная барацьба ў ВКЛ спрыяла палітычным планам Аўгуста II, які ўвёў у Княства саксонскія войскі (каля 8 тыс. чалавек), афіцыйна абвясціўшы, што зроблена гэта дзеля "прымірэння бакоў". Выкарыстоўваючы шматлікія скаргі шляхты на ўціск з боку войск ВКЛ, кароль у канцы 1698 г, адпаведна з патрабаваннем "рэспубліканцаў", загадаў скараціць колькасць рэгулярнага войска ВКЛ у два разы.

Каб прымусіць Казіміра Яна Сапегу пагадзіцца на скарачэнне войска, кароль падтрымаў пастанову Віленскага з'езда антысапегаўскай шляхты (жнівень 1698 г.) аб скліканні ў ВКЛ паспалітага рушэння. Паводле гэтай пастановы, віцебскі кашталян Міхал Коцел, абраны "генеральным палкоўнікам" ВКЛ, абвясціў паспалітае рушэнне для абароны правоў шляхты і яе свабод. У сярэдзіне кастрычніка 1698 г. пад Гародняй сабралася амаль 15 тыс. шляхты. Каб прадухіліць яе магчымую сутычку з гетманскім войскам і падтрымаць антысапегаўскую кааліцыю, сюды былі накіраваны саксонскія войскі на чале з генералам Я. Флемінгам. Шляхта запатрабавала неадкладнага скарачэння рэгулярнага войска ВКЛ. Неабходна адзначыць, што скарачэнне і без таго нешматлікага войска ВКЛ вяло да аслаблення дзяржавы і рабіла яе безабароннай перад знешнім ворагам. Але жаданне пазбавіць Казіміра Яна Сапегу ваеннай сілы аказалася для "рэспубліканцаў" вышэй за дзяржаўныя інтарэсы.

Гетман быў вымушаны пагадзіцца на падпісанне дамовы. Пацвярджалася права шляхты адстойваць свае інтарэсы шляхам паспалітага рушэння. Для тых, хто не з'явіўся ў войска, прадугледжваліся пакаранні. Шляхта Полацкага ваяводства і Вількамірскага павета, якая праігнаравала заклік да паспалітага рушэння, была пазбаўлена на 3 гады права займаць дзяржаўныя і грамадскія пасады, а з кожнага дыма (сялянскай гаспадаркі) павінна была выплаціць па 10 злотых. Не з'явіліся на паспалітае рушэнне пад Гародняй і шляхціцы з Віцебскага і Мсціслаўскага ваяводстваў, а таксама з Рэчыцкага, Мазырскага і Аршанскага паветаў. Але яны тлумачылі гэта прыроднымі катаклізмамі (разлівы рэк перашкодзілі выканаць загад), што выратавала іх ад суровых санкцый.

Летам 1700 г. у ВКЛ паўстала чарговая антысапегаўская канфедэрацыя. Яе маршалкам абралі трокскага кашталяна Міхала Коцела, генеральным сакратаром віленскага каноніка Крыштофа Белазора, брата забітага людзьмі Сапегаў у 1698 г. Караля Белазора, актыўнага ўдзельніка папярэдняй антысапегаўскай канфедэрацыі. Паспалітае рушэнне ўзначаліў пінскі стараста Міхал Вішнявецкі.

Да гэтай канфедэрацыі далучыўся і шэраг вышэйшых службовых асоб ВКЛ. Сярод іх ваявода полацкі Дамінік Слушка, ваявода навагрудскі Стэфан Тызенгаўз, ваявода мсціслаўскі Міхал Даўмонт, падскарбі надворны Мікалай Агінскі, кухмістр ВКЛ Крыштоф Камароўскі, харунжы надворны ВКЛ Гедэон Радзімінскі, харунжы мсціслаўскі Марцін Валовіч, а таксама даўні вораг Сапегаў — віленскі біскуп Канстанцін Бжастоўскі.

