Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Фалькларыстыка і міфалогія / Дапаможнікі / Беларуская міфалогія.doc
Скачиваний:
93
Добавлен:
25.03.2015
Размер:
3.59 Mб
Скачать

Запісана ў в. Скепня Жлобінскага р-на

ад Багуновай М.І., 1930 г.н.,

студэнткай Бобрыкавай Н. (2006 г.)

Ваўкалак – гэта чалавек, які пераўтварыўся ў ваўка. Ваўкалакі нападаюць на людзей, асабліва на малых дзетак, і высмоктваюць у іх кроў.

Ваўкалак не падобны на ваўка. У яго белая палоска на шыі, чалавечыя вочы, і ён увесь час стогне. Ён большы за сапраўднага ваўка, у яго вельмі вялікая галава.

Запісана ў в. Пабядзіцель Лоеўскага р-на

ад Гаўрыленка Тамары Мікалаеўны, 1927 г.н.,

студэнткай Марчанка В. (2004 г.)

Былі ў кожнай дзярэўні людзі такія, якія началі ў ваўкоў ператварацца. Ён і сам не знаў таго. Ноччу зробіцца ваўком, бегае, ды каго ўкусіць, а каго загрызе, каму ска­ці­ну папорціць. Тыя, хто пакусаны быў, рабіліся ваўкалакам. Як толькі сонца ўстае, на­зад людзьмі дзелаліся. Бывала так, што не паспее схавацца ад сонца, паміраў тады дзесь у лесе. Ператваралі ў ваўкалакаў каўдуны, якія не ўзлюбілі чалавека. Каб здзе­лац­ца апяць чалавекам, нада было, каб гэты ваўкалак загрыз таго, хто ўкусіў яго ці зра­біў яго такім. Гаварылі, што нада перапрыгнуць яму цераз гроб, каб стаць ча­ла­ве­кам.

Запісана ў в. Балотня Рагачоўскага р-на

ад Бравай Марыі Іванаўны, 1926 г.н.,

студэнткамі Хурсевіч Г., Бравай І. (2004 г.)

Чалавек, які ператварыўся ў ваўкалака, вельмі падобны на ваўка. У яго такая ж се­рая шкура, моцныя клыкі. І выходзіць толькі ноччу, каб пажывіцца, калі ён галодны. Людзей ён не чапае, калі яны яго не чапаюць. Нападае на статак, ён не есць сырога мя­са. Аддае перавагу чалавечай ежы. Ваўкалакі ходзяць па лясах і дарогах, шукаючы ас­тат­кі ад ежы, але пітаюцца і расліннай ежай. Як гавораць: ноччу ён ваўкалак, а днём – чалавек. Ператвараецца чалавек у ваўкалака ад нячыстай сілы. Ноччу ваўкалакі аб­’­яд­ноў­ва­лі­ся ў стаі і разам знішчалі жывёлу. Частку жыцця знаходзіліся між людзей. Зна­ходзя­чы­ся раніцай між людзей, ноччу яны стараліся ізбегнуць іх, хаваліся дзесьці ў лесе або ў гушчары, дзе шмат зараслей. Ваўкалакі выюць толькі на ўсход, калі кла­дуц­ца спаць ці ўстаюць.

Запісана ў в. Будка Рэчыцкага р-на

ад Белавус Таццяны Іванаўны, 1924 г.н.,

студэнткай Астапенка Г. (2004 г.)

Ваўкалак – гэта паўчалавек-паўжывёла. Злыя ваўкалакі губяць людзей і скаціну. Доб­рыя нічога дрэннага не робяць людзям, не ганяюць жывёлу. Ваўкалак – нячыстая сі­ла, якая можа пераўтварыцца ў чалавека, а потым у ваўка. Калі ваўкалак нападае на ча­ла­ве­ка, то ён яго не есць, а толькі выпівае кроў. Ваўкалакам можа стаць любы ча­ла­век, калі яго ўкусіць ваўкалак. Апасна хадзіць па вуліцы ноччу, калі на небе поўная лу­на, таму што менавіта тады выходзяць на ахоту ваўкалакі. Чалавек, калі становіцца ваў­ка­ла­кам, не разбірае, хто перад ім. Ён кусае і душыць усіх. Ваўкалак таксама на­па­дае на жывёлу, якая пасецца ў лесе. Менш за ўсё ваўкалакі нападаюць на людзей, у якіх ёсць хрэсцік. Яшчэ людзі лічылі, што ваўкалакам можна стаць, калі доўга глядзець на поўную луну.

Запісана ў в. Залессе Чачэрскага р-на

ад Карпенкінай Ганны Якаўлеўны, 1941 г.н.,

студэнткай Парукавай Н. (2006 г.)

Ваўкалак – злы чалавек, які жорстка абыходзіцца з людзьмі. Ваўкалакам стане той, на каго пракляцце нашлюць. Таму ноччу ён ператвараецца ў ваўка і блукае па ле­се. Ён страшны, з краснымі вачыма, белымі зубамі і вострымі кагцямі. Ён пакрыты шэр­с­цю ды зубы ў яго, як у воўка. Каб не наткнуцца на ваўкалака, лепш не хадзіць ноч­чу па лесе, асобенна кагда на небе поўная луна. А еслі ўвідзіш яго, то не спасёсся ад яго. Начнёш чытаць малітву – ён шчэзнець.

Запісана ў в. Гавяды Шклоўскага р-на Магілёўскай вобл.

ад Корневай Валянціны Яўгенаўны, 1938 г.н.,

студэнткай Лукашовай А.

Ведзьма

Ведзьма – адзін з галоўных персанажаў у ніжэйшай міфалогіі сла­вян­с­кіх народаў, які адносіцца да разраду паўлюдзей-паўдэманаў. “Існуе нямала па­ве­р­’­яў пра людзей, якія, атрымаўшы па сваёй волі або міжвольна магічныя ве­ды, уступаюць у кантакт з дэманамі і з іх дапамогай уплываюць на пры­ро­ду, стыхіі, атмасферныя з’явы, ураджай, здароўе і пладавітасць людзей і жы­вёл. Гэта ведзьмы, ведзьмакі, знахары…” [1, с. 357].

Л. Вінаградава вызначыла наступныя ўніверсальныя для ха­рак­та­рыс­ты­кі ведзьмы ў розных славянскіх зонах рысы: здольнасць стаць пярэваратнем, ка­лян­дар­ная прымеркаванасць актывізацыі яе дэманічных уласцівасцей, сіс­тэ­ма спосабаў распазнавання ведзьмы сярод звычайных жанчын, матыў па­лё­таў на шабаш. Даследчыца адзначае, што “вялікая рэгіянальная шмат­с­тай­насць імён-назваў персанажаў гэтага тыпу і бясконцая колькасць варыянтаў іх якасных характарыстык, якія сустракаюцца ў кожнай мясцовасці, стварае скла­да­ную карціну тыпалогіі славянскіх “ведзьмаў…” [2, с. 230].

Міфалагічны персанаж “ведзьма” з’яўляецца ўстойлівым у розных ды­я­лек­т­ных павер’ях. “Ён ідэнтыфікуецца на аснове такіх галоўных прымет, як рэ­а­ль­ная жанчына, якая мае стасункі з нячыстай сілай, валодае звыш­на­ту­ра­ль­ны­мі ўласцівасцямі і выкарыстоўвае іх у шкодных у адносінах да людзей мэ­тах” [2, с. 230].

Характарыстыка “сацыяльнага статусу» ведзьмы мае багатую мясцовую спецыфіку. У лакальных міфалагічных традыцыях Гомельшчыны гэты міфалагічны персанаж падобны на жанчыну (“Маленькая, маленькая жанчына, а валасы, ты б толькі пабачыла, такія чорныя, аж страшна стала” – в. Бабічы Рэчыцкага р-на; “Ведзьмы хадзілі ў чалавечым абліччы. Былі аднак страшныя, кульгавыя” – г.п. Капаткевічы Петрыкаўскага р-на; “Выглядае ведзьма як жанчына, але погляд у яе вельмі злы быў. Валасы ў яе былі гразныя, сівыя, нерасчосаныя” – в. Бабоўка Жлобінскага р-на і інш.). Ведзьма, паводле народных уяўленняў, магла прымаць не толькі жаночы, але і мужчынскі воблік: “ведзьмай бывае як жанчына, так і мужчына” (в. Будаўнік Хойніцкага р-на). “Ведзьма звычайна ўяўлялася старой гарбатай жанчынай, апранутай у розны хлам. Казалі, што ведзьма магла прымаць вобраз жабы, ката, свінні, клубка, кола і ін­шых прадметаў” (в. Гаць Акцябрскага р-на); “Ведзьма – ета жанчына з чорнымі вачамі, дліннымі, касматымі валоссямі, з кас­т­ля­вы­мі рукамі, у плацці з мешкавіны” (в. Патапаўка Буда-Кашалёўскага р-на); “Ведзьма – ета старая жэншчына, очэнь страшная, з гарбом, седая. Но так жа ведзь­май магла быць і пажылая жэншчына. У яе чорныя косы, вочы тожа чорныя ці зя­лё­ныя” (в. Навасёлкі Гродзенскай вобл.); “Ведзьма – гэта худая, высокая, з чорнымі валасамі і цёмнымі вачыма нестарая жан­чы­на” (в. Янкаў Лог Рагачоўскага р-на);

Ведзьма паўстае пераважна ў антрапаморфным выглядзе, але можа набываць і зааморфны воблік, здольнасць ператварацца ў жывёл і птушак, паўставаць у выглядзе прадметаў. Гэта тыповая рыса палескай ведзьмы. Зыходзячы з канкрэтных міфалагічных павер’яў, “ведзьмы маглі станавіцца катом, казой, свіннёй, сабакай” (в. Пакалюбічы Гомельскага р-на), “ведзьма пайшла карову даіць, не сваю, канешне, а чужую, у хлеў зайшла, а гаспадар каровы яе ўбачыў. Дык яна зрабілася колам, ператварылася ў кола такое дзеравяннае” (в. Неглюбка Веткаўскага р-на). “Ведзьма” можа ператварыцца ў любую істоту і ў любы прадмет, але ахвотней за ўсё набывае воблік кошкі, сабакі, свінні, зайца, вялікай жабы, з птушак – вароны, савы, або сарокі.

Згодна з рускай легендай, калі пры Іване Грозным спальвалі жанчын, якіх падазравалі ў чараўніцтве, дзве з іх вылецелі ў трубу сарокамі, і іх спрабаваў заклінаць сам цар. Паводле сведчання гісторыка Тацішчава, у 1714г. адну жанчыну прыгаварылі да смерці за чараўніцтва і за тое, што яна ператваралася сарокай. Лічылася, што ведзьма любіць ператварацца ў калясо, клубок нітак, стог сена, палку, кошык. Яна можа стаць і нябачнай.” [1, с. 360-361]

Асабліва пашыраны на Гомельшчыне павер’і, паводле якіх ведзьма магла ператварыцца ў розных жывёл, напрыклад, барана (“Бараньчык зайшоў у тую ваду, дзе пянька была, і крычыць. Яны ўслед за бараньчыкам у ваду, хацелі яго выцягнуць. Схваціліся за яго хвост, пацягнулі і самі ўпалі ў тую ваду. А ў руках іх была тая пянька. А бараньчык тады засмяяўся і знік” (в. Пакалюбічы Гомельскага р-на). Зааморфны выгляд ведзьмы ў лакальных традыцыях звязаны з ператварэннем у чорную кошку (в. Новы Макрэц Брагінскага р-на, в. Бацвінава Чачэрскага р-на, г. Жлобін, в. Бабоўка Жлобінскага р-на, в. Патапаўка Буда-Кашалёўскага р-на); сабаку (в. Новы Макрэц Брагінскага р-на, вв. Акцябр, Шырокае Буда-Кашалёўскага р-на, в. Целяшы Гомельскага р-на і інш.); курыцу (в. Шырокае Буда-Кашалёўскага р-на і інш.); казу (в. Капань Рэчыцкага р-на і інш.); гуся (г. Гомель); авечку (в. Аздзеліна Гомельскага р-на); свінню (г. Гомель, в. Целяшы Гомельскага р-на, в. Сямёнаўка Рэчыцкага р-на, в. Васільеўка Добрушскага р-на, в. Глазаўка Буда-Кашалёўскага р-на, в. Неглюбка Веткаўскага р-на і інш.); жабу (п. Чырвонае, вв. Боркі, Малешаў Жыткавіцкага р-на, в. Вулька-2 Лунінецкага р-а Брэсцкай вобласці, в. Церуха Гомельскага р-на), вужа (в. Лужок Кармянскага р-на).

У в. Сямёнаўка Рэчыцкага р-на жыхары нагадалі, што ведзьма магла прымаць воблік і сабакі, і свінні, і каня, і жарабяці, і зайчыка, “была яна і калясом, якое каціла” (запісана ад Кірэнка Пелагеі Рыгораўны, 1923 г.н.). У мясцовай традыцыі в. Перавалока Рэчыцкага р-на таксама “ведзьма можа быць і чалавекам, і катом, і кабылай, і варонай, і парасёнкам, можа ў столб перавярнуцца” (запісана ад Канавалавай Марыі Трафімаўны, 1932 г.н.). Паводле ўяўленняў жыхароў г. Гомеля, ведзьма валодала здольнасцю ператварацца і ў жабу, і ў свінню (запісана ад Баранавай Валянціны Міхайлаўны, 1931 г.н.). У мясцовай традыцыі в. Агародня-Гомельская Добрушскага р-на ведзьма магла скідвацца і катом, і сабакам, і свіннёй, і вужом, і жабай, і калясом, а паводле ўспамінаў жыхароў г. Добруш “ведзьмы могуць з’яўляцца ў выглядзе жывёлы і птушкі: свіння, конь, карова, мыш, варона, сарока, вуж, гадзюка і ў выглядзе прадметаў: палка, куст, калясо, рэшата, ком” (запісана ад Брычанка Марыі Міхайлаўны, 1932 г.н.).

Адносна генезісу ведзьмы дакладных версій не існуе. На думку Л.Вінаградавай, што ведзьма “мае адносіны да чорта – тады гэта “вучоныя” ведзьмы, але ёсць і “родимые”, якія нарадзіліся ад маці-ведзьмы” [2, с. 233]. Паводле мясцовых звестак, “ведзьмай становіцца жэншчына, каторая знаецца з нячыстай сілай” (в. Шырокае Буда-Кашалёўскага р-на), “ведзьма – злая жанчына, хаўрусніца дзьявала» (в. Перавалока Рэчыцкага р-на), “ведзьма – нячысты дух, ведзьмы жывуць разам з чарцямі (в. Целяшы Гомельскага р-на), “ведзьма тожа адносіцца да нячысцікаў, гэта злая калдунья, ведзьмы хадзілі ў чалавечым абліччы” (г.п. Капаткевічы Петрыкаўскага р-на), “злая чараўніца ў чалавечым абліччы” (в. Ударнае Лельчыцкага р-на), “ведзьма – злая чараўніца, надзеленая незвычайнымі здольнасцямі. Яна звязана і з людзьмі, і з нячысцікамі” (в. Бялёў Жыткавіцкага р-на), “ведзьма – злая жэншчына, хаўрусніца дзьявала” (в. Перавалока Рэчыцкага р-на), “ведзьмы – гэта нячыстая сіла, яны – обаратні, яна прадае сваю душу нячыстай сіле, дзьявалу” (в. Азершчына Рэчыцкага р-на), “калдуння – гэта ведзьма. Яны палюбоўніцы і памошніцы чорта” (в. Матнявічы Чачэрскага р-на), “ведзьмай бывае як мужчына, так і жанчына, гэта людзі, якія належаць нячыстай сіле” (в. Будаўнік Хойніцкага р-на), “ведзьма – гэта такая жанчына, якая паддалася спакусам д’ябла. Яна многа награшыла і ўвайшла ў цесную сувязь з дэманам” (п. Куляшова Буда-Кашалёўскага р-на), “ведзьма – гэта жэншчына, каторая очэнь награшыла, … яна з д’явалам мае кантакт” (в. Лазараўка Рэчыцкага р-на), “ведзьмы – эта жэншчыны, якія водзяцца з чортам” (в. Салтанава Рэчыцкага р-на), “ведзьма – гэта такая жанчына, каханка чорта. Яна прадала яму душу за тое, каб умець калдаваць і каб чорт спаў з ёю” (в. Грабаўка Гомельскага р-на), “ведзьма – ето жанчына, яка знаецца з нячыстай сілаю” (в. Глушкавічы Лельчыцкага р-на).

Зыходзячы з вышэйпрыведзеных сведчанняў, можна зрабіць вывад, што надзвычай устойлівымі з’яўляюцца вераванні, звязаныя са з’яўленнем звыш­на­туральных уласцівасцей ведзьмы ў выніку яе цеснага саюза з чортам. “Але канчаткова жанчына стане ведзьмай, калі пазнаёміцца з чортам. Чорт або ўсяляецца ў яе, або паступае да яе на службу, або вядзе сумеснае з ёй жыццё, але абавязкова заключае з ёй дагавор, згодна з якім душа ведзьмы пасля яе смерці дастаецца чорту” [4, с. 359].

Час актывізацыі ведзьмы – гэта Купалле, Юр’еў дзень, Вялікдзень, Зялёныя святкі. Асабліва шмат міфічных гісторый прыгадваюць інфарматары пра дзеянні ведзьмы ў купальскую ноч: “У нашай вёсцы была такая жанчына, умесце работалі, радам жылі, а калі прыходзіць Іван Купала, то яна скідаецца сабакам і бегае па дварах” (в. Хутар Светлагорскага р-на), “у ноч на Івана Купалу ведзьмы выходзяць і дзелаюць людзям плахое” (в. Пакалюбічы Гомельскага р-на), “ведзьма адбірае малако ў кароў на празнік Іван Купала” (г.п. Акцябрскі) і інш.

Сярод функцый, якія выконвае ведзьма, найбольш пашыраныя, паводле фактычных матэрыялаў, такія, як адбіранне малака ў кароў, насыланне шкоды людзям, жывёлам і інш. Шэраг павер’яў знаёміць з другараднымі дзеяннямі, якія выконваюць ведзьмы: гэта здольнасць выклікаць розныя стыхійныя прыродныя з’явы, ператвараць чалавека ў жывёлу і інш. Звернемся непасрэдна да запісаў. У розных лакальных традыцыях карціна бытавання павер’яў, звязаных з функцыянальнасцю ведзьмы, мае даволі пярэсты характар: яна можа, напрыклад, запаліць хлеў у таго чалавека, з якім пасварылася (п. Куляшова Буда-Кашалёўскага р-на); навесці на чалавека “порчу” (“Ведзьмы толькі пакасцяць. Яны дажэ вот могуць нагнаць на чалавека порчу, калі яго дзе ўбачаць. А могуць, і не бачыўшы, па фатаграфіі” – в. Чырвоны Бераг Жлобінскага р-на); адмоўна паўплываць на якасць малака (“Калі ведзьма паглядзіць на малако, то яно ўкісне, а калі паглядзіць на карову, тады карова малака не дасць” – в. Лазараўка Рэчыцкага р-на); наслаць на чалавека і яго блізкіх хваробу (п. Арол Лоеўскага р-на), пашкодзіць жыта (“...пасярод поля стаіць звязаны пук каласоў, а самі галоўкі з зернем заломаны і пяском прысыпаны. Ну, дзеўкі хацелі яго, гэты пук, зрэзаць, а адна жанчына падышла і сказала, каб мы не чапалі, бо гэта ведзьмін залом” – п. Арол Лоеўскага р-на); знішчыць ураджайнасць зерневых культур (“Могуць нагнаць балезні на чалавека ці неўраджай дажа на ўсю дзярэўню” – в. Марусенька Жлобінскага р-на); ператварыць чалавека “у розныя істоты (мядзведзя, ваўка, ястраба, жабу)” – в. Маладуша Рэчыцкага р-на; давесці да смерці (“Гэтыя істоты дзелаюць усякае: каб чалавек памёр...” – в. Востраў Рагачоўскага р-на); “зводзяць у магілу” – в. Баршчоўка Добрушскага р-на і інш.

У розных вёсках Гомельшчыны зафіксаваны цікавыя гісторыі пра ператварэнні ведзьмы. Найбольшая колькасць павер’яў паказвае метамарфозы гэтага персанажа ў дачыненні да такой істоты, як свіння: “I вот выйшлі яны на вуліцу і пасыпалі ўдоўж вуліцы мялля (што лён мялі), калі будуць ісці каровы з паствы, карова, у якой хазяйка – ведзьма, не пойдзе праз гэта мяллё. І ў гэты час выбягае свіння з двара, што быў радам з імі” (в. Бабічы Чачэрскага р-на); “ведзьмы дзелаліся свіннямі” (в. Азершчына Рэчыцкага р-на); “ведзьма можа быць свіннёй, вужом, капой сена” (г. Ветка) і інш. Факт набыцця ведзьмай вобліку якой-небудзь жывёлы або птушкі знайшоў шырокае пацвярджэнне ў сучасных запісах: “Яна можа ператварыцца ў кошку, сабаку, свінню” (в. Баршчоўка Добрушскага р-на), “Маці расказвала, што калі яна была маленькая, то ў іх вёсцы жыла ведзьма. Яна ператваралася ў карову, свінню” (в. Кашалёў Буда-Кашалёўскага р-на), “Преврашчалісь в чорных сабак, чорных катоў” (в. Стараселле Шклоўскага р-на Магілёўскай вобл.), “Слыхала, што ведзьма можа дзелацца мышшу, чорнай кошкай, воранам” (г. Горкі Магілёўскай вобл.), “Аж у 12 часоў бачыць: жаба здаровая скача. Падскочыла да вумя, павісла на дойцы і малако ссе” (в. Чамярысы Брагінскага р-на), “На нейкае свята жанчына заўважыла ў сваім хляве ластаўку ці, можа, іншую пцічку, якая нагадвала ластаўку…і, выганяючы яе, ударыла гэтай пцічцы па назе. На другі дзень адна з жанчын у вёсцы выйшла на вуліцу і стала кульгаць на тую нагу, па якой учора ўдарылі пцічку. Тады ўсе здагадаліся, што гэта была ведзьма” (в. Ламавічы Акцябрскага р-на), “Ведзьма спасобна прыўрашчацца ў чорную кошку, сабаку ілі курыцу” (в. Шырокае Буда-Кашалёўскага р-на), “Ведзьмы бываюць разныя. Яны могуць прэврашчацца ў катоў, сабак, свінней” (в. Хутар Светлагорскага р-на), “Ведзьмы могуць і ў катоў, і ў сабак, і ў каней, і ў вужак ператварацца” (в. Лужок Кармянскага р-на), “Яна можа аб­ра­ціц­ца ў сабаку, ката, калясо, чорную свінню” (в. Рэчыца Столінскага р-на Брэсцкай вобласці).

Найбольшай колькасцю мясцовых сведчанняў інфарматараў адрозніваецца матыў ператварэння ведзьмы ў свінню і кошку: в. Пакалюбічы Гомельскага р-на, в. Новы Макрэц Брагінскага р-на, в. Шырокае Буда-Кашалёўскага р-на, в. Сямёнаўка Рэчыцкага р-на, в. Хутар Светлагорскага р-на, г. Жлобін, в. Старое Сяло Веткаўскага р-на, в. Васільеўка Добрушскага р-на, п. Кавалёў Рог Чачэрскага р-на, в. Глазаўка Буда-Кашалёўскага р-на, в. Бабоўка Жлобінскага р-на, в. Неглюбка Веткаўскага р-на, в. Азершчына Рэчыцкага р-на і інш.

Як засцерагаліся ад ведзьмаў? На гэтае пытанне ў розных вёсках былі атрыманы цікавыя адказы. Яны дазволілі правесці класіфікацыю павер’яў у сувязі з тымі дзеяннямі, якія выконваліся. У в. Сівенка Веткаўскага р-на засцерагаліся ад ведзьмы, праносячы “васьмёркай над сталом перад выганам каровы спечаную булку хлеба”. У р.п. Бальшавік Гомельскага р-на “клалі ў вокнах хаты крапіву як сродак супраць чараў ведзьмы, вешалі ў хлеў забітую сароку”. Каб ведзьма не адабрала малако ад каровы, “трэба было ў цадзілку пакласці 3 іголкі, а потым малако праз калітку выліць” (в. Губарэвічы Хойніцкага р-на). Каб засцерагчы дамашнюю жывёлу ад яе шкоднага ўплыву, “трэба ў вербную нядзелю пабіць карову свяцонай вярбой, у чысты чацвер падразаць карове хвост і вешаць яго пад страху хлява” (в. Хуснае Петрыкаўскага р-на), “Калісь ведзьмаў было многа. Абараняцца ад іх малітвай на­да. Бабка-шаптуха паводзе па галаве крэстом, пашэпча, падуе і добра становіцца” (г. Ветка), “А яшчэ ад ведзьмінага калдаўства клалі на вароты крапіву, так­са­ма секлі асінавыя дровы, няслі іх на скрыжаванне дарог і палілі. А над агнём сушылі цадзіл­ку. Вось тады прыбягала ведзьма, бо ёй было дрэнна” (в. Новыя Грамыкі Веткаўскага р-на), “А на ўсю­ноч­ную людзі ад каліткі хадзілі з пасвечонай соллю і з макам паўз забор. Нада бы­ла так прайсці тры разы” (в. Новы Мір Веткаўскага р-на), “Каб засцярэгчыся ад дзеянняў ведзьмы, трэба пакласці перад хлевам ба­ра­ну, паставіць у хлеў пасвечаную ў царкве свечку, асінавае дрэва, ці павесіць там жа забітую сароку, пакласці на парозе хлява серп ці касу, абсыпаць карову пас­вя­чо­ным макам. Пасля сказаць замову” (г. Добруш), “Адпомсціць ведзьме можна макам-відуном, ён ад­га­няе сілу” (в. Радуша Жыткавіцкага р-на).

У рускай міфалагічнай традыцыі “для засцярогі ад ведзьмы ўжывалі звычайныя абярэгі. Каб не даць ёй пранікнуць у хлеў або ў дом, на варотах і страсе хлява ўмацоўвалі свечку, пасвечаную на “Сретенье” касу; зубы бараны; нож; утыкалі калючыя і пякучыя расліны, асабліва крапіву; каля дзвярэй ставілі перавернутыя венік, вілкі. Пад парог хлява таксама клалі вострыя і калючыя прадметы: сякеру, нож або касу. Усё гэта рабілася з надзеяй на тое, што ведзьма, спрабуючы пранікнуць у хлеў, парэжыцца аб гэтыя прадметы або апячэцца крапівой. Вакол хлява і дома напярэдадні вялікіх святаў касой абводзілі кола, за межы якога, як лічылі, ведзьма не зможа пранікнуць; а таксама абсыпалі пасвечаным макам або просам, мяркуючы, што ведзьма толькі тады зможа прабрацца ўнутр памяшкання, калі збярэ або пералічыць па аднаму ўсе зярняты” [1, с. 378-379]. Паводле павер’яў беларусаў, “ведзьму можна падсмаліць грамнічнай свечкай, закласці шляхі яе пранікнення крапівой-жыгучкай, чартапалохам, калючкамі, параніць…” [3, с. 74]. У кнізе “ Народная демонология Полесья: публикации текстов в записях 80-90-х гг. XХ века”, паводле назіранняў Л.М. Вінаградавай і праведзеных ёю абагульненняў, вылучаны тры блокі палескіх матываў, звязаных з ведзьмай: “1. Паводзіны ведзьмы як шкаданоснай у адносінах да чалавека істоты; 2. Прыметы ведзьмы як дэманічнага персанажа; 3. Паводзіны чалавека, які спрабуе распазнаць сельскіх ведзьмаў, улічыць іх, абясшкодзіць, або пакараць. Для першага кола найбольш тыповымі аказваюцца матывы адбірання малака і іншых гаспадарчых даброт, насылання псоты, стыхійных бедстваў, праследаванняў чалавека; для другога – матывы пярэваратніцтва, сувязі з нячыстай сілай, цяжкай смерці, актывізацыі ў пэўныя каляндарныя тэрміны. Для трэцяга – аповеды аб тым, што чалавек калечыць жывёлу-пярэваратня і затым распазнае ведзьму па характары калецтва; паўтарае дзеянні ведзьмы, якая збірае расу і затым не можа справіцца з патокам малака ў сябе дома; прадпрымае намаганні для распазнання ведзьмы (у час царкоўнай службы, па паводзінах ведзьмінай каровы каля купальскага кастра і інш.)” [4, с. 38-39].

Як бачым, шматстайнасць варыянтаў былічак і павер’яў даносіць да нас водгукі поглядаў нашых продкаў на свет, прыроду, сведчыць аб “заземленасці беларускай міфалогіі” [5, с. 15]. Запісаныя звесткі пашыраюць нашы ўяўленні аб тым месцы, дзе мы жывём, падкрэсліваюць багацце працэсаў лакалізацыі міфічнай традыцыі, звязанай з персанажам ведзьмы.