Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
lekc2.doc
Скачиваний:
46
Добавлен:
10.11.2019
Размер:
1.89 Mб
Скачать

Лекцыя 30. Гарадскія паўстанні канца хvі – першай трэці хvіі ст.

  • "Каляндарны бунт" у Полацку

  • Выступленні супраць гарадской адміністрацыі ў Магілёве і Мазыры

  • Антыуніяцкія хваляванні

"Каляндарны бунт" у Полацку

Ператварыўшыся ў сур'ёзную эканамічную сілу, гараджане заставаліся прыніжаным падатным саслоўем. Па-першае, іх інтарэсы апынуліся ў рэзкай супярэчнасці з прывілеямі свецкіх і духоўных феадалаў, а па-другое, унутры горада назіраліся пэўныя непаразуменні паміж асобнымі сацыяльнымі групамі. Вось чаму насельніцтва гарадоў і мястэчак Беларусі вяло ўпартую барацьбу за свае правы, асабліва ў канцы ХVІ – першай палове ХVІІ ст.

З. Ю. Капыскі, адзін з буйнейшых спецыялістаў па гісторыі сярэднявечнага беларускага горада, вылучае чатыры напрамкі барацьбы гараджан за свае правы.

  1. Супраціўленне ўзмацненню ўлады феадалаў у горадзе і імкненне распаўсюдзіць уладу гарадскога самакіравання (магдэбургскае права) на ўсё гарадское насельніцтва.

  2. Барацьба гарадскіх нізоў супраць свавольства гарадской вярхушкі за захаванне правоў сходу гараджан.

  3. Выступленне супраць каталіцкай экспансіі.

  4. Супрацьдзеянне абміршчэнню праваслаўнага кліру.

У канцы ХVІ – першай трэці ХVІІ ст. па Беларусі пракацілася цэлая серыя гарадскіх паўстанняў. Пачалося ўсё з выступлення палачан, якія адмовіліся прыняць каляндарную рэформу 1582 г.

Каляндарная праблема адносіцца да ліку тых, што хвалюе чалавецтва і не дае яму спакою на працягу ўсёй гісторыі. Календаром еўрапейскага сярэднявечча быў юліянскі, распрацаваны александрыйскім астраномам Сазігенам, уведзены рэформай Юлія Цэзара ў 46 г. да нараджэння Хрыстова і названы імем імператара. У 325 г. нашай эры Усяленскі Нікейскі сабор прызнаў гэту сістэму вылічэння часу абавязковай для ўсяго хрысціянскага свету. Паступова яна ўвайшла ў практыку ўсіх еўрапейскіх краін, у тым ліку і Вялікага княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага. Праз яе да 1582 г. хрысціянскі Усход і Захад былі злучаны адзіным каляндарна-літургічным мастом.

Просты і зручны ў сваёй аснове сазігенаўска-юліянскі механізм адліку часу меў недакладнасць – працягласць каляндарнага года была на 11 мінут 14 секунд большая за астранамічны, таму за кожныя 128 гадоў назапашвалася памылка на адны суткі, якая к сярэдзіне ХVІ ст. вырасла да дзесяці сутак і павярнулася несупадзеннем сапраўднага веснавога раўнадзенства (поўні) з каляндарным. Гэта стварала блытаніну ў велікодных разліках і святкаванні хрысціянскай царквой Пасхі (Вялікадня), якая паводле рашэння Нікейскага сабора павінна адзначацца пасля першага веснавога раўнадзенства.

На такую недакладнасць ужо ў ХІІІ–ХІV стст. звярталі ўвагу заходнееўрапейскія і візантыйскія вучоныя, якія прапаноўвалі больш дасканалыя сістэмы часалічэння. Вырашэнне каляндарнай праблемы ўзяў на сябе Папа Рымскі Грыгорый ХІІІ. У 1578 г. ён заклікаў да працы лепшых вучоных і некаторыя універсітэты, даручыўшы ім "паправу" існуючай сістэмы адліку часу. Спецыяльна створаная камісія, разгледзеўшы распрацаваныя імі праекты, ухваліла прапановы італьянца Луіджы Ліліа, якія былі пакладзены ў аснову рэформы календара.

Уведзены дэкрэтам Грыгорыя ХІІІ у 1582 г. новы каляндар быў прагрэсіўнай з'явай у гісторыі навуковай думкі, паколькі выпраўляў заганы ў адліку часу. З гэтай пастановы бярэ пачатак новы стыль летазлічэння, па якім час перасоўваўся на 10 дзён уперад і, такім чынам, аднаўляліся "згубленыя" ў юліянскім календары 10 сутак. Следам за Італіяй на новы стыль паступова пачалі пераходзіць іншыя еўрапейскія дзяржавы. Адной з першых на каляндарную рэформу адгукнулася Рэч Паспалітая.

Прыстасаваны да патрэб каталіцкай царквы, грыгарыянскі каляндар набыў заходнехрысціянскую рэлігійную афарбоўку, што зрабіла яго непрыдатным для прыняцця на пратэстанцкіх і праваслаўных землях. "Лепей разысціся з Сонцам, чым сысціся з Папам", – заяўлялі пратэстанты.

Адмоўна паставіўся да новаўвядзення і ўсходнехрысціянскі свет, бо яно зыходзіла ад Папы Рымскага і падрывала аўтарытэт праваслаўя. Кастанцкі сабор, скліканы ў 1583 г. патрыярхам Іярэміяй, уважліва абмеркаваў каляндарнае пытанне і абвясціў новы стыль і каляндар чарговым эксперыментам Рыма, праведзеным на свой лад, прызнаў іх некананічнымі і пагражаў пракляццем тым, хто асмеліўся б святкаваць па-новаму. 20 лістапада 1583 г. канстанцінопальскі патрыярх Іярэмія звярнуўся да праваслаўнага кліру Рэчы Паспалітай з заявай аб "няправільнай змене хрысціянскага летазлічэння Папай Рымскім Грыгорыем ХІІІ", з заклікам прытрымлівацца юліянскага календара і адзначаць Пасху і іншыя святы паводле ўстанаўлення Нікейскага сабора.

Граматай Стэфана Баторыя 1583 г. грыгарыянскі каляндар уводзіўся на ўсёй тэрыторыі Рэчы Паспалітай. Прыняты ў каталіцкім асяроддзі, ён сустрэў рэзкі адпор праваслаўнага духавенства і насельніцтва. Беларускі і ўкраінскі народы балюча паставіліся да спробы ламання традыцый.

Ідэолагі беларуска-ўкраінскай праваслаўнай царквы Г. Сматрыцкі, С. Зізаній, В. Суражскі, Х. Філалет і іншыя ў імкненні абараніцца ад наступаючага каталіцызму рэзка выступілі супраць новага календара. У абароне нацыянальна-культурных і рэлігійных традыцый сваіх народаў праціўнікі рэформы імкнуліся ізаляваць усходнеславянскі свет ад заходняй цывілізацыі. А гэта вылілася ў непрыняцце дасягнення перадавой еўрапейскай астранамічнай навукі, таксама залічанай да разраду "лацінства". Так, Герасім Сматрыцкі, хоць і разумеў необходнасць удакладнення календара, але ўбачыў у яго рэформе вялікае грамадскае і маральна-этычнае зло для свайго народа і таму выступіў супраць яе. Разгляд пытання аб перавазе таго ці іншага календара ў цеснай сувязі з дагматычнымі і абрадавымі асаблівасцямі праваслаўя і каталіцызму надаваў літаратурнай палеміцы характар нецярпімасці. Напэўна, нідзе больш барацьба вакол календара не набыла такіх вострых форм, як у Рэчы Паспалітай.

Новаўвядзенне выклікала ў 80–90 гады ХVІ ст. сур'ёзныя "каляндарныя" канфлікты ў Полацку, Вільні, Львове, паколькі закранала рэлігійныя пачуцці і эканамічныя інтарэсы людзей.

Вось як характарызуе абстаноўку на ўсходзе Беларусі Баркулабаўскі летапіс: "…Року 1583 календар новый выдан за кроля Стефана… На тот же час было великое замешание промежи панами и промеж людми духовными, также и людми простыми было плачу великого, нарекания силного, похвалки, посварки, забуйство, грабежи, заклинания, видячи яко новые свята установляли, праздники отменяли, купцом торги албо ярмарки поотменяли, право было начало пристья антихристова, у таком великом замешанью".

Адмена святаў паводле старога календара, забарона гандлю і рамесніцкай дзейнасці ў каталіцкія святы, перанос або адмена кірмашоў выклікалі народнае хваляванне ў Полацку. Палачане адказалі на гэтыя меры своеасаблівым пратэстам.

Нягледзячы на націск з боку ўлад і царквы, у дні каталіцкіх святаў полацкія гандляры адкрывалі крамы, дзе ішоў гандаль яшчэ больш ажыўлены за будныя дні. Рамеснікі дэманстратыўна працавалі ў сваіх майстэрнях з ранку да вечара. Калі лентвойт паспрабаваў забараніць работу і гандаль у святочныя дні, пагражаючы расправай, гараджане хацелі закідаць яго каменнем. Лентвойт звярнуўся са скаргай да караля. Праз некаторы час прыбыла грамата, у якой кароль забараняў палачанам працаваць і гандляваць у дні каталіцкіх святаў, ва ўсякім разе – не рабіць гэта яўна.

Спасылаючыся на каралеўскае распараджэнне, гарадскія ўлады запатрабавалі ад жыхароў Полацка "пачцівасці" да каталіцкіх святаў і, магчыма, прыбеглі да карных мер. У адказ на гэта натоўпы гараджан выйшлі на вуліцы. Прагучалі крыкі, што трэба разграміць касцёл і езуіцкі калегіум, спаліць горад і замак, а самім пайсці да Масквы. Ваяводскіх слуг, якія спрабавалі навесці парадак, гараджане адкрыта паграджалі забіць. Натоўпы народу на вуліцах павялічваліся. Пачаўся пагром шляхецкіх дамоў. Уладам з вялікай цяжкасцю ўдалося падавіць хваляванні. Службовыя асобы паведамлялі, што жыхары Полацка хваляць рускага цара, лічаць яго больш прымальным для сябе, чым кароль Рэчы Паспалітай.

Адзінай крыніцай, якая паведамляе пра падзеі ў Полацку, з'яўляецца ліст Льва Сапегі да Крыштафа Радзівіла, датаваны 1599 годам. Безумоўна, Сапега ў канфідэнцыяльнай перапісцы з Радзівілам быў дастаткова шчыры. Аднак у сучасных даследчыкаў выклікае сумненне датаванне ліста. Паўстанне, верагодна, адбылося ў 1584 г., у хуткім часе пасля выдання Стэфанам Баторыем граматы аб увядзенні каляндарнай рэформы.

"Каляндарныя" хваляванні прымусілі ўрад узаконіць права праваслаўных карыстацца старым часалічэннем і па традыцыі адзначаць свае святы. Стэфан Баторый тлумачыў, што ўвёў новы каляндар не з мэтай уціску праваслаўных, а "для порядку и справ Речи Поспалитой". "…Люде Греческого закону ло тое реформацыи календара нового без призволеня старшого патриархи своего, кгвалтом примушаны быти не мають, – гаварылася ў каралеўскай грамаце, выдадзенай ў 1584 г. у Гародні, – для чого хочем мети и приказуем…, абысте им свят их обходити и святити не забороняли, переказы и пренагабаня, ани грабежов за то, ани деспектов жадных не чинили, постерегаючи того, якобы покой и згода межи розными у вере и набожестве захованы были…"

Гэтыя захады Баторыя не змаглі поўнасцю стабілізаваць сітуацыю: пасыпаліся скаргі, пайшлі разборы, "каляндарныя" беспарадкі не спыніліся. У 1586 г. каралю давялося разбірацца з полацкімі мяшчанамі, якія прымушалі католікаў, прыняўшых новы стыль, "до захованья свят своих водлуг старого календаря" і ім на наругу працавалі і гандлявалі ў дні каталіцкіх святаў. Пад пагрозай кары палачан абавязалі шанаваць тыя святы, што адзначае касцёл. Тады ж "пасольства" Вільні скардзілася на мясцовых католікаў, што "их свят Греческих святити не допускаете, принуждаючи их (гараджан) к свяченью свят римских водле нового календара, и не малые трудности в том им задаете".

Адказам на гэтыя канфлікты з'явіўся дадатковы каралеўскі ўказ, каб ніхто не прадаваў у дні святаў і па новаму, і па старому календару. Ад такога падваення святаў, зразумела, цярпелі эканамічныя інтарэсы рамеснікаў і гандляроў. Акрамя таго, гэта теарэтычнае размежаванне вельмі няпроста было ўвасобіць у практыку.

Так, воляй гістарычных абставін наш народ аказаўся падзеленым на дзве часткі: адны жывуць па юліянскім, другія – па грыгарыянскім часаўспрыманні. З канца ХVІ ст. да нашых дзён пэўныя каляндарныя ўмоўнасці з'яўляюцца значнай перашкодай для кансалідацыі беларускага этнасу.

"Каляндарная праблема" ў канцы ХVІ ст. яшчэ больш паглыбіла раскол у хрысціянстве. Вучоныя ўжо таго часу, абмяркоўваючы рэформу, прадказалі, што выгады ад новага механізма рэгуляцыі сакральнага часу не пакрыюць той блытаніны, якую ён выкліча.

Надзею на пераадоленне каляндарнай бездані, што пралягла паміж праваслаўным Усходам і каталіцкім Захадам, пэўныя колы ўскладалі на царкоўную унію, падрыхтоўка якой вялася на беларуска-ўкраінскіх землях.

Аднак тварцы уніі, каб не застацца ў ізаляцыі, вымушаны былі лічыцца з вострай рэакцыяй беларуска-ўкраінскага насельніцтва на прадпрынятую яшчэ ў 80-я гады спробу ламання векавой усходнеславянскай традыцыі лічэння часу і адзначэння святаў па юліянскаму календару і таму вагаліся ў сваёй каляндарнай палітыцы ад адстойвання старога стылю да згоды прыняць новы. Сярод артыкулаў – дзелавых умоў уніі, падпісаных вышэйшай праваслаўнай іерархіяй у 1594 г., агаворваецца права адпраўлення ўсіх царкоўных спраў і набажэнства па старому календару.

Соседние файлы в предмете [НЕСОРТИРОВАННОЕ]