У кастрычніку 1700 г. м. Ліпнішкі ў Ашмянскім павеце стала месцам збору паспалітага рушэння са сканфедэраваных ваяводстваў і паветаў ВКЛ. Шляхту Ашмянскага павета ўзначаліў Крыштоф Зяновіч, берасцейскую — Людвік Пацей, шляхтуЛідскага павета (больш за 200 чалавек) — Уладзіслаў Нарбут. У сярэдзіне лістапада 1700 г. атрады канфедэратаў на чале з Міхалам Вішнявецкім накіраваліся да сталіцы ВКЛ, дзе знаходзіліся асноўныя сілы Казіміра Яна Сапегі.

Канфедэратаў падтрымаў і канцлер ВКЛ Караль Станіслаў Радзівіл. Яго сын Ян Мікалай узначаліў паспалітае рушэнне Навагрудскага ваяводства. Адзначым, што шляхецкія атрады з некаторых паветаў (напрыклад, Браслаўскага на чале з Завішай) змагаліся на баку Сапегаў. Гетмана падтрымалі маршалак гарадзенскі Стэфан Александровіч, падстараста Рыгор Катовіч, пісар вялікі літоўскі Казімір Міхал Пац, а таксама Станіслаў Панятоўскі, бацька будучага караля Рэчы Паспалітай.

18 лістапада 1700 г. пад Алькенікамі (паблізу Вільні) адбылася рашаючая бітва. Войска канфедэратаў налічвала каля 12 тыс. чалавек. Сілы гетмана складаліся з 3 тыс. жаўнераў іншаземнага ўзору (пяхота і драгуны), а таксама некалькіх павятовых і татарскіх харугваў. Акрамя таго, Казімір Ян Сапега меў 8 гармат.

Бітва пачалася раніцай. Татарскія харугвы атакавалі лагер канфедэратаў, які знаходзіўся на ўскрайку Рудніцкай пушчы. Канфедэраты адбілі атаку, выйшлі з лагера і пачалі наступаць на варожыя пазіцыі. З дапамогай артылерыі войскі гетмана паспяхова стрымлівалі атакі шматлікай, але слаба арганізаванай кавалерыі канфедэратаў. Толькі ўдалы манёўр атрада Р.Агінскага, які непрыкметна зайшоў у тыл гетманскаму войску, вырашыў зыход бітвы на карысць канфедэратаў.

Каб пазбегнуць палону, Казімір Ян Сапега і яго брат Бенядзікт уцяклі з поля бою. Кіраўніцтва войскам узяў на сябе сын гетмана Міхал Сапега. Колькасная перавага дазволіла канфедэратам акружыць праціўніка. Бітва працягвалася амаль увесь дзень. Найбольш упарта біліся татарскія і шляхецкія харугвы Сапегаў, частка з іх нават здолела вырвацца з акружэння.

Увечары Міхал Сапега з часткай ацалелага войска (каля 1,5 тыс. чалавек) склаў зброю. Паводле ўмоў капітуляцыі, яму і яго паплечнікам было гарантавана жыццё, але на наступны дзень Міхала забіла раз'юшаная шляхта, якую на гэта справакаваў віленскі канонік К. Белазор. Такі ж лёс напаткаў старасту браслаўскага Міхала Войну, харунжага Мірскага і некаторых іншых палонных.

Улада ў ВКЛ перайшла ў рукі канфедэратаў. Пераможцы асудзілі Сапегаў (за выключэннем прадстаўнікоў коданьскай галіны роду) на баніцыю і пазбавілі ўсіх дзяржаўных пасад і маёнткаў. Кіраўнікі канфедэрацыі — Міхал Коцел і Рыгор Агінскі атрымалі права распараджацца даходамі, устанаўліваць і збіраць падаткі з сапегаўскіх уладанняў. Была праведзена рэарганізацыя войска ВКЛ, на чале яго пастаўлены генеральны палкоўнік Міхал Вішнявецкі. Пасада вялікага гетмана скасоўвалася (была адноўлена ў 1703 г.), колькасць войска павялічвалася да 7,5 тыс. чалавек, а месцамі яго раскватаравання былі вызначаны канфіскаваныя маёнткі Сапегаў.

Пасля паражэння пад Алькенікамі Сапегі накіраваліся ў Варшаву, дзе прасілі дапамогі ў Аўгуста II. Кароль нібыта згадзіўся стаць пасрэднікам у перагаворах Сапегаў з апазіцыйнай шляхтай і накіраваў у Гародню для перамоў з канфедэратамі падканцлера ВКЛ Антонія Шчуку. Але патаемна Аўгуст II працягваў падтрымліваць антысапегаўскія сілы. Бліжэйшае акружэнне караля нават прапанавала яму праект аддзялення ВКЛ ад Кароны і стварыць спадчынную манархію для Аўгуста II.

На мяжы 1700 - 1701 гг. "рэспубліканцы" прынялі новы дакумент, які фактычна змяніў праграму антысапегаўскага руху. Гэта – "Віленская пастанова". У ёй абвяшчалася ўвядзенне ў ВКЛ спадчыннай абсалютнай манархіі на чале з Аўгустам II. "Залатыя шляхецкія вольнасці", якія дасталіся шляхце Княства ад палякаў, называліся "нікчэмнымі" і скасоўваліся. Аднак “Віленская пастанова” не была ўведзена, а яе аўтары былі вымушаны ад яе публічна адмовіцца. Гэта было звязана з другой Паўночнай вайной. Пасля паражэння Расіі пад Нарвай Аўгуст II страціў знешнюю падтрымку, абяцаную яму Пятром I, і быў вымушаны часова адмовіцца ад сваіх абсалютысцкіх планаў.

Адзначым, што ў "хатнюю вайну" былі ўцягнуты ўсе саслоўі ВКЛ. Злоўжыванні пры зборы падаткаў з былых уладанняў Сапег, а часам і адкрытае іх рабаванне ўзнялі на барацьбу супраць шляхты сялян сапегаўскіх маёнткаў. Неўзабаве сялянскі рух падтрымалі і Сапегі. Яны арганізавалі і ўзброілі казацка-сялянскія атрады, аснову якіх складалі сяляне са спустошаных маёнткаў. Сапегам удалося таксама схіліць на свой бок частку казакаў гетмана Абідоўскага, якія пасля бітвы пад Нарвай пакінулі расійскую службу і праз тэрыторыю ВКЛ вярталіся дадому.

Найбольш актыўныя баявыя дзеянні паміж шляхецкімі фарміраваннямі і казацка-сялянскімі атрадамі на чале з сапегаўскімі палкоўнікамі Юрэвічам, Хмарам, Більдзюкевічам разгарнуліся ў 1701 г. на ўсходзе Беларусі, у раёне Дуброўны, Быхава і Галоўчына. Шляхецкія злучэнні атрымалі шэраг перамог. Выключэнне складаў толькі добра ўмацаваны Быхаў, дзе знаходзіўся моцны сапегаўскі гарнізон.

Падчас другой Паўночнай вайны ўнутрыпалітычнае становішча ВКЛ яшчэ больш ускладнілася. Не атрымаўшы належнай падтрымкі ад Аўгуста II, Сапегі і іх прыхільнікі перайшлі на бок шведаў і змагаліся разам з імі.

Праціўнікі Сапегаў звярнуліся па дапамогу да расійскага цара Пятра I, які ўдала скарыстаў антышведскія настроі значнай часткі шляхты ВКЛ, каб уцягнуць у вайну ўсю Рэч Паспалітую.

У 1710 г. сойм Рэчы Паспалітай прыняў канстытуцыю пад назвай "Задавальненне шляхты розных ваяводстваў і паветаў, пастралянай і пазабіванай пад Алькенікамі", у якой асудзіў міжусобную вайну і выдаткаваў 100 тыс. злотых для выплаты пацярпелым у гэтай бітве і іх сем'ям. Відавочна, што ўнутраныя міжусобіцы канца XVII — пачатку XVIII ст. значна аслабілі дзяржаўную ўладу і прывялі да глыбокага палітычнага крызісу ва ўсёй Рэчы Паспалітай. Яна была ўцягнута ў чужую вайну і не змагла абараніць свае ўласныя інтарэсы.

Соседние файлы в предмете [НЕСОРТИРОВАННОЕ